Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: “Тое, што Ярмошына кіруе ЦВК — выклік грамадзтву”


Мапа маніторынгу

Мапа маніторынгу

Праваабаронцы Беларускага Хэльсынскага камітэту і цэнтру «Вясна» назвалі «неспрыяльнымі» стартавыя ўмовы для выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

16 верасьня праваабаронцы БХК і «Вясны» далі старт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Яе мэта, паводле кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, — правесьці доўгатэрміновае назіраньне як за трохмесячнай перадвыбарчай кампаніяй, гэтак і за падзеямі непасрэдна ў дзень выбараў 19 сьнежня. Паводле Алеся Бяляцкага, умовы для выбараў не адпавядаюць дэмакратычным стандартам, прынятым у Эўропе:

Алесь Бяляцкі
"Ня будзем загадзя прадказваць ход выбарчай кампаніі, але мусім канстатаваць, што ўмовы для пачатку выбараў, мякка кажучы, неспрыяльныя«.

Праваабаронца кажа пра залежнасьць судовай і заканадаўчай галінаў ад выканаўчай улады, пра ўзмацненьне ціску на актывістаў грамадзкай супольнасьці і на незалежныя мэдыі. Паводле Алеся Бяляцкага, улады мэтанакіравана падтрымліваюць «пэўны ўзровень страху», каб зьніжаць грамадзкую актыўнасьць.

Пра тое, як будзе наладжана назіраньне за выбарчай кампаніяй і непасрэдна выбарамі, распавёў праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
"За доўгатэрміновай выбарчай кампаніяй будуць назіраць 80 нашых назіральнікаў, якіх зарэгіструюць у тэрытарыяльных выбарчых камісіях. У нас будзе даволі рэпрэзэнтатыўны зрэз па ўсёй краіне. Гэтыя назіральнікі штотыдня будуць даваць зьвесткі пра тое, як ідзе выбарчы працэс, і даваць паэтапныя справаздачы. А падчас датэрміновага галасаваньня і ў асноўны дзень выбараў будуць працаваць гэтак званыя кароткатэрміновыя назіральнікі. Мы ставім задачу задзейнічаць сама меней 600 чалавек і плянуем назіраць на 300 выбарчых участках".

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак ня бачыць прыкметаў таго, што выбары прэзыдэнта ў Беларусі пройдуць дэмакратычна. Улады заяўлялі пра трывалую працу над удасканаленьнем выбарчага закону, але заўважных зьменаў да лепшага, на думку праваабаронцы, не адбылося. Алег Гулак прывёў у прыклад працэдуру падліку галасоў:

Алег Гулак
"Зараз у Цэнтравыбаркаму ёсьць магчымасьць у сваіх мэтадычных рэкамэндацыях расьпісаць працэдуру арганізацыі падліку галасоў. Пра што мы іх прасілі на мінулых і на пазамінулых выбарах. Але спадарыня Ярмошына адказвае, што як камісія арганізуе падлік — гэта справа самой камісіі. У выніку Цэнтравыбаркам пагаджаецца з, на маю думку, незаконнай практыкай, калі сябры камісіі лічаць галасы паасобку, і калі яны падпісваюць выніковы пратакол, то насамрэч усіх лічбаў ня ведаюць, бо іх ня бачылі — кожны ведае толькі тое, што ён палічыў. Як атрымаўся агульны вынік, ніводзін зь сяброў камісіі ня ведае. Яны падпісваюць тое, чаго ня бачылі. Гэта можна назваць гульнёй у напарсткі, а можна — службовым падлогам«.

Праваабаронцы перакананыя, што пасьля 16 гадоў улады ў выбарах на прэзыдэнта зноў будзе ўдзельнічаць Аляксандар Лукашэнка. На думку праваабаронцаў, парушэньне прынцыпу ратацыі вышэйшай выканаўчай улады зьніштажае сутнасьць і карысьць дэмакратыі. Ці варта ставіць такія ж патрабаваньні да кіраўніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіі? Праваабаронцы нагадалі, што старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына была абвешчаная неўязной у Эўропу:

«Гэта ўнікальнае пакараньне, такі „мэдаль“, які павесіў ёй Эўразьвяз менавіта за яе дзейнасьць па правядзеньні выбарчых кампаній. І тое, што Ярмошына застаецца старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі, ёсьць чарговым выклікам грамадзтву, празрыстасьці, дэмакратычнасьці і незалежнасьці выбарчага працэсу».
XS
SM
MD
LG