Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь накіруе ў Расею адпрацаванае ядзернае паліва


Беларусь цягам паўтара месяца вывезе ў Расею адпрацаванае ядзернае паліва, якое было набыта ў рэспубліцы ў савецкі пэрыяд.

Пра гэта паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік інстытуту "Сосны" Алій Малыхін журналістам у Менску, перадае Інтэрфакс.

"У Беларусі ёсьць адпрацаванае ядзернае паліва, якое ўтварылася яшчэ з часоў стварэньня намі перасоўнага ядзернага рэактара "Памір". Пасьля 20 гадоў беспасьпяховых перамоваў мы дасягнулі дамоўленасьцяў з Расеяй і зараз вывозім яго туды", — сказаў А. Малыхін.

Паводле ягоных слоў, фінансуецца гэтая праца за кошт сродкаў, выдзеленых ЗША. "Цяпер ідзе загрузка паліва ў касэты, і на працягу паўтара месяца пытаньне з вывазам будзе закрыта", — сказаў А. Малыхін.

Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў кіляграмаў адпрацаванага ядзернага паліва.

Вядучы навуковы супрацоўнік інстытуту таксама паведаміў, што ў Беларусі назапашана каля 2 тон урану розных характарыстык. Гэтыя запасы ўтварыліся ў пэрыяд з 1954 па 1987 гады.
XS
SM
MD
LG