Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: "Ніякія яны не апазыцыянэры. Яны — ворагі народу"


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі зрабіў шэраг заяваў — пра апазыцыю, падвышэньне заробку, альтэрнатыўныя пастаўкі энэрганосьбітаў, палітычныя партыі і пра сваё прэзыдэнцтва.








"Ня трэба мне прэзыдэнцтва, калі людзі будуць думаць, што да іх паддобрываюцца"

Аляксандар Лукашэнка назваў беларускую апазыцыю ворагамі народу.

"Ніякія яны не апазыцыянэры. Яны — ворагі народу. Дзе толькі можна горш зрабіць для дзяржавы — яны там. Учора Эўропа, Амэрыка на нас ціснула — яны там. Сёньня Расея цісьне — яны там", — заявіў А. Лукашэнка.

Ён лічыць беспадстаўнымі папрокі з боку апазыцыі ў тым, што ўлада перад выбарамі паддобрываецца да народу, павышаючы заробак.

Удакладніўшы ў прэм'ер-міністра краіны Сяргея Сідорскага, А. Лукашэнка заявіў:

"18 разоў мы зьвярталіся да гэтай тэмы за гэтыя пяць гадоў. Таму сьцішцеся. Мы ўжо ў 19-ы раз ідзем на гэта".

Ён заявіў: "Людзі ня лічаць, што іх нехта купляе".

"Ня трэба мне прэзыдэнцтва, калі людзі будуць думаць, што да іх паддобрываюцца".


А. Лукашэнка лічыць папулізмам заявы сваіх апанэнтаў на тэму эканамічнага разьвіцьця

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прапановы апанэнтаў улады што да пытаньняў эканамічнага разьвіцьця краіны і павышэньня дабрабыту людзей грунтуюцца на папулізьме.

Ён адзначыў: "Мы не будуем паветраных замкаў, не прыдумляем гучных папулісцкіх лёзунгаў, каб спадабацца людзям. Хацелася б зрабіць усё хутчэй: і заробак людзям даць большы, і стыпэндыі падняць, і бясплатным жыльлём забясьпечыць усіх ахвотных. Але ўсе гэтыя гады ўлада была шчырая перад народам і брала на сябе толькі тыя абавязаньні, у выкананьні якіх была ўпэўненая".

Кіраўнік краіны адзначыў, што "ўздыму эканомікі трэба надаць больш магутны імпульс". У прыватнасьці, трэба за пяцігодзьдзе павялічыць амаль у 1,7 раза валавы ўнутраны прадукт, больш чым на траціну — колькасьць новых і мадэрнізаваных працоўных месцаў, забясьпечыць кардынальны рост прадукцыйнасьці працы.

Паводле А. Лукашэнкі, "менавіта на гэтай аснове грунтуюцца нашы прагнозы аб значным падвышэньні заробкаў і рэальных даходаў насельніцтва ў цэлым. Прыярытэтная задача ўлады — каб якасьць жыцьця людзей ні ў чым не саступала эўрапейскаму ўзроўню".


Лукашэнка заклікаў дзяржаўных службоўцаў быць сьціплейшымі ў сваіх жаданьнях павышэньня заробкаў

"Дзяржслужбоўцам трэба быць сьціплейшымі. Трэба адпаведна зьмяншаць свае апэтыты".

А. Лукашэнка дадаў, што калі дзяржслужбоўцы хочуць вялікага заробку, то мэтазгодна гэта рабіць за кошт скарачэньня іх колькасьці.

"Замест ста чалавек у райвыканкаме пакіньце 70, а астатнім за кошт гэтага даплочваць".

"Няма чаго выдумляць і падкідаць тэзісы з-за мяжы, якой павінна быць грамадзянская супольнасьць"

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што ня мае намеру ўмешвацца ў працэс стварэньня палітычных партый і грамадзкіх арганізацый у краіне, ладзячы "партыйныя гульні".

"Я ня буду ўмешвацца ў гэтыя працэсы", — сказаў А. Лукашэнка, выступаючы на зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, перадае Інтэрфакс.

"Я паставіў задачу так, каб грамадзкія арганізацыі і партыі варыліся ва ўласным катле. Усё павінна выкрышталізавацца само па сабе", — выказаўся кіраўнік краіны.

А. Лукашэнка адзначыў, што яму падкідалі ідэі "пагуляць у партыйнае будаўніцтва", стварыць у краіне падкантрольную партыю.

"Мы ведаем, да чаго прыводзяць падобныя гульні", — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Наконт грамадзкага аб'яднаньня "Белая Русь" А. Лукашэнка заўважыў: ён заўсёды папярэджвае, што гэтая арганізацыя не павінны быць "прытулкам для чыноўнікаў". "Ня трэба ўмешвацца ў гэтую арганізацыю", — сказаў прэзыдэнт.

А. Лукашэнка мае намер у будучыні больш аддаваць увагі зносінам і працы з грамадзкімі арганізацыямі, партыямі ў краіне, і асабліва з тымі асноўнымі стаўпамі, на якіх грунтуецца грамадзтва — мясцовыя Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, грамадзкія аб'яднаньні моладзі, жанчын, вэтэранаў. Ён адзначыў, што гэтыя стаўпы "зьяўляюцца асновай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі".

"Няма чаго выдумляць і падкідаць нам тэзісы з-за мяжы, якой павінна быць грамадзянская супольнасьць".

Паводле А. Лукашэнкі, грамадзянская супольнасьць у Беларусі будзе фармавацца, зыходзячы з рэаліяў у краіне.


"Беларусі перашкаджаюць рэалізаваць альтэрнатыўныя пастаўкі энэрганосьбіта"

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў аб спробах перашкодзіць Беларусі ў рэалізацыі праектаў па альтэрнатыўных пастаўках нафты і газу ў краіну.

"Нам трэба шукаць альтэрнатыву. Мы знайшлі альтэрнатыву, але ўсе становяцца ўпоперак, тыя, хто ня хоча гэтай альтэрнатывы", — заявіў А. Лукашэнка, выступаючы на зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — "Мы знайшлі шляхі танных паставак нафты і газу ў Беларусь. І тут жа ўключыўся вядомы зьнешні рычаг".

Паводле ягоных слоў, "паражняком стаяць трубы, яны не працуюць, але яны блякуюцца па пастаўках вуглевадароднай сыравіны". Тым больш што "існуючыя газавыя і нафтавыя артэрыі былога Савецкага Саюзу — вы ведаеце, у каго ў руках".

А. Лукашэнка падкрэсьліў, што "мы павінны паставіць свае артэрыі, але адысьці ад залежнасьці, калі хочам быць дзяржавай".

"Гэта вельмі дорага каштуе, але я вам казаў раней, што незалежнасьць і сувэрэнітэт каштуюць вельмі дорага".




Раней старшыня ФПБ Леанід Козік заявіў, што яго арганізацыя падтрымае Аляксандра Лукашэнку ў выпадку яго вылучэньня кандыдатам на пасаду кіраўніка краіны.

"Я яшчэ ў сьнежні сказаў, што ФПБ падтрымлівае дзейнага кіраўніка дзяржавы, у траўні - што калі трэба, мы зьбяром і подпісы ў яго падтрымку. Я ведаю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку шмат гадоў, я сам чалавек ад сахі, ад такарных станка, я слухаю і астатніх прэтэндэнтаў і ня бачу ад іх рэальных спраў ", - сказаў журналістам Л. Козік.

"Няўжо вы думаеце, што я буду агітаваць прафсаюзы за таго, хто проста боўтаецца", - працягнуў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG