Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія крамы ня могуць цалкам задаволіць спажывецкі попыт на масла. Гандляры тлумачаць сытуацыю тым, што вытворцы скарацілі пастаўкі. Найвастрэй дэфіцыт адчуваецца ў гэтак званых спальных раёнах. Іхнія жыхары мусяць шукаць харч у цэнтральных крамах гораду.

"На працягу двух тыдняў на малочным камбінаце было недастаткова гэтай прадукцыі. Яны нам пастаўлялі яе ў няпоўным аб’ёме. Мы, напрыклад, замаўляем сем-восем скрыняў, а яны нам даюць усяго дзьве. Таму да абеду, да трэцяй гадзіны дня, усё масла прадавалася. Ажыятаж быў ня толькі ў нас. Ён быў па ўсіх крамах. Вы ж ведаеце: ледзь якая шуміха, людзі пачынаюць разьмятаць усё",-- паведаміла загадчыца адной з крамаў спальнага раёну.

У цэнтральных крамах гораду масла ёсьць, аднак ягоны асартымэнт стаў бяднейшы ўдвая:

"Я б не сказала, што гэта вялікая праблема. Плян мы выконваем. Мы замаўляем, але нам даюць няпоўны аб’ём. Няпоўны асартымэнт яны пастаўляюць. Раней у нас было дзесяць найменьняў, а цяпер — пяць", прызнае загадчыца адной з цэнтральных крамаў Магілёва.

Крамнікі сьцьвярджаюць, што магілёўскае масла пачалі вывозіць у пацярпелыя ад пажараў расейскія рэгіёны.

Вытворцы сваёй віны ў стварэньні дэфіцыту не прызнаюць і заяўляюць, што пастаўляюць масла ў тым аб’ёме, які ў іх замаўляюць гандляры.

Аблвыканкам тым часам вінаваціць у нястачы масла пастаўшчыкоў зь іншых рэгіёнаў Беларусі, якія недапастаўляюць харчу да дваццаці працэнтаў ад ранейшых аб’ёмаў.

"Сёньня рынак Расеі свабодны, таму ўсе хочуць зарабіць валюты, палепшыць сваё фінансавае становішча", — апраўдваюцца чыноўнікі.

Як удалося высьветліць, крамнікаў абавязалі не дапускаць, каб пакупнікі скуплялі масла дзясяткамі пачак.

Тым часам у Магілёве ўжо больш як тры тыдні застаецца дэфіцытам грэчка. Чыноўнікі абяцаюць, што яна вось-вось зьявіцца, праўда, у два разы даражэйшая. Яе кошт будзе сягаць шасьці тысяч рублёў за кіляграм. У дадэфіцытны час грэчка каштавала тры тысячы.
XS
SM
MD
LG