Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

600 незалежных назіральнікаў гатовыя да працы


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

16 верасьня сябры кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” афіцыйна абвесьцяць аб пачатку маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Пасьля абвяшчэньня даты выбараў, якія прызначаны на 19 сьнежня, “Беларускі Хэльсынскі камітэт” і незарэгістраваны ўладамі праваабарончы цэнтар “Вясна” пачалі маніторынг выбарчай кампаніі. Пра гэта яны маюць абвясьціць сёньня падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі.

"У нас будуць доўгатэрміновыя назіральнікі, зарэгістраваныя ў абласных і гарадзкіх тэрытарыяльных камісіях, якія будуць адсочваць усе этапы выбарчага працэсу. Пачынаючы з фармаваньня тэрытарыяльных камісій і заканчваючы падвядзеньнем вынікаў галасаваньня, – распавёў юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч. – І будуць зарэгістраваныя кароткатэрміновыя назіральнікі на ўчастках. Мы плянуем як мінімум 300 участкаў назіраць падчас датэрміновага галасаваньня і ў дзень галасаваньня. І асаблівую ўвагу хочам надзяляць яўцы. Мы такую ставім задачу назіральнікам, каб яны лічылі выбарцаў па галовах, бо мы падазраём, што можа быць вельмі моцна завышана яўка, ці наогул могуць быць маніпуляцыі зь яўкай".
Мы ставім задачу назіральнікам, каб яны лічылі выбарцаў па галовах, бо падазраём, што могуць быць маніпуляцыі зь яўкай

У адрозьненьне ад мінулых выбарчых кампаній, сёлета праваабаронцы плянуюць зрабіць маніторынг масавым і прыцягнуць да працы ня менш за 600 назіральнікаў. Хаця ахапіць усе выбарчыя ўчасткі немагчыма, назіраньне нават на 300 зь іх дасьць магчымасьць казаць пра агульнанацыянальныя тэндэнцыі. Праваабаронцы заяўляюць, што робяць незалежную, незаангажаваную кампанію назіраньня. Гэта азначае, што яны не прадстаўляюць якіх-кольвек будучых кандыдатаў ці палітычных суб'ектаў. Іх галоўная мэта — даць ацэнку выбарчаму працэсу з пункту гледжаньня яго дэмакратычнасьці, празрыстасьці і галоснасьці.

Нягледзячы на ўнесеныя зьмены ў выбарчае заканадаўства, з боку апазыцыі ўжо гучала крытыка, што яно не дазваляе свабодна назіраць за падлікам галасоў. Аднак Валянцін Стэфановіч сказаў, што маніторынг будзе весьціся выключна ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, а ўсе назіральнікі будуць рэгістравацца:
Наша выбарчае заканадаўства ў частцы правоў назіральнікаў не было зьмененае

"Наша выбарчае заканадаўства ў частцы правоў назіральнікаў не было зьмененае. І гэта вельмі моцна абмяжоўвае магчымасьці назіральніка, каб насамрэч назіраць і бачыць вельмі важныя выбарчыя этапы. Такія як, напрыклад, прысутнасьць падчас праверак подпісаў, прысутнасьць пры перадачы бюлетэняў і пратаколаў зь ніжэйстаячых участковых камісій у тэрытарыяльныя. Ну, і сам падлік галасоў вельмі цяжка адсочваць. Бо, на жаль, вельмі часта назіральніка адсаджваюць на вялікую адлегласьць. Вельмі часта адбываецца калектыўны падлік, калі ўся камісія лічыць, абступіўшы стол, назіральніку проста немагчыма нічога ўбачыць".

Праваабаронцы плянуюць рыхтаваць тыднёвыя справаздачы, аналітычныя даклады пасьля кожнага выбарчага этапу і праводзіць прэс-канфэрэнцыі. У інтэрнэце запрацуе банэр на сайтах "Вясны "і БХК. Незалежныя назіральнікі выказваюць гатоўнасьць працаваць у шчыльным кантакце зь іншымі, у тым ліку міжнароднымі назіральнікамі АБСЭ.
XS
SM
MD
LG