Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аматары пасядзець на канапе ці за працоўным сталом пазбаўляюць сябе некалькіх гадоў жыцьця — да такой высновы прыйшлі амэрыканскія адмыслоўцы, якія дасьледуюць атлусьценьне, анкалягічныя ды кардыялягічныя захворваньні.

Паводле доктара Алпы Пэтел з Амэрыканскага таварыства барацьбы з ракам, справа ня толькі ў шкодзе ад пасіўнага ладу жыцьця. Важна, чым заканчваецца ваш дзень, колькі вы седзіце перад самым сном.

Як паказалі дасьледаваньні, нават калі чалавек штораніцы бегае цэлую гадзіну, але рэшту дня праводзіць, седзячы на крэсьле або канапе, то ў яго істотна ўзрастаюць шанцы займець розныя сур’ёзныя захворваньні.

Доказам таму — вынікі 13-гадовага назіраньня за 123 тысячамі валянтэраў, апублікаваныя ў American Journal of Epidemiology. У жанчын, якія сядзелі больш за 6 гадзін у дзень, рызыка заўчаснай сьмерці выявілася на 37% вышэйшай у параўнаньні з тымі, хто праводзіў седзячы менш як 3 гадзіны ў дзень. У мужчын такі паказчык склаў 18%.
Для сур’ёзных зьменаў у мэтабалізьме дастаткова праседзець усяго адзін дзень.


Як сьведчыць прафэсар Пітэр Кацмажык (Peter Katzmarzyk) з Цэнтру біямэдычных дасьледаваньняў імя Пэнінгтана ў горадзе Батон-Руж (Луізіяна), "біялягічныя мэханізмы сядзеньня яшчэ цалкам ня высьветленыя, аднак, згодна зь некаторымі меркаваньнямі, такі лад жыцьця прыводзіць да вельмі грунтоўнага парушэньня мэтабалізму на ўзроўні мышцаў".

Маюцца на ўвазе шкодныя зьмены ў складзе крыві, гармонаў і ліпідаў, якія прыводзяць, сярод іншага, да атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца. Прычым, сьцьвярджае луізіянскі навуковец, для надыходу гэтых зьменаў дастаткова "праседзець усяго толькі адзін дзень".

Паводле прафэсара, "дзякуючы офіснай працы, аўтамабілям, сядзеньню на канапе перад тэлевізарам і іншым падобным звычкам праблемы сабе стварае пераважная большасьць сучасных людзей".

"Калі хтосьці кажа — ах, гэта драбяза, я чалавек спартыўны, амаль штодня займаюся спортам і гэтай далей, — я вымушаны яго расчараваць. Так, спорт карысны. Аднак ён не ўратуе вас ад шкоды, якую нясе звычка падоўгу сядзець. Гэта як курэньне і атлусьценьне. Шкодна, калі чалавек курыць пры атлусьценьні, але гэтаксама шкодна, калі ён курыць пры нармальнай вазе", кажа прафэсар Кацмажык.

Парады, як змагацца зь сядзеньнем


Навукоўцы перакананыя: пачынаць змагацца са шкоднай звычкай трэба неадкладна. Мэтады для гэтага досыць простыя.

  • Кіньце есьці ў офісе на працоўным месцы, а пачніце выходзіць на абед у горад. Шпацыр дапаможа мышцам актывізавацца.
  • Паспрабуйце дастаўляць паведамленьні калегам асабіста, а не праз электронную пошту.
  • Паспрабуйце часьцей уставаць з-за стала і хадзіць сама меней 16 сэкундаў. Такія перапынкі пажадана рабіць некалькі разоў на гадзіну.
  • Калі магчыма арганізаваць уласную рабочую прастору, плянуйце ўсялякага кшталту нязручнасьці — каб, напрыклад, прынтэр, вада і г.д. знаходзіліся далей ад стала. Гэта прымусіць вас больш хадзіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG