Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады аднаўляюць ціск на трэці сэктар, ліквідуючы недзяржаўныя арганізацыі


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў


Асамблея няўрадавых арганізацыяў прыняла заяву з нагоды ўзмацненьня ціску ўладаў на беларускую грамадзянскую супольнасьць. «Адной з найбольш сур’ёзных формаў такога ўціску зьяўляецца судовая ліквідацыя няўрадавых арганізацыяў. Мы вымушаныя з трывогай канстатаваць, што беларускія ўлады вяртаюцца да практыкі масавых ліквідацыяў некамэрцыйных арганізацыяў», — адзначаецца ў заяве.

З чым можна зьвязваць апошнюю практыку судовых ліквідацыяў і незаконных адмоваў у рэгістрацыі структурам трэцяга сэктару? Ці прыслухаюцца беларускія ўлады да рэкамэндацыяў ААН у гэтай сфэры? На гэтыя пытаньні адказвае юрыст і палітоляг Юры Чавусаў.

— У заяве прыводзіцца шэраг прыкладаў ліквідацыі арганізацыяў, якія раней былі зарэгістраваныя па заяўляльным прынцыпе ў форме ўстановаў. У прыватнасьці, была зьдзейсьненая судовая ліквідацыя ўстановы «Беларда», цяпер адбываюцца судовыя працэсы па ліквідацыі ўстановаў «Рух наперад» і «Правы альянс». З чым можна зьвязваць апошнюю практыку судовых ліквідацыяў і незаконных адмоваў у рэгістрацыі структурам грамадзянскай супольнасьці?

— Натуральна гэта зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі. Вядома, што палітычныя сілы Беларусі традыцыйна выкарыстоўваюць грамадзянскія структуры падчас выбарчых кампаніяў. Улады гэта цудоўна разумеюць, таму і ліквідуюць, адмаўляюць у рэгістрацыі, нішчаць праверкамі. І асабліва гэта актывізуецца падчас перадвыбарчай кампаніі.

Прычым ціск аказваецца як на арганізацыі, якія насамрэч заангажаваныя ў палітычныя кампаніі (ці нават адмыслова створаныя для гэтых мэтаў, як установа «Рух наперад», якая зьяўляецца апэратарам кампаніі «Гавары праўду»), так і на тыя структуры, якія непасрэдна ў выбарах не заангажаваныя. Але ўлады не разьбіраюцца. Яны фактычна ўвялі мараторый на рэгістрацыю новых арганізацыяў, зьнішчаюць іх судовымі пазовамі, перашкаджаюць працаваць іншымі спосабамі.

— 23 верасьня Рада па правах чалавека ААН мяркуе зацьвердзіць рэкамэндацыі па стане правоў чалавека ў Беларусі, у якіх, сярод іншага, беларускаму боку прапануецца ўстрымацца ад перасьледу няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку не ажыцьцяўляць іх дэлегалізацыю і скасаваць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу. Ці можна спадзявацца на тое, што меркаваньне міжнародных структураў паўплывае на тое, што гэтая прэзыдэнцкая кампанія пройдзе больш-менш памяркоўна?

— Калі ацэньваць гэтыя рэкамэндацыі Рады па правах чалавека ААН, то яны грунтуюцца на матэрыялах даволі вялізнага пэрыяду часу і, у прынцыпе, маглі б быць успрынятыя беларускім бокам не ў сытуацыі перадвыбарчай гістэрыі. Але мы бачым, што гэтая выбарчая кампанія будзе як ніколі напружаная. Таму наўрад ці можна казаць пра выкананьне гэтых рэкамэндацыяў падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Мяркую, што беларускі бок успрыме рэзалюцыю ААН у цэлым станоўча, але выконваць з асаблівым імпэтам ня будзе.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG