Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскаму прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву 14 верасьня споўнілася 45 гадоў. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не павіншаваў яго зь юбілеем, затое, на думку А.Зімоўскага, падрыхтаваў іншы "падарунак".

У прэсавай службе прэзыдэнта Беларусі па гэтым пытаньні захоўваюць маўчаньне. На афіцыйным сайце прэзыдэнта, дзе звычайна друкуюцца ўсе віншаваньні, такой інфармацыі няма. Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Я буду на гэты конт захоўваць маўчаньне. Далёка не заўсёды і ня ўсе дакумэнты ідуць у прэс-службу, таму я ўстрымаюся ад нейкіх камэнтароў на гэты конт. Можаце пацікавіцца ў прэс-службе прэзыдэнта Расеі".

У прэсавай службе расейскага прэзыдэнта сказалі, што калі б такое віншаваньне ад А.Лукашэнкі было, то яно было б на сайце. Паводле сайту прэзыдэнта Расеі, на адрас Дзьмітрыя Мядзьведзева паступілі шматлікія віншаваньні зь днём нараджэньня ад лідэраў замежных краін. Сярод іх віншаваньні па тэлефоне ад прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна, прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Сярод тых, хто патэлефанаваў, А.Лукашэнкі не было. У расейскай прэзыдэнцкай прэс-службе паведамілі:

"Афіцыйна віншаваньня не было. Афіцыйнага званка, тэлеграмы, віншаваньня не было".

Апошняе паведамленьне аб узаемным віншаваньні зь днём народзінаў А.Лукашэнкі і Дз.Мядзьведзева было ў 2008 годзе. Раней А.Лукашэнка віншаваў Дз.Мядзьведзева, калі той яшчэ займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. А на гэты раз не павіншаваў з 45-годзьдзем. Дарэчы, у эфіры Беларускага тэлебачаньня старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі паведаміў пра дзіўны падарунак:

Прызначэньне даты выбараў прэзыдэнта Беларусі — гэта яшчэ і сымбалічны падаруначак Дзьмітрыю Мядзьведзеву на дзень нараджэньня
"Інтрыга з вызначэньнем даты выбараў да агульнага задавальненьня вырашылася. Цяпер мы можам аналізаваць факты, а таксама мэты выбарчай кампаніі і стратэгіі іх дасягненьня ўсімі магчымымі кандыдатамі. Так, невялікая рэмарка. Прызначэньне даты выбараў прэзыдэнта Беларусі — гэта яшчэ і сымбалічны падаруначак Дзьмітрыю Мядзьведзеву на дзень нараджэньня. Але гэта так, дэталі".

Які падыход існуе ў віншаваньнях кіраўніка краіны зь днямі народзінаў і юбілеямі? Да прыкладу, сёлета кіраўнік Беларусі павіншаваў зь днём народзінаў прэзыдэнта ЗША Барака Абаму, хаця дата ў яго не юбілейная. Ён назваў Б.Абаму прынцыповым, дальнабачным і прагматычным палітыкам і выказаў упэўненасьць, што "сумеснымі намаганьнямі мы зможам напісаць якасна новую старонку беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў". Павал Лёгкі патлумачыў:

"Я не дыплямат і не па дыпляматычным ведамстве служу. Таму гэта агаворваецца выключна нормамі дыпляматычнай практыкі. Гэта пытаньне дыпляматычнай практыкі. Я са свайго боку ўстрымаюся ад нейкіх камэнтароў".

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае: калі Лукашэнка віншуе Абаму і не віншуе Мядзьведзева, відаць, паводле беларускага кіраўніцтва, стасункі з ЗША лепшыя, чым з Расеяй.

"Відавочна мае месца абвастрэньне ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Паміж Беларусьсю і ЗША цяпер абвастрэньня няма, хаця стасункі гэтыя стабільна вельмі кволыя".

Паводле расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, калі казаць палітычнай мовай, то гэта азначае, што стасункі паміж кіраўніцтвам дзьвюх краінаў перарваныя і знаходзяцца ў цяжкім палітычным крызісе.

"Гэта ня проста разыходжаньні. Для такога крызісу маюцца, відаць, сур'ёзныя, глыбокія палітычныя падставы. Гэта гаворыць пра тое, што палітыка дзьвюх краін проста не стыкуецца. Напэўна, у інтарэсах і беларускага і расейскага бакоў такі крызыс падтрымліваць. Па сутнасьці каляндарныя даты — гэта нагода некаторыя пытаньні нармалізаваць. А гэтага ня зроблена".





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG