Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кандыдатаў будзе асабісты грашовы фонд



Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на гэтых выбарах змогуць дадаткова купляць эфір на тэлебачаньні і радыё і выпускаць друкаваную прадукцыю. Такая магчымасьць зьявіцца ў іх пасьля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіць палажэньне аб індывідуальным выбарчым фондзе кандыдата ў прэзыдэнты. Пра гэта сёньня, адказваючы на пытаньне нашага радыё, паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК сказала, што парадак напаўненьня індывідуальнага выбарчага фонду яшчэ будзе вызначацца. Але асноўныя парамэтры ўжо вядомыя. Так, максымальны памер фонду ня можа перавышаць 3000 базавых велічынь. На сёньняшні дзень гэта 105 мільёнаў рублёў, альбо каля 35 тысяч даляраў.

Ёсьць і іншыя абмежаваньні, кажа Лідзія Ярмошына:

"Галоўная ўмова — што гэта спонсарскія грошы грамадзян і арганізацый Рэспублікі Беларусь. Замежныя сродкі (ад грамадзян, арганізацый альбо замежных дзяржаў), сродкі ад бюджэтных арганізацый альбо ад такіх, якія часткова фінансуюцца зь бюджэту, ад рэлігійных арганізацый у дадзеныя фонды паступаць не павінны і ня могуць".

Старшыня ЦВК патлумачыла, на якія мэты можна будзе скарыстаць грошы спонсараў:

"Гэта магчымасьць куплі дадатковага эфірнага часу, выраб дадатковай друкаванай прадукцыі, аплаты працы тых асобаў, якія будуць працаваць у перадвыбарных штабах кандыдатаў. І я спадзяюся, што гэта зробіць выбарчую кампанію кандыдатаў больш разнастайнай".

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты краіны Алесь Міхалевіч кажа: нягледзячы на шэраг абмежаваньняў, стварэньне асабістых фондаў — справа пазытыўная:

"Я лічу, што кандыдат павінен мець права выкарыстоўваць як свае асабістыя грошы, так і грошы тых людзей, якія яго падтрымліваюць, на вядзеньне выбарчай кампаніі. Дый усім, у прынцыпе, вядома, што кандыдаты раней так і рабілі. Але рабілі гэта нелегальна.

Дрэнна, што існуюць абмежаваньні. Можа быць абмежаваньне, колькі адзін чалавек альбо адна фірма могуць ахвяраваць у гэты фонд. З гэтым я яшчэ магу пагадзіцца. Але я супраць, каб былі абмежаваньні па аб'ёмах".

Яшчэ адна навацыя — кандыдаты ў прэзыдэнты цяпер мусяць прадстаўляць сьпіс сваіх ініцыятыўных групаў ня толькі ў папяровым варыянце, як гэта было раней, але абавязкова і ў электронным выглядзе. Гэта патрэбна для таго, каб ЦВК магла хутчэй падрыхтаваць пасьведчаньні сябраў ініцыятыўных групаў.

Згодна з зацьверджаным сёньня каляндарным плянам выбарчай кампаніі кандыдаты ў прэзыдэнты павінны перадаць сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў у ЦВК цягам дзесяці дзён з моманту афіцыйнага пачатку кампаніі. На сёньняшні дзень ніхто зь іх сваім правам яшчэ не скарыстаўся, сказаў Свабодзе сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG