Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня Ваўкавыскі раённы суд пакараў Міколу Кавальчука на 70 тысяч рублёў за тое, што той паспрабаваў усталяваць памятную дошку на доме Ларысы Геніюш. Мікола Кавальчук вінаватым сябе ня лічыць і мае намер абскардзіць рашэньне суду.

Памятную дошку Мікола Кавальчук усталяваў да 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш на доме, у якім тая нарадзілася ў Жлобаўцах, што недалёка ад Ваўкавыску. Цяпер гэты дом у Ваўкавыску на вуліцы Перамогі — сюды яго перавезьлі пасьля вайны.

Перад гэтым Мікола Кавальчук пісаў ліст у райвыканкам. У лісьце ён прасіў ва ўладаў дазволу ўсталяваць памятную дошку і запрашаў іх узяць удзел у гэтай справе. У райвыканкаме адмовілі. Тады ён пайшоў да людзей, якія жывуць у доме, і папрасіў на гэта дазволу ў іх.

У адной кватэры былі ня супраць усталяваньня памятнай дошкі, а ў другой запярэчылі. Таму дошку ўсталявалі на тым канцы хаты, дзе людзі пагадзіліся.

Як патлумачыў сёньня ў судзе Мікалай Кавальчук, ён зрабіў гэта з тае прычыны, што надышоў 100-гадовы юбілей ягонай зямлячкі і знакамітай паэткі, а ў райвыканкаме гэтую справу проста завалакіцілі. Мікалай Кавальчук нагадаў:

"Улады зьбіраліся зрабіць памятную дошку да юбілею Грунвальдзкай бітвы, і гэта робіцца ўжо амаль год, бо яны праходзяць працэдуру ўсталяваньня згодна з тым самым палажэньнем. І яны добра ведаюць пра гэта".

Мікалай Кавальчук патлумачыў, што, на ягоную думку, палажэньне гэтае тычыцца не ўсталяваньня шыльды, а яе вырабу. Ён жа дошку не вырабляў, а ўсталяваў уласную і запрасіў на адкрыцьцё прадстаўнікоў улады.

Урэшце, спадар Кавальчук заявіў, што зьявіўся ў суд як пацярпелы, бо сарвалі ягоную ўласнасьць і першы пратакол быў складзены менавіта так. Потым міліцыянты склалі другі пратакол, у якім ён абвінавачваўся ўжо ў самаўпраўстве — на той падставе, што парушыў палажэньне аб усталяваньні памятных знакаў.

Вельмі хацелася спадару Кавальчуку даведацца — хто і на якой падставе сарваў дошку, бо гэта, зь яго слоў, рабілі невядомыя людзі ў цывільным. Ён таксама прасіў суд патлумачыць, навошта ваўкавыская міліцыя ўзбройваліся аўтаматамі, калі да будынка падышлі людзі, якія прыехалі на адкрыцьцё памятнай дошкі. Усе гэтыя пытаньні засталіся па-за ўвагай суду.

Судзьдзя, абвяшчаючы рашэньне, сказала, што прысуд выносіцца мінімальны, паколькі не было прычынена вялікай матэрыяльнай шкоды. А таксама пастанавіла, каб дошку вярнулі ўладальніку.

Вось што сказаў нашаму радыё пасьля суду Мікалай Кавальчук:

Кавальчук: "Трэба было неяк закрыць гэтую справу, а яны бачылі, што вінаватыя і самі, паколькі гэта ўзброеная міліцыя і іншае… Дык каб затушаваць гэта, яны і прысудзілі мінімальна гэтыя 70 тысяч штрафу".

Спадар Кавальчук кажа, што судовае рашэньне ён будзе абскарджваць. А вось што сказалі пасьля суду прысутныя.

Спадар: "Беларусь як знаходзілася ў стане акупацыі, так і знаходзіцца, бо і Ларыса Геніюш, і Васіль Быкаў, і Алесь Адамовіч — яны адпіхваюцца гэтай дзяржавай. Ствараецца ўражаньне, што нейкія іншаплянэтнікі акупавалі нашу краіну і вытвараюць, што хочуць".

Другі спадар: "Фармальна ён нібыта нешта парушыў, але хто прыдумляе такія законы? Яны штампуюць іх кожны дзень самі для сябе. Думаю, яны бачаць гэта і ў іх неспакойнае сумленьне…"

На судзе прысутнічала прадстаўніца Ваўкавыскага райвыканкаму. Я запытаўся ў яе — ці зробяць нешта ваўкавыскія ўлады, каб ушанаваць памяць Ларысы Геніюш?

Спадарыня: "Я не магу адказаць. Я — галоўны спэцыяліст аддзелу, але я не прымаю рашэньня, а выконваю толькі тое, што мне даручана".

Мікалай Кавальчук на разьвітаньне сказаў:

"Я перакананы, што дошка будзе вісець на доме і памяць Ларысы Геніюш будзе ўвекавечана, я ў гэтым не сумняваюся".

Мікола Кавальчук паказвае, у якім месцы на доме Ларысы Геніюш была прымацаваная памятная дошка

Пасьля суду над Міколам Кавальчуком


Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG