Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Украінская дэмакратыя апошнім часам атрымала тры ўдары ад выканаўчай улады на чале з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам. Так лічыць Аляксандар Мотыль, прафэсар паліталёгіі Ратгерскага ўнівэрсытэту (Rutgers University-Newark) у ЗША, які пералічвае гэтыя удары ў сёньняшнім выданьні The Wall Street Journal.

Па-першае, 9 верасьня Кіеўская гарадзкая рада — ачольваная тагачасным кіраўніком, назначаным прэзыдэнтам Януковічам — ліквідавала раённыя гарадзкія рады, у якія жыхары ўкраінскай сталіцы выбіралі 750 дэпутатаў. Афіцыйным апраўданьнем ліквідацыі гэтай структуры быў намер зьменшыць кошты ўтрыманьня адміністрацыі сталіцы (у раённых радах былі занятыя 3,5 тысячы адміністрацыйных працаўнікоў).

Па-другое, 8 верасьня Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала і дапытвала цягам 14 гадзін гісторыка Руслана Забілага. Афіцыйнай прычынай допыту было цьверджаньне, што Забілы нібыта захоўвае ў сваім кампутэры сакрэтныя дзяржаўныя дакумэнты з мэтай перадаць іх некаму іншаму. Паводле Аляксандра Мотыля, сапраўдная прычына палягала ў тым, што Забілы займаўся дасьледаваньнямі Галадамору ва Ўкраіне і ўкраінскага нацыяналістычнага руху падчас Другой сусьветнай вайны. Абедзьве гэтыя тэмы — нявыгадныя для цяперашняй украінскай улады.

Па-трэцяе, 9 верасьня пайшлі ў адстаўку трое судзьдзяў Канстытуцыйнага суду Ўкраіны. Гэтыя судзьдзі выступалі супраць выбарчых махінацый Віктара Януковіча ў 2004 годзе напярэдадні Аранжавай рэвалюцыяй. Адыход гэтых людзей, перасьцерагае Мотыль, адчыняе прэзыдэнту Януковічу дарогу для іншых антыдэмакратычных крокаў, як пашырэньне сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў ці падаўжэньне свайго прэзыдэнцкага тэрміну.

Аляксандар Мотыль таксама прыгадвае, што ў пачатку жніўня ў Харкаве зьнік бязь вестак журналіст Васіль Кліменцьеў. Журналіст займаўся тэмай карупцыі сярод мясцовай улады, якая знаходзіцца ў руках прыхільнікаў прэзыдэнта Януковіча. Паводле аўтара артыкулу ў The Wall Street Journal, шмат хто ва Ўкраіне мяркуе, што справа зьнікненьня Кліменцьева вельмі нагадвае зьнікненьне журналіста Георгія Гангадзэ 10 гадоў таму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG