Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія мэдыі пра шанцы беларускай апазыцыі на выбарах


Многія расейскія СМІ абмяркоўваюць дату прызначэньня выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Газэтныя, радыё- і тэлекамэнтатары сыходзяцца ў тым, што ўпершыню ад сярэдзіны 1990-х апанэнты цяперашняга рэжыму маюць рэальны шанец на посьпех. Тым часам, як лічаць экспэрты, не апошнюю ролю ў маючай адбыцца выбарнай кампаніі адыграе менавіта пазыцыя Масквы.

"Упершыню за апошнія 15 гадоў у падтрымцы Аляксандру Лукашэнку адмовіла Масква. І гэта дае шанец беларускай апазыцыі",— задае агульную танальнасьць уплывовая газэта "КоммерсантЪ". Паводле выданьня, кіраўнікі на месцах атрымалі неафіцыйнае ўказаньне з "цэнтру" рыхтавацца да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў.

І гэта нягледзячы на тое, што, паводле афіцыйных дадзеных, рэйтынг Лукашэнкі перавышае 80%. Праўда, незалежныя апытаньні сьведчаць пра іншае: рэальна прэзыдэнта падтрымліваюць толькі 35% беларусаў.



Артыкул пад назвай "Бацька па-чорнаму" зьмяшчае "Московский комсомолец". Яго аўтар — старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька. "За час кіраваньня Лукашэнкі ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная на Захадзе легітымнай і дэмакратычнай, — піша беларускі палітык. — Гэтым разам справы для рэжыму яшчэ горшыя: існуе рэальная пагроза, што цяпер і Масква адмовіцца ад асобнай думкі і зірне на прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі праз прызму стандартаў АБСЭ. Дый простыя людзі, беларускія выбарцы ня будуць больш пакорліва выціраць з твару пляўкі падтасовак і фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў".

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў перакананы: калі Крэмль сапраўды абраў лінію на тое, каб спыніць падтрымку Лукашэнкі, дык трэба нарэшце заняць прынцыповую пазыцыю. Пакуль жа ўсё аддадзена на водкуп СМІ. На яго думку, перадусім трэба ўздымаць тэму злачынстваў рэжыму:

"Усе ведаюць, што Лукашэнка — забойца, гэтага цяжка ня ведаць. Звычайны забойца, і гэта нічога не каштавала б давесьці. Вядома, я разумею, што ён не націскаў на курок, але ён рэальны забойца, што ня склала б праблемаў спраўдзіць у нармальнай краіне, у незалежным судзе, калі б такі адбыўся.

Але палітычны сьвет гэта, здаецца, ня надта шакіруе, уключна з Расеяй. У парадку паліткарэктнасьці пра гэта чамусьці забываецца. А ўвогуле гэта досыць брудныя інтрыгі, у якіх я нават ня ведаю, хто добра разьбіраецца".



Крыху суцішвае агульны аптымізм "Независимая газета". Выданьне лічыць, што напярэдадні беларускі парлямэнт проста назваў тэрмін "пераабраньня Лукашэнкі": "Якой бы ні была стратэгія апазыцыі, яе шанцы на перамогу экспэрты ацэньваюць як нулявыя. Прычынаў таму шмат: і адсутнасьць палітычнай свабоды ў Беларусі, і цалкам абгрунтаваныя сумневы ў чэсных выбарах. На гэтым тле аналітыкам, праўда, ня вельмі зразумелыя прапагандысцкія атакі ўлады на кандыдатаў ад апазыцыі, якімі поўніцца мясцовы эфір". Дзеля справядлівасьці, газэта ўсё ж знаходзіць адно "але", якое адрозьнівае цяперашнія выбары ад усіх папярэдніх і можа быць крыніцай сюрпрызаў — гэта прынцыпова іншая пазыцыя Крамля.

Радыёстанцыя "Эхо Москвы" зьвяртае ўвагу, што Аляксандар Лукашэнка стаўся адным зь нямногіх лідэраў суседніх з Расеяй дзяржаў, хто не павіншаваў з днём нараджэньня расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. 14 верасьня той адзначыў 45-годзьдзе. У пераліку першых асобаў, якія даслалі ў Крэмль віншавальныя тэлеграмы, — практычна ўсе кіраўнікі СНД, за выключэньнем кіраўніка Беларусі. Праўда, імя Мядзьведзева не фігуравала і сярод першых асобаў, якія нядаўна віншавалі Лукашэнку. Магчыма, Крэмль проста заблытаўся ў датах народзінаў саюзьніка — Лукашэнка нечакана перанёс імяніны з 30 на 31 жніўня.

Згадвае "Эхо Москвы" і пра інфармацыйныя войны, дзе адным з антыгерояў — кіраўнік Беларусі. Публіцыстка Людміла Стральцова ў праграме "Обложка", ацэньваючы працу калегаў, зьвяртае ўвагу на матэрыял у часопісе "Русский Newsweek":

"Выбітныя" партрэты атрымаліся ў рубрыцы "Лепшыя людзі". Дык вось, Лужкоў і Лукашэнка. Абодвум была абвешчаная вайна на расейскіх тэлеканалах, але што насамрэч у іх агульнага? Выдатны сьцёб, ацаніце самі: абодва займаюцца спортам, абодва любяць жывёл, маюць вялікую гаспадарку, я нават сказала б, турботную гаспадарку. Абодва хацелі ўзначаліць Расею, абодва ня любяць Захад і мысьляць экстравагантна і, што самае галоўнае, абодва нікуды не зьбіраюцца сыходзіць, бо, як яны лічаць, абодвум ім няма відавочнай замены. Проста калясальна падмечана".

"Ведомости" спрабуюць разабрацца, чаму прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя ў такой сьпешцы. Галоўнай прычынай паскарэньня названы канфлікт з Расеяй. Звычайна перад Новым годам ідуць складаныя перамовы Масквы і Менску пра кошты энэрганосьбітаў, што стварае нездавальняючы фон для такой важнай кампаніі. Да таго ж любы канфлікт цягне за сабой маштабную інфармацыйную вайну, што таксама нявыгадна рэжыму. Аднак лічыць, што выбары вырашана правесьці ў зададзены тэрмін толькі дзеля таго, каб ускладніць жыцьцё апазыцыі, ня варта. На думку аналітыкаў, колькі працэнтаў набяруць апазыцыйныя кандыдаты, вырашае сама ўлада. Паводле ацэнкі "Ведомостей", шанцы сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для ўдзелу ў выбарах, маюць "дзяжурны" ўдзельнік такіх кампаній Сяргей Гайдукевіч ды лідэр нядаўна створанага руху "Гавары праўду!" Ўладзімер Някляеў. Дарэчы, прозьвішча апошняга ў артыкуле падаецца як "Мятляеў", што ў пэўным сэнсе сьведчыць пра ступень набліжанасьці Расеі ад беларускіх рэаліяў.
XS
SM
MD
LG