Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Масква не пасьпее да выбараў "раскруціць" у Беларусі свайго кандыдата"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 15 верасьня 2010 году

У гэтыя верасьнёўскія дні ў нашай пошце шмат лістоў на тэму чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца ў Беларусі гэтай зімой. Выбарчая кампанія, якая разгортваецца зараз у краіне, адбываецца на тле надзвычай напружаных узаемадачыненьняў паміж беларускай і расейскай уладамі. Апазыцыя ў Беларусі разьлічвае, што гэта можа кардынальным чынам паўплываць на вынік выбараў.

Зрэшты, многія нашы слухачы мяркуюць, што Аляксандар Лукашэнка зноў выкарыстае звыклыя спосабы ўтрыманьня ўлады, ня раз апрабаваныя за апошнія 16 год, і па-ранейшаму застанецца кіраваць краінай. Вось якімі думкамі на гэты конт дзеліцца Алесь Марціновіч з Баранавічаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

"Скандал у дачыненьнях Лукашэнкі з Масквой зусім не азначае, што Беларусь у выніку пачне рухацца ў напрамку Эўразьвязу і заходняга дэмакратычнага жыцьця. Лукашэнка зьвярыным нутром адчувае пагрозу з боку Захаду. Недарэмна часта паўтарае: крамлёўскія алігархі-хапугі — нашы ворагі, а вось расейскі народ — наш адзінакроўны брат..."

У гэтым кантэксьце Саньнікаў і Някляеў выглядаюць падстаўнымі "качкамі", якія ці то хітруюць, ці то занадта ўвайшлі ў ролю. Але ў любым выпадку, калі б здарылася неверагоднае і яны дамагліся ўлады, то вельмі хутка БНФ і Мілінкевіч ахрысьцілі б іх "маскоўскімі юдамі". Гэтак жа магчымага прэзыдэнта Мілінкевіча само беларускае насельніцтва назвала б "нацыянал-русаедам" — у выпадку, калі б ён рэальна пачаў выконваць сваю праграму.

...Лукашэнка на сёньня дастаткова моцны. Масква проста не пасьпее да сьнежня раскруціць таго свайго кандыдата, які б мог уяўляць для яго рэальную пагрозу. Так, аптымальны практыцызм — гэта аслабіць Лукашэнку на бліжэйшыя пяць год. Але ж трэба мець на ўвазе: перамены і свабода — гэта заўсёды нягоды, выпрабаваньні і клопаты (успомніце рубеж 80-х і 90-х гадоў у СССР). І як у такім разе адрэагуе спэцыфічнае беларускае грамадзтва на ідэі празаходніх дэмакратаў? Ці ня так, як у 1994-м? Украінцы ў гэтым "хаосе выжываньня" жывуць ужо амаль 20 год, неяк прыцерліся і прыцярпеліся. А вось беларусам складана будзе зноў асвойваць гэтыя свабоды пасьля пэрыяду адзінаўладзьдзя Лукашэнкі. На нейкім падсьвядомым узроўні большасьць беларускага грамадзтва адчувае ўвесь гэты расклад. А таму ў сьнежні 2010-га ня пойдзе сур'ёзна за ніводным з прадстаўнікоў апазыцыі. Хутчэй — зноў прыме і прызнае Лукашэнку на бліжэйшыя пяць год — як найменшае зло"
.

Пераход ад аўтарытарызму да свабоды і дэмакратыі, сапраўды, патрабуе ад грамадзтва пэўных ахвяраў. Даводзіцца браць больш адказнасьці за ўласны лёс, цярпець цяжар эканамічных рэформаў, выяўляць больш ініцыятывы і прадпрымальнасьці. Але на гэтай падставе ніводзін эўрапейскі народ не адмовіўся ад свабоды на карысьць прагнілых камуністычных аўтакратыяў, якія, згадайма, таксама палохалі людзей нестабільнасьцю і сацыяльнай неабароненасьцю.

Дарэчы, наўрад ці карэктна параўноўваць той пераходны пэрыяд, які перажылі ўсходнеэўрапейскія краіны на пачатку 90-х гадоў, са зьменамі, якія могуць напаткаць сёньняшнюю Беларусь. Рынкавыя рэформы ў Беларусі хоць і са скрыпам, але на працягу апошніх дваццаці гадоў адбываліся. Так што пэрыяду "шокавай тэрапіі" ня будзе: цэнавы шок беларусы даўно перажылі (і працягваюць перажываць цяпер). Час у Беларусі замёр у іншай сфэры. Беларусам ужо шаснаццаць год не даюць свабодна зьбірацца, гаварыць, выбіраць сабе ўладу.

Як і Алесь Марціновіч, ня мае вялікага спадзеву на зьмены ў выніку хуткіх выбараў і іншы наш даўні слухач — Ігар Сьцябуля зь Менску. У сваім новым лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Выбарчая кампанія ў Беларусі ўжо даўно пачалася. Усе шматлікія паездкі Аляксандра Лукашэнкі па палях і фэрмах, ягоныя гучныя абяцаньні — што гэта, калі не падрыхтоўка да выбараў? Мне цяжка ўявіць, каб хто-небудзь з заходніх прэзыдэнтаў гэтак езьдзіў па сельгасугодзьдзях сваіх фэрмэраў і камандаваў — якія камбайны ім купляць, што сеяць, як жаць...

Ня маю сумневу, што ў выніку выбараў 2011-га году зноў будзе абвешчана так званая "элегантная" перамога над "адмарозкамі" з апазыцыі. Усё будзе так, як і было калісьці за савецкім часам у Беларусі. Пытаньне толькі ў адным: якую лічбу агучаць? Будзе гэта 80 працэнтаў? Альбо 90?

Думаю, як патэлефануюць "зьверху" — так у выбарчых камісіях і запішуць. Вось гэта і будзе дэмакратыя па-беларуску. Ніякіх зьменаў ад такіх псэўдавыбараў я не чакаю. Усё і ўсім даўно вядома. Няма чаго і грошы марнаваць"
.

У савецкай Беларусі, спадар Ігар, выбары праводзіліся ўсё ж крыху інакш. Апазыцыі тады не было і быць не магло.У выбарчыя бюлетэні нікога, апроч кандыдата, падабранага і ўхваленага райкамам, абкамам ці ЦК партыі, не ўключалі. У выніку галасаваньня ён гарантавана набіраў 99 працэнтаў "падтрымкі". І называлася ўсё гэта, калі не памыляюся, "пераканаўчай перамогай непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных". Што гэта быў за блёк і каго ён перамагаў на такіх выбарах — не ўдакладнялася....

У сёньняшняй Беларусі выкарыстоўваюцца шмат якія выбарчыя тэхналёгіі, дасканала адпрацаваныя камуністамі за дзесяцігодзьдзі свайго манапольнага панаваньня. Перамогі ўлады на праведзеных такім чынам "выбарах", праўда, цяпер называюць інакш — "элегантнымі". (Новае азначэньне ўпершыню выкарыстала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.) Праўда, ужываюць гэтае азначэньне апошнім часам найчасьцей апанэнты ўлады, у зьедліва-іранічным сэнсе.

Шмат каго з нашых слухачоў зацікавіла і заінтрыгавала нечаканае рашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі падправіць уласны дзень нараджэньня — ён перанёс яго з 30-га на 31-га жніўня, так, каб гэтая дата супадала з днём нараджэньня яго малодшага пазашлюбнага сына Мікалая. Вось як пракамэнтаваў гэтую зьмену наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"У мой 60-гадовы юбілей, які я адзначыў 30 жніўня 2010 году, наш Аляксандар Рыгоравіч мяне ня тое што парадаваў, а адначасова разьвесяліў і зьбянтэжыў. Да гэтага часу я дакладна ведаў, што мы з Рыгоравічам нарадзіліся ў адзін дзень, толькі ён на 4 гады пазьней.

Але вось непрадказальнаму і загадкаваму прэзыдэнту прыйшла на розум фантастычная думка — утаймаваць ня толькі прастору ў выглядзе асобна ўзятай краіны ў цэнтры Эўропы, але і час — шляхам пераносу свайго дня нараджэньня.

Пытаюся ў жонкі, што кажа наконт гэтага беларускае заканадаўства. А мая спадарожніца жыцьця, трэба сказаць, чалавек у такіх пытаньнях ня проста дасьведчаны, а вельмі дасьведчаны — адпрацавала загадчыцай раённага аддзелу ЗАГСу без малога 25 год, пры гэтым безь ніякіх скаргаў ці заўваг, адпаведнае заканадаўства ведае дасканала.

Адказ адназначны: не дазваляюць беларускія законы мяняць свой дзень нараджэньня!

І вось ужо каторы дзень мне сьвярбіць пытаньне: а навошта Рыгоравічу гэта патрэбна? Вэрсія, пачутая па Радыё Свабода, што ён такім чынам хоча наблізіць сябе да сына Міколкі, перанёсшы свой дзень нараджэньня на ягоны, мяне аніяк не задавальняе. Нашмат прасьцей перанесьці Міколкаў дзень нараджэньня: у таго з дакумэнтаў, акрамя пасьведчаньня аб нараджэньні, пакуль нічагусенькі няма!

Тады навошта гэта Рыгоравічу?

Вось калі б яму ўдалося перанесьці на пазьнейшы тэрмін дзень сваёй сьмерці — тут, як кажуць, пытаньняў няма. Ці, напрыклад, пастарыць сябе паводле дакумэнтаў на колькі год, каб пэнсію раней атрымаць, — таксама можна зразумець. А памаладзіць сябе на адзін дзень — шаноўныя грамадзяне, дапамажыце знайсьці тут хоць якую лёгіку!"


Удакладню, спадар Кастусь, што выправіць дату нараджэньня закон у некаторых выпадках усё ж дазваляе: гэта датычыць сытуацыі, калі падчас рэгістрацыі нараджэньня была зроблена памылка. І ёсьць пацьверджаньне з радзільнага дому, што малое сапраўды нарадзілася іншага чысла. Цяжка ўявіць, што такая памылка нечакана выявілася на 56-м годзе жыцьця Аляксандра Рыгоравіча... Але чаго не бывае?

Увогуле, аўтарытарныя лідэры ў розных краінах нярэдка дазваляюць сабе розныя бяскрыўдныя маніпуляцыі з запісамі ў пашпарце. Напрыклад, нязьменны шматгадовы прэзыдэнт Таджыкістану нядаўна зьмяніў прозьвішча: быў Рахмонаў, стаў — Рахмон. А колішні пажыцьцёвы лідэр Туркмэністану Сапармурат Ніязаў быў афіцыйна абвешчаны Туркменбашы — галавой усіх туркмэн.

На заканчэньне допіс ад актывісткі Таварыства абароны жывёл Разаліі Рубінчык зь Менску пра тое, наколькі адпавядаюць нормам маралі некаторыя чалавечыя захапленьні — у прыватнасьці, паляваньне на жывёл і птушак. Слухачка піша:

"Прапануючы турыстам адпачынак у нашых запаведных маляўнічых мясьцінах (у Белавескай пушчы, Прыпяцкім нацыянальным парку, Бярэзінскім запаведніку), улады адначасова з гэтым рэклямуюць і паляваньне — на жывёл і птушак. Можна нават застрэліць зубра ў Белавескай пушчы. Заплаціце 5 тысяч эўра — і зубар ваш.

Але няўжо гэтыя крывавыя грошы для нашай дзяржавы важнейшыя, чым жыцьцё жывёлы? І пытаньне маральнага пляну: ці могуць тыя, хто займаецца паляваньнем і забівае жывёл, быць міласэрнымі да людзей? А які прыклад яны паказваюць сваім дзецям? Дарэчы, нядаўна ў друку паведамлялася, як на паляваньні сын выпадкова застрэліў свайго бацьку. Ці не расплата гэта за сумнеўнае задавальненьне забіваць жывёл? А можа, гэты трагічны выпадак паслужыць для каго-небудзь перасьцярогай?

І яшчэ адна заўвага да гэтай тэмы. Нядаўна прачытала артыкул пра вядомага камуністычнага дзеяча Сяргея Прытыцкага, імем якога названа адна з вуліц Менску. Ён быў, як і многія з тых, хто стаіць пры ўладзе, аматарам паляваньня. Цікава, што ў свае маладыя гады, каб заваяваць аўтарытэт, яму было прапанавана застрэліць чалавека (паводле рашэньня партыйнай ячэйкі). І рука камуніста не здрыганулася"
.

Думаю, спадарыня Разалія, многія з павагай ставяцца да Вашых перакананьняў і Вашых немалых высілкаў дзеля абароны жывёл. Але пры гэтым варта мець на ўвазе, што ў прыхільнікаў паляваньня — свае аргумэнты. Напрыклад, мне самому апошнім часам ня раз даводзілася чуць ад жыхароў лясных вёсак нараканьні — то на дзікоў, якія чыняць спусташальныя набегі на бульбяныя палі; то на ваўкоў і лісаў, якіх распладзілася так шмат, што ў пошуках здабычы яны заходзяць у вёску, нападаюць на свойскую жывёлу, а то і на людзей... Людзі ў гэтых выпадках клічуць паляўнічых і нават гатовыя заплаціць ім за паслугі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG