Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: пачынаем прымаць дакумэнты ад ініцыятыўных групаў


Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

Ад сёньняшняга дня патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты маюць права падаваць сьпісы ініцыятыўных групаў у Цэнтравыбаркам для рэгістрацыі.

Пра гэта карэспандэнту "Свабоды" паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Аднак ён сумняваецца, ці ўжо гатовы да гэтага хто-колечы з патэнцыйных кандыдатаў.

"Палітыкі, якія маюць намер зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, як правіла, з гэтай справай не сьпяшаюцца, каб не раскрываць свае карты і ня даць магчымасьці пільней праверыць склад гэтых ініцыятыўных групаў і парадак іх фармаваньня. Але, тым ня менш, выбарчая кампанія, па сутнасьці, пачынаецца з моманту ўступленьня ў сілу пастановы Палаты прадстаўнікоў аб прызначэньні выбараў. А як сказана ў самой пастанове, пастанова ўступае ў сілу з дня яе афіцыйнай публікацыі. Калі пастанова апублікавана, то выбарчая кампанія стартавала. І, адпаведна, суб'екты, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў прэзыдэнты, маюць права падаваць у ЦВК дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў".

Аднак, паводле спадара Лазавіка, сёньня на пасяджэньні ЦВК будуць прынятыя стартавыя дакумэнты. Будзе прынятае тлумачэньне, якія гэта павінны быць дакумэнты, як яны падаюцца і якая іх форма.

"Па сутнасьці, суб'екты яшчэ ня бачылі ўзору сьпісу ініцыятыўнай групы. Таму сьцьвярджаць, што мы будзем прымаць — заўчасна, бо невядома, панясуць нам сёньня дакумэнты ці не. Але ў суб'ектаў, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў прэзыдэнты, ужо такое права ёсьць — прыносіць дакумэнты ў ЦВК".
XS
SM
MD
LG