Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Коммерсант": кіраўнікі на месцах атрымалі ўказаньне рыхтавацца да другога туру выбараў


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Хоць цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка — бясспрэчны фаварыт выбарчай гонкі, інтрыга на выбарах усё ж ёсьць.

Яна зьвязаная з тым, што ўпершыню за апошнія 15 гадоў у падтрымцы А.Лукашэнку адмовіла Масква. І гэта дае шанец беларускай апазыцыі, піша расейскі "Коммерсант".

Паводле дадзеных незалежных апытаньняў, рэальна прэзыдэнта Лукашэнку падтрымліваюць толькі 35% беларусаў.

Беларускія ўлады відавочна сьпяшаліся з прызначэньнем даты выбараў.

"Зьвязана гэта ў першую чаргу з расейскім фактарам — а менавіта з рэзкім пагаршэньнем у апошні час дачыненьняў Масквы з Аляксандрам Лукашэнкам. Экспэрты ў адзін голас кажуць, што ў выніку скарачэньня расейскіх асыгнаваньняў бюджэт Беларусі знаходзіцца на мяжы дэфолту. У сьнежні ў Менску чакаюць складаных перамоваў з Расеяй аб пастаўках энэрганосьбітаў, а на пачатку году з-за амаль непазьбежнага росту цэнаў на паліва, якое пастаўляецца ў краіну, прагназуецца рэзкае падаражэньне камунальных паслуг і асноўных прадуктаў спажываньня. Паводле ацэнак незалежных экспэртаў, курс беларускага рубля ўпадзе ў два разы. Таму ў Менску і спрабуюць яшчэ да надыходу цяжкіх часоў закрыць пытаньне з абраньнем прэзыдэнта", — піша "Коммерсант".

У тым, што дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, які знаходзіцца ля ўлады з 1994 году, пойдзе на чарговы тэрмін, у Беларусі ніхто не сумняваецца. Яшчэ вясной ён заявіў у інтэрвію агенцтву Reuters: "Зараз такіх фактараў, якія б прымусілі мяне адмовіцца ад удзелу ў выбарах, няма. Няма такіх фактараў, якія б усяму народу давалі сыгнал, што Лукашэнка не павінен удзельнічаць у гэтых выбарах. Напэўна, наадварот, калі б я адмовіўся, то народ бы мяне не зразумеў".

Аднак упершыню за 15 зь лішнім гадоў свайго праўленьня А.Лукашэнка сутыкаецца ня толькі зь ціскам з боку Захаду — ціскам, які асабліва ўзмацніўся пасьля таямнічай гібелі апазыцыйнага журналіста Алега Бябеніна, — але і з жорсткай крытыкай з Масквы. Адносіны прэзыдэнта Беларусі з кіраўніцтвам Расеі ў апошнія два гады прыкметна пагоршыліся, вынікам чаго сталі спачатку эканамічныя, а затым і інфармацыйныя войны паміж Масквой і Менскам. Таму цяперашнія выбары стануць першымі, на якіх спадар Лукашэнка ня зможа апэляваць да падтрымкі Масквы. І гэта дае шанец беларускай апазыцыі.

Тое, што ў апазыцыі ёсць шанец на цяперашніх выбарах, разумеюць і ўлады краіны. Паводле дадзеных "Коммерсанта", кіраўнікі на месцах атрымалі неафіцыйнае ўказаньне зь Менску рыхтавацца да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў. І гэта нягледзячы на тое, што, паводле афіцыйных дадзеных, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі перавышае 80%. Справа ў тым, што незалежныя апытаньні паказваюць: рэальна прэзыдэнта падтрымліваюць толькі 35% беларусаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG