Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у прэзыдэнты ня можа патраціць больш за 60 тысяч даляраў


Пасяджэньне ЦВК у часе парлямэнцкіх выбараў 2008 году
Пасяджэньне ЦВК у часе парлямэнцкіх выбараў 2008 году
Сёньня ў Менску пройдзе пасяджэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. Як напярэдадні заявіла яе старшыня Лідзія Ярмошына, камісія 15 верасьня прыме ўвесь пакет дакумэнтаў, які неабходны, каб надаць выбарчай кампаніі афіцыйны старт.

Найперш прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта павінны падаць у Цэнтарвыбаркам заявы пра рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў цягам 10 дзён, то бок не пазьней за 24 верасьня. ЦВК зьбіраецца таксама зацьвердзіць каляндарны плян падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў.
Мікалай Лазавік

"Далей мы павінны зацьвердзіць рэкамэндацыі для тэрытарыяльных і ўчастковых камісіяў, прыняць пастановы па тлумачэньню цэлага шэрагу артыкулаў Выбарчага кодэксу, – працягвае сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. – У іх рэглямэнтуюцца пытаньні збору подпісаў выбарцаў па вылучэньню кандыдатаў у прэзыдэнты, па вылучэньню прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў, па назіраньню за выбарамі. Будзе зацьверджана палажэньне аб парадку працы замежных назіральнікаў".

У Выбарчым кодэксе зьявілася адна навацыя. Гэта – індывідуальны выбарчы фонд кандыдата ў прэзыдэнты. Раней такога не было, і ўсе выбарчыя кампаніі праводзіліся за грошы, якія вылучаліся выключна зь дзяржаўнага бюджэту.

Цяпер кожнаму кандыдату дазволяць мець свой асабісты фонд. Як кажуць у ЦВК, максымальны памер такога фонду не павінен перавышаць тры тысячы базавых велічынь. Адна базавая велічыня – 35 тысяч рублёў, альбо крыху больш за 11 даляраў. Усяго атрымліваецца каля 35 тысяч даляраў.

І ўсё ж гэта болей, чым дае кандыдату дзяржава. Бо памер грошай, які вылучаецца з бюджэту, складае 2.300 базавых велічынь альбо каля 25 тысяч даляраў. Атрымліваецца, што ў найлепшым выпадку кандыдат у прэзыдэнты афіцыйна павінен правесьці сваю выбарчую кампанію ўсяго за 60 тысяч даляраў.

Сяргей Альфер
Экспэрт у галіне выбарчага права Сяргей Альфер станоўча ставіцца да стварэньня Індывідуальных фондаў:

"Таму што гэта цывілізаваная норма, якая існуе амаль ва ўсіх краінах сьвету. І гэта вельмі добра, што і Беларусь пасьля зьменаў у выбарчае заканадаўства ўвяла такі фонд. Вельмі цяжка праводзіць выбары выключна за грошы дзяржавы, бо няма такіх дзяржаў, які былі б вельмі багатыя.

Але разам з тым выбарчы фонд кандыдата ў прэзыдэнты ў Беларусі невялічкі. І мне здаецца, кандыдаты ў прэзыдэнты, усе да адзінага, будуць выкарыстоўваць грошы па-за межамі гэтага фонду і парушаць закон".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG