Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны растуць, а стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца


Ад сёньня стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банку Беларусі зьніжаецца на 0,5% і складзе 10,5% гадавых. Як паведамляецца на афіцыйным сайце Нацбанку, "такое рашэньне прынята з улікам ўстойлівай станоўчай дынамікі асноўных макраэканамічных паказьнікаў і адносна нізкага ўзроўню інфляцыі ў краіне".

Начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў патлумачыў, што гэты захад накіраваны на далейшае патаньненьне банкаўскіх крэдытаў для насельніцтва і суб'ектаў гаспадараньня:

"Узяць крэдыт стане, скажам так, даступней. Устанаўленьне чарговага значэньня стаўкі рэфінансаваньня дыктуецца эканамічнай сытуацыяй у краіне. Калі ўзровень інфляцыі невысокі – а сёлета ён значна ніжэй, чым у мінулым годзе, калі стабільная нацыянальная валюта, натуральна, ёсьць сэнс стаўку рэфінансаваньня зьніжаць".

Стаўка рэфінасаваньня – гэта своеасаблівы арыенцір для зьніжэньня працэнтных ставак па дэпазытах, па ўкладах, кажа экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

"Калі вы панясеце ў банк новы ўклад, банк можа панізіць працэнтную стаўку, тым самым менш будуць плаціць вам. А вашы рэсурсы будуць пад меншую працэнтную стаўку даваць эканоміцы. Таму калі лічыць, што стаўка рэфінансаваньня ўстаноўлена правільна, паніжаецца асэнсавана, то гэта на дабро".

Начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў патлумачыў, што зьніжэньне стаўкі рэфінсаваньня спрыяльна адбіваецца на ўсіх відах крэдытаў, дазволіць абараніць зьберажэньні грамадзянаў ад інфляцыі, захаваць значнае перавышэньне прыбытковасьці рублёвых укладаў у параўнаньні з дэпазытамі ў замежнай валюце.

"Банкі атрымліваюць рэфінансаваньне ад Нацыянальнага банку па больш нізкай стаўцы. Гэта станоўча адбіваецца на ўсіх відах крэдытаў".

Экс-старшыня Нацбанку, прафэсар Станіслаў Багданкевіч выказвае такое меркаваньне:

"Іншая справа, што стаўка рэфінансаваньня павінна арыентавацца на ўзровень інфляцыі. Гэта значыць, што ўрад лічыць, што ў нас цэны не растуць. Але ці так гэта? Таму тут можа быць блеф. Калі кошты растуць, стаўку не зьніжаюць, а звычайна павышаюць"

Дарэчы, гэта ўжо шостае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня з пачатку 2010 году – з 13% да 10,5%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG