Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёмны час паступова хіліцца да канца, улада цемры паталягічна дэградуе і, што характэрна, валіцца па законах зла, гэта значыць шалее напрыканцы свайго існаваньня. Подлыя ўдары адчайна наносяцца па галоўных атрыбутах і каштоўнасьцях нацыі.

Такое ўражаньне, што перад зыходам антыбеларускі рэжым імкнецца напсаваць як найбольш, каб вымасьціць шлях для цемры наступнай. Усё гэта прымусіла мяне напісаць некалькі нататак аб важных для нас падзеях і справах (пра перапіс, мову і школу), каб ведаць, чаго трэба асьцерагацца і што рабіць.

Нядаўна надрукавалі вынікі перапісу насельніцтва Беларусі, праведзенага ў кастрычніку 2009 года. У кантэксьце рэжымнай палітыкі тут ніякіх нечаканасьцяў няма. Які перапіс – такі і вынік. Што пастанавілі – тое і зрабілі. Колькасьць беларусаў, што назвалі беларускую мову роднай, зьменшылі больш чым на 20 адстоткаў.

Калі пачытаць цяпер эмацыйныя камэнтары нашых шчырых, даверлівых беларусаў, то можна зразумець, што яны ў шоку. Пачуцьці пырскаюць цераз край і... на жаль, ніякага здаровага сэнсу.

Справа не ў народзе, а ў рэжыме, які ім кіруе
Яшчэ і года не мінула ад таго злонамеранага перапісу, а адукаваныя, разумныя людзі, аказваецца, пра ўсё забыліся. Пра ўсё, што літаральна ўсімі знаўцамі было тады пра гэты перапіс сказана, разгледжана і папярэджана. Цяпер жа, калі на выхадзе русыфікацыйны рэжым атрымаў сваю інфармацыйную ліпу ў выглядзе прапагандысцкай зьявы, беларусы захваляваліся за свой народ.

Тым часам з народам усё засталося як было. Справа не ў народзе, а ў рэжыме, які ім кіруе. Але пра ўсё па парадку.

Тое, што праз дзесяць гадоў, згодна пададзеных вынікаў перапісу, больш чым адна чвэрць насельніцтва ад ранейшых 74 адсоткаў быццам бы перасталі лічыць беларускую мову роднай, выглядае зьявай звышнатуральнай, якая павінна сьведчыць аб нейкай калясальнай нацыянальнай грамадзкай катастрофе, якая за кароткі час раптам перавярнула сьведамасьць насельніцтва. Але нават калі б такі нацыянальны катаклізм адбыўся, то натуральны чыньнік грамадзкай інэрцыі (існуе тое ж самае пакаленьне) усяроўна не прывёў бы да такіх хуткіх пераменаў у самаідэнтыфікацыі людзей.
За гэтыя дзесяць гадоў улада істотна падарвала давер да сябе
Тым часам з 1999 па 2009 год ніякіх рэвалюцыйных пераменаў (не кажам ужо пра катаклізмы) не адбылося, нават улада не перамянілася. Дзесяць гадоў існаваў той самы аўтарытарны маразм. Прытым, за гэтыя дзесяць гадоў улада істотна падарвала давер да сябе. Настолькі, што з 2008 года людзі перасталі хадзіць на выбары, і выбаршчыкаў сталі зганяць на галасаваньне прымусова (вазіць на папярэдняе галасаваньне, узмацняць кантроль над студэнтамі, працаўнікамі, аддаваць загады ў войску, міліцыі і г.д.). За дзесяць гадоў узрос недавер да рэжыму і апатыя да яго антынацыянальнай палітыкі, азлобленасьць на карупцыю, паказуху, фальш і несправядлівасьць. Гэтыя настроі пашыраюцца. Перапіс на ўмовах 1999 года павінен быў бы паказаць цяпер лепшыя вынікі ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, нягледзячы на антыбеларускую палітыку рэжыму.

Гэта якраз разумелі маніпулятары ў асяродзьдзі ўлады. Яны не справіліся з фальсыфікацыяй першага рэжымнага перапісу ў 1999 годзе. Атрыманыя лічбы зьвязалі ім рукі, не давалі магчымасьці выкарыстаньня вынікаў перапісу ў палітыцы і прапагандзе русыфікацыі. Таму да наступнага перапісу былі па-валюнтарысцку зьмененыя ўмовы апытаньня, зьмест і характар фармулёвак пра беларускую мову. Пытаньне, на якое мусіў быць адзін адказ, склалі цяпер з двух розных пытаньняў. Адпаведна, улічваючы становішча ў грамадзтве, зь яго вынікалі і два розныя адказы. Адпаведна зьменшылася і колькасьць карэктных адказаў пра родную беларускую мову. Гучэла апытаньне так: “Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)” і “На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома?”.Такія пытаньні шмат якіх беларусаў ставілі ў тупік. Людзі ня ведалі, што адказаць.

Калі пытаюць наўпрост, якая Ваша родная мова – тады адказ зразумелы (у кожным перапісе беларусы адказвалі на гэтае пытаньне). Калі ж удакладняюць, што засвоена ў раньнім дзяцінстве (ды яшчэ пытаюць на якой мове размаўляюць дома), тады чалавек пачынае блытацца і часам ня ведае што казаць (бо мова, засвоеная у раньнім дзяцінстве, не абавязкова ёсьць родная мова).

Усё было накіравана на заблытваньне адказаў пра мову
Усё было накіравана на заблытваньне адказаў пра мову. А каб адцягнуць увагу ад гэтай маніпуляцыі, уключылі у апытаньне яшчэ безьліч пабочнага апытальнага шалупіньня (кшталту пра тып жылья, калі і зь якога матэрыялу яно пабудаванае, якая плошча, ці ёсьць кампутар, ці падлучаны да Інтэрнэту, месца працы, пасада, ці быў за мяжой і г. д.). Шмат людзей абуралася і толькі гэта і абмяркоўвалі, не заўважаючы, што за пытаньне ім падсунулі пра родную мову.

Некарэктнасьць і антынавуковасьць такой фармулёўкі ў беларускіх умовах адзначылі літаральна ўсе, хто абмяркоўваў гэтую падтасоўку. Дакладна акрэсьліў тут сутнасьць чарговай рэжымнай “творчасьці” Галоўны навуковы супрацоўнік Аддзелу славістыкі і тэорыі мовы Інстытуту мовы і літаратуры Акадэміі Навук Беларусі доктар Генадзь Цыхун. “Мне здаецца, што ўсё тут зразумела, -- кажа доктар Цыхун, -- кагосьці вельмі хвалююць тыя 74%, якія ў 1999 годзе назвалі беларускую мову роднай. Можа, гэта чамусьці пярэчыць, можа нейкім ранейшым крокам, напрыклад, рэфэрэндуму (маецца на ўвазе незаконны “рэфэрэндум” 1995 г. пра дзяржаўную мову, сымволіку і інш. – З.П.). Але гэта іх хвалюе, і я лічу, што шляхам тых удакладненьняў, якія ўнесеныя, хочуць атрымаць іншы адказ. Калі пытаньне будзе задавацца ў такой удакладненай фармулёўцы, ці нават калі перапісчык будзе мець гэтае ўдакладненьне на ўвазе, то парушаецца чысьціня экспэрымэнту – мы ня зможам суаднесьці ранейшыя дадзеныя з гэтымі” (Крыніца: Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2009 г.).

Падтасоўкай фармулёвак перапісу займаўся так званы “Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі Прэзыдэнта” (ня так даўно створаная структура, якая спалучае ў сабе функцыі ідэалягічнага аддзелу і спэцслужбаў). У верасьні 2009 года за месяц да перапісу гэты “цэнтар” апублікаваў сваё “дасьледваньне” – вынікі “апытаньня”, якое ён нібыта правёў на паўтара тысячах чалавек. Згодна гэтага “дасьледваньня”, “дасьледчыкі” ўвялі новы адміністратарскі тэрмін -- “набліжаная, родная мова”. 70 адсоткаў беларусаў, згодна паведамленьня “цэнтра”, назвалі “набліжанай, роднай мовай” рускую і 37 адсоткаў – беларускую.

Нагадаю, што паводле перапісу 1999 года 74 адсоткі беларусаў назвалі роднай мовай беларускую і 37 адсоткаў – засьведчылі, што карыстаюцца ёю у хатнім ужытку. “Дасьледчыкі” з “Інфармацыйна-аналітычнага” аддзелу зьнізілі лічбу з 74 да 37 і выдалі сваю працу на сьвет Божы. (Крыніца: http://www.nn.by/index.php?c=29648).

Хто разьбіраецца, як функцыянуе антыбеларускі рэжым, павінен быў тады зразумець, якія лічбы мусяць быць атрыманыя ў выніку “перапісу” насельніцтва. “Я думаю, што гэты папярэдні экспэрымэнт быў праведзены спэцыяльна, -- адзначыў доктар Цыхун. – Людзі, якія разьлічваюць на нейкі канчатковы эфэкт, павінны ведаць, да чаго яны імкнуцца... Канчатковыя вынікі можна прадбачыць, але яны ня будуць аб’ектыўнымі”.


Відавочныя злонамераныя дзеяньні і грубая маніпуляцыя з боку рэжыму
Папярэджаньне вучонага было правільным і дакладным, бо тут відавочныя злонамераныя дзеяньні і грубая маніпуляцыя з боку рэжыму. Нават дыскусія пра гэта аказалася непатрэбнай, бо ўсе ўбачылі падрыхтаваны падлог.

Тым ня менш, аказалася, што маштабныя пляны “дасьледчыкаў” з “Цэнтру” і на гэты раз сур’ёзна забуксавалі. Некарэктная фармулёўка сапраўды магла б у цяперашніх грамадзкіх умовах даць зьніжэньне адэкватных адказаў на 15-20 адсоткаў, а мо і больш. Але, відаць, рэальна не атрымалі і гэтага. Спачатку прамільгнула інфармацыя пра 60 адсоткаў людзей, якія назвалі роднай мовай беларускую, потым падалі зьвесткі пра 53 адсоткі.

Што за гэтым стаіць, мы ўжо ведаем – не рэальны стан грамадзтва, а камбінацыі рэжымных “мудрацоў”, адміністрацыйных “стратэгаў” русіфікацыі. Яны цалкам маглі, аднак, падаць усё і “па-пляну” (гэта значыць, 37 адсоткаў), мяркуючы, што беларусы і такое сьцярпелі б, але, як на мой погляд, улічылі цяперашнюю перадвыбарчую сытуацыю і ў цэлым настроі ў грамадзтве, якія маўкліва, паціху зьмяняюцца не на карысьць рэжыму.


Русыфікацыйная палітыка рэжыму сыстэмна працягваецца. І ніякія сваркі мясцовага саўдзельніка супраць Масквы ня маюць значэньня
Што рэальна абазначаюць цяпер для нас гэтыя маніпуляцыі з вынікамі перапісу? Рэальна яны абазначаюць, што русыфікацыйная палітыка рэжыму сыстэмна працягваецца. І ніякія сваркі мясцовага саўдзельніка супраць Масквы ня маюць значэньня. Гэта значыць таксама, што нашае грамадзтва загнанае ў становішча глыбокай нацыянальнай стагнацыі. Але існуе яшчэ моцны патэнцыял нацыянальнага адраджэньня. Вось гэтае апошняе сьведчаньне якраз і хвалюе русіфікатараў ад рэжымнай улады. Вынік – падтасоўка фармулёвак з перапісам, імкненьне штучна стварыць аргумэнтацыю для далейшай русіфікацыйнай палітыкі.

Створаны прэцэдэнт некарэктнага апытаньня. Планіроўшчыкі ад улады спасылаліся на быццам бы “рэкамендацыі ААН”, маўляў, яны пакарысталіся “міжнароднай мэтадалёгіяй”. Гэтую дэмагогію яшчэ ў мінулым годзе ўшчэнт спляжыў доктар Алег Трусаў: “бяруць нейкія рэкамендацыі для адсталых, непісьменных народаў і прыпісваюць нам, каб працягнуць русіфікацыю, -- абураецца А. Трусаў. – Родная мова не абавязкова зь дзяцінства. Вы можаце на гэтую мову перайсьці і ў сто гадоў, яна будзе ў вас родная. Гэта спэцыяльна зроблена, каб заблытаць людзей. Многія беларусы пераходзяць на беларускую мову ў сталым узросьце, а ў дзяцінстве, дома гаварылі па-руску. Дык і што? У іх родная мова руская тады выходзіць?” (Крыніца: Радыё Свабода, 14 верасьня 2009 г.).


Нашае грамадзтва загнанае ў становішча глыбокай нацыянальнай стагнацыі. Але існуе яшчэ моцны патэнцыял нацыянальнага адраджэньня
Парады ад парадаў розьняцца. Тое, што можа быць у Афрыцы, у Паўднёва-Усходняй Азіі, ці нават у разьвітых эміграцыйных краінах, дзе існуюць масы вельмі адсталага насельніцтва, тое не падыходзіць там, дзе сытуацыя ў грамадзтве іншая, і асабліва там, дзе ўладараць антынацыянальныя рэжымы і практыкуецца палітыка этнацыду тытульнай нацыі (гэта значыць, праводзіцца палітыка ўнутранай акупацыі краіны).

Па вялікаму кошту і ў рэальнасьці (так было ў эўрапейскіх краінах і нават у СССР) пасьля адказу на пытаньне пра прыналежнасьць да нацыянальнасьці пытаньне аб роднай мове траціла сэнс, бо зразумела, што ў беларуса родная мова беларуская, у немца нямецкая, а ў японца японская. Ужо іншае пытаньне, якой мовай чалавек карыстаецца ў грамадзтве і ўдома і ці валодае роднай мовай.

Розныя асымілятары карысталіся адметнымі мэтадамі асыміляцыі. Для адных галоўным было перавесьці ў сваю нацыянальнасьць, для іншых – перавярнуць у сваю мову.


Пытаньне зьнішчэньня беларускай мовы ёсьць галоўнай задачай (вось ужо 200 гадоў) расейскай палітыкі ў Беларусі
Прадуманыя маніпуляцыі рэжыму зь беларускай мовай у апытальніку перапісу зьвязаны з тым, што пытаньне зьнішчэньня беларускай мовы ёсьць галоўнай задачай (вось ужо 200 гадоў) расейскай палітыкі ў Беларусі. Ня вырашыўшы задачы русыфікацыі, Расея ніколі не справіцца і ня зьнішчыць беларускай дзяржаўнасьці, якая стала косткай у яе імпэрскім горле. Русыфікатары гэта разумеюць і таму стварылі зь перапісам у Беларусі тое, што нядаўна агучылі – маўляў, глядзіце: палова беларусаў адмовілася ад сваёй роднай мовы. (Дарэчы, родную мову па ўсялякіх прычынах можна ня ведаць, але адмовіцца ад яе немагчыма, бо гэта аб’ектыўная прыналежнасьць).

У заключэньне я хацеў бы папярэдзіць эмацыйных беларусаў, каб не заводзілі сябе ў залішне нэрвовы стан. У рэальнасьці ніякай катастрофы не адбылося. Тыя 74 адсоткі (а можа ўжо і 76, ці нават 80), што прызнаюцца да роднасьці беларускай мовы як былі, так і засталіся. Маніпуляцыйная ліпа ў 53 адсоткі, што падалі “дасьледчыкі” ад статыстыкі, няхай нікога не бянтэжыць па сутнасьці. Але трэба ўсьведамляць, што русыфікатары стварылі сабе штучны прапагандысцкі аргумэнт, якім будуць карыстацца ў сваёй разбуральнай антыбеларускай палітыцы.

Нельга прызнаваць вынікі перапісу аб мове за карэктныя і сапраўдныя
Таму трэба агучыць сутнасьць камбінацыі зь перапісам 2009 года, давесьці гэта ўсё да грамадзкасьці, у тым ліку і да міжнародных інстытуцыяў. Нельга прызнаваць вынікі перапісу аб мове за карэктныя і сапраўдныя. У сувязі з гэтым нельга карыстацца вынікамі такога перапісу ў праектаваньні разьвіцьця адукацыі і культуры і ў ацэнках статыстыкі. Маніпулятыўныя вынікі перапісу па мове павінны быць адмененыяі і разьлікі вернутыя да ўзроўню 1999 года. Для прыняцьця такога рашэньня неабходна падрыхтаваць матэр’ялы ў Канстытуцыйны суд для разгляду справы па сутнасьці парушэньня.

Зразумела, што гэта ўсё неабходныя фармальнасьці. Раэльна вырашыць пытаньне (і ўсе пытаньні) можна будзе толькі пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму і ягонай русіфікацыйнай палітыкі. Але ўжо ад сёньня людзі здаровага сэнсу, дэмакратычныя, партыйныя арганізацыі (усе, хто разумеюць сутнасьць падлогу, які правялі праз перапіс маніпулятары) не павінны б былі карыстацца і спасылацца ў сваёй працы і дзейнасьці на вынікі чарговай рэжымнай фальшыўкі.

Далейшая прысутнасьць Лукашэнкі ў палітыцы і ў кіраваньні дзяржавай стала крайне небясьпечнай для ўсёй беларускай нацыі
У апошні час я пастаянна зьвяртаю ўвагу тых, хто здольны пачуць, што далейшая прысутнасьць Лукашэнкі ў палітыцы і ў кіраваньні дзяржавай стала крайне небясьпечнай для ўсёй беларускай нацыі. Усе факты і падзеі пра гэта проста крычаць. Цяпер ён рыхтуецца незаконна балятавацца чацьверты раз і зноў удзельнічаць у фальшывых выбарах. Але, здаецца, няшмат застаецца часу, калі беларус канчаткова расплюшчыць вочы, убачыць рэальнасьць і пачне ўжо рабіць сваё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG