Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусь заўсёды была і будзе для Расеі надзейнай апорай, і ніякім палітыкам ня ўдасца разарваць гэтыя дачыненьні". Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы з генэральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам. Чаму беларускі кіраўнік зноў запэўнівае Расею ў сваёй ляяльнасьці? Ці зьяўляюцца гэтыя словы прэзыдэнта Беларусі пэўным сыгналам прымірэньня, які Менск дасылае Крамлю? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: "Хачу, каб вы разумелі: мы былі і будзем для расейскага чалавека надзейным апорай, апорай, фарпостам, як гэта ў Расеі прынята казаць. Мы заўсёды былі разам і будзем, і ніякім палітыкам не наканавана разарваць нашы дачыненьні", – заявіў, сярод іншага, Аляксандар Лукашэнка. На фоне таго, чым паліваюць кіраўніка Беларусі расейскія СМІ, такія прызнаньні могуць падацца нават недарэчнымі. Якія мэты мае кіраўнік Беларусі, зноў гаворачы пра ляяльнасьць Маскве?

Класкоўскі: Лукашэнка заўжды ў размовах з расейскімі палітыкамі робіць такія рэвэрансы. Усе свае гнеўныя заявы, філіпікі, ён робіць завочна. Чарговы раз прагучалі рытуальныя словы, і гэта ўжо робіцца "на аўтамаце", асабліва калі гэта тычыцца такой далікатнай і стратэгічнай сфэры, як ваеннае супрацоўніцтва.

Але насамрэч менавіта ў гэтай сфэры ня ўсё добра. Той самы Бардзюжа нядаўна прылятаў у Менск, гэта было 6-7 верасьня, – акурат тады Лукашэнка выбраўся на Берасьцейшчыну. То бок маскоўскаму госьцю давялося, відаць, нейкія пытаньні ўлагоджваць, бо пакуль невядома, як будзе працякаць гэтае беларускае старшынёўства ў АДКБ. Нагадаю, што менавіта ў межах АДКБ Лукашэнка "увайшоў у клінч" з Масквой найперш па кіргіскім пытаньні.

Цыганкоў: "Ці зьяўляюцца гэтыя словы прэзыдэнта Беларусі пэўным сыгналам прымірэньня, які Менск дасылае Крамлю? Яны былі сказаны менавіта 14 верасьня, калі была прызначана дата прэзыдэнцкіх выбараў

Класкоўскі: Натуральна, перад выбарамі Лукашэнка асабліва зацікаўлены ў аслабленьні прэсінгу з боку Масквы. Але наўрад ці ён мае нават у глыбіні душы ілюзіі наконт магчымасьці прымірыцца. Ён бы і ня супраць, але Масква накідае непрымальныя ўмовы. Але галоўнае – Крэмль ня верыць гэтым рытуальным пасажам.

Наадварот, падчас інфармацыйнай вайны менавіта беларускага партнэра выстаўляюць вераломным, ненадзейным хаўрусьнікам. Найперш прыводзяць прыклад, што ён не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Маскве патрэбная не рыторыка, ён патрэбны такія крокі. Але калі Лукашэнка раней не пайшоў не прызнаньне, то зараз тым болей ня пойдзе. І па гэтых ды іншых прычынах, якія прывялі да сыстэмнага канфлікту – міру ўжо ня будзе. У лепшым для Лукашэнкі выпадку можа быць толькі нейкае часовае замірэньне.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG