Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За Лукашэнку галасаваць устрымаюся — ня спраўдзіліся мае надзеі”


«Ці памятаеце, за каго вы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе? Ці сёлета вы прагаласавалі б гэтаксама?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадар: «Я ні за кога не галасаваў. Будуць годныя кандыдаты — выберам. А зараз нічога не магу сказаць».

Спадарыня: «Памятаю — за Лукашэнку. Гэтым разам устрымаюся, таму што ня спраўдзіліся мае надзеі».

Спадарыня: «За Аляксандра Лукашэнку. Гэтак жа буду й зараз: мяне задавальняе наш прэзыдэнт».

Спадар: «Натуральна, памятаю — за Мілінкевіча. Зараз пагляджу, як складзецца сытуацыя з вылучэньнем кандыдатаў — колькі іх і хто гэта будзе? Хутчэй за ўсё, буду галасаваць супраць усіх альбо зусім на выбары не пайду».

Спадар: «Я заўсёды галасаваў за Аляксандра Лукашэнку. Я — да самых костак савецкі афіцэр, я быў камуністам і ім застаўся. Я думаю, аналізую і не магу пакуль сказаць. У прынцыпе, парадак у рэспубліцы, мне падаецца, ёсьць. А што мне яшчэ трэба?!»

Спадарыня: «Ня памятаю. Я цяпер ня ведаю, якія кандыдаты будуць. Калі даведаюся пра кандыдатаў, тады й буду думаць».

Спадар: «Памятаю — за Аляксандра Рыгоравіча. Ня ведаю прэтэндэнтаў — павінен паглядзець».

Спадарыня: «Не, трэба памяняць. З Колем вельмі часта зьяўляецца. Да Колі — нельга».

Спадар: «Я памятаю, як галасаваў і дзесяць гадоў таму — супраць Лукашэнкі. Абавязкова буду супраць яго. Не падабаецца, як ён правіць. Ён паводзіць сябе так, як старшыня калгасу. Прэзыдэнт павінен кіраваць краінай. А калі павінны быць пасяўная, жніво — гэта вырашае старшыня калгасу».

Спадарыня: «У 2006? Ня памятаю! За каго буду зараз, пакуль над гэтым ня думала».

Спадар: «Тады — за Лукашэнку. Цяпер — устрымаюся. Краіна стаіць на месцы, нічога не мяняецца».

Спадарыня: «Час пакажа. Паглядзім на сытуацыю ў рэспубліцы й на кандыдатаў».

Спадар: «Я наагул не галасаваў, бо той раз сядзеў у калёніі. Там не галасуюць. Супраць Лукашэнкі буду адназначна, бо ён не падабаецца. Душаць прадпрымальніцтва!»

Спадарыня: «Скажу шчыра, не хадзіла. І ня буду. Нашы галасы нічога не вырашаюць».

Спадар: «За Лукашэнку. Цяпер не магу адказаць на гэтае пытаньне — я яшчэ ня вырашыла».

Спадарыня: «Хацелася б, каб шматдзетным сем’ям дапамагалі. Усё ў нас пакуль на словах. Свайму дапамагае, а нашым — ня хоча».
XS
SM
MD
LG