Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ф. Лук’янаў: Не прызнаўшы выбары ў Беларусі, можна выклікаць алюзіі з Расеяй


Фёдар Лук’янаў

Фёдар Лук’янаў

Пра магчымую ролю Расеі ў беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах, пра верагоднасьць непрызнаньня Масквой вынікаў гэтых выбараў і пра гэапалітычную канфігурацыю перадвыбарчай барацьбы – рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Як вы лічыце, ці будзе расейская інфармацыйная вайна супраць афіцыйнага Менску працягвацца і падчас выбарчай кампаніі, ці будуць расейскія СМІ працягваць "мачыць" Лукашэнку?

Лук'янаў: Калі нічога ня зьменіцца па галоўных пытаньнях, такіх як стаўленьне да мытнага саюзу, узгадненьне пазыцыяў у межах АДКБ, то я думаю, што гэты фон захаваецца. "Залп", які прагучаў у апошнія дні, меў ужо крыху іншы зьмест. Раней наагул казалася, што, як высьветлілася нядаўна, прэзыдэнт Беларусі падонак. Зараз была канкрэтная інфармацыйная нагода – загадкавая сьмерць апазыцыйнага журналіста, што стала бы інфармацыйнай нагодай у любым выпадку, нават калі б стасункі былі больш дружалюбныя. Але ў іншай сытуацыі афіцыйная беларуская вэрсія гучала б больш гучна. Зараз гучней іншая вэрсія. Гэта будзе працягвацца і чым бліжэй да выбараў, тым большы будзе напал.

Дракахруст: Зараз у Беларусі надзвычай модная тэма: а што будзе, калі Расея не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Тут узьнікае пытаньне, што такое непрызнаньне выбараў? Але калі гэта мае нейкі рацыянальны сэнс, то наколькі яно імаверна?

Лук’янаў: Калі казаць пра поўнае непрызнаньне, пра адмову лічыць абранага чалавека легітымным кіраўніком дзяржавы, то гэта павінна пацягнуць за сабой спыненьне любых кантактаў зь ім.

Дракахруст: Маецца на ўвазе непрызнаньне ў стылі Захаду, у тым жа сэнсе, у якім Захадам не прызнаваліся вынікі выбараў 2006 году.

Лук'янаў: Такое сабе ўявіць можна. На словах -- так, непрызнаньне, а на справе, там дзе неабходна, кантакты працягваюцца. Такое можа быць. Але калі Расея абвесьціць пра непрызнаньне вынікаў выбараў, гэта будзе азначаць, што прынцыпы расейскай палітыкі зьмяніліся.

Бо тут існуе ўнутраны рэзананс. Тое, чым Лукашэнку папракалі на Захадзе, а зараз можа пачаць папракаць Расея, тыя ж прэтэнзіі, як правіла, прад'яўляліся і да расейскіх выбараў.

І не прызнаўшы беларускія выбары, можна выклікаць некаторыя непажаданыя алюзіі з тым, што адбываецца ўнутры Расеі.
Гэта будзе моцнае рашэньне, калі яно будзе прынятае. І незразумела, як будуць разьвівацца адносіны. Наўрад ці Расея пойдзе на дэнансацыю саюзнай дзяржавы з тае прычыны, што ў адной з частак гэтай дзяржавы нелегітымны прэзыдэнт.

Дракахруст: Мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі мелі выразнае геапалітычнае вымярэньне: дзейны прэзыдэнт асацыяваўся з Расеяй, яго апанэнты – з Захадам. На ваш погляд, ці захаваецца гэтая дыспазыцыя на гэтых выбарах, ці яна зьнікне, а можа нават зьменіцца на супрацьлеглую?

Лук'янаў: Падобная сытуацыя малаверагодная пасьля таго, што было сказана і зроблена ў апошнія паўгода. Гледзячы на інфармацыйны фон асьвятленьня дзейнасьці прэзыдэнта Беларусі ў Расеі, цяжка сябе ўявіць, што да выбараў усё вернецца да таго, як яно было на мінулых выбарчых кампаніях. І ня бачна ніякага збліжэньня пазыцыяў. Інтэнсіўнасьць канфлікту ў публічнай сфэры крыху зьнізілася ў апошнія тыдні, але канфлікт ня вырашаны. І апынуцца ў пазыцыі расейскага фаварыта Лукашэнку ўжо немагчыма.

Што тычыцца таго, ці не памяняюцца бакі месцамі – гэта наўрад ці. Захаду кардынальна памяць сваю пазыцыю і высьветліць, што ў Беларусі з дэмакратыяй усё ня так і кепска – мне здаецца гэта будзе крыху непрыстойна, ня кажучы ўжо пра тое, што агульная сытуацыя ў сьвеце такая, што і для ЭЗ, і для ЗША гэта не першачарговае пытаньне. Яшчэ 2 гады таму гэта магло б мець канфліктны патэнцыял паміж Расеяй і Захадам, але зараз Захаду не да гэтага.

Гэта новая сытуацыя для прэзыдэнта Беларусі, калі нэгатыўны інфармацыйны фон будзе з абодвух бакоў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG