Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве вынесьлі сьмяротны прысуд забойцу


Магілёўскі абласны суд сёньня вынес сьмяротны прысуд Ігару Мяліку, удзельніку бандыцкай групоўкі, якая займалася разбоем на шашы Гомель — Магілёў. Ягонаму падзельніку Аляксандру Сычову прысудзілі пажыцьцёвае пакараньне. Абодва асуджаныя — жыхары Гомелю.

За судовым працэсам сачыў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Ён удзельнік кампаніі «Не — сьмяротнаму пакараньню». Паводле яго, Сычова й Мяліка прызналі вінаватымі ў забойстве дзьвюх і болей асоб, бандытызьме, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

Бухель: «Рабавалі яны людзей, якія ехалі на машынах транзытам праз Магілёўшчыну не зь беларускімі нумарамі й спыняліся адпачыць. Віну сваю яны прызналі. Прасілі літасьці. Выбачаліся перад роднымі пацярпелых. Адвакаты асуджаных будуць падаваць апэляцыі. У склад групоўкі ўваходзілі тры чалавекі. Верхаводзіў у ёй заснавальнік Беларускага рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня джыў-джытсу і самаабароны Аляксандар Козыраў. Ён да суду не дажыў, раптоўна памёр у турме. Мялік і Сычоў былі трэнэрамі ў аб’яднаньні. Абодва служылі ў дэсантных войсках».

Арыштавалі банду летась у верасьні. Як вызначыў суд, за тры месяцы злачынцы забілі чатырох чалавек — грамадзянаў Расеі і Малдовы.


XS
SM
MD
LG