Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца ў нядзелю 19 сьнежня 2010 году. Такое рашэньне прыняла сёньня Палата прадстаўнікоў. Яно канчатковае, бо, згодна з Канстытуцыяй, дата правядзеньня выбараў — выключная прэрагатыва ніжняй палаты Нацыянальнага сходу.

Старшыня парлямэнцкай камісіі Васіль Байкоў сказаў дэпутатам, што камісія разглядала некалькі варыянтаў тэрміну галасаваньня. Канкрэтных дат ён не назваў, але пасьля паседжаньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына прызналася, што іх было тры — 12 і 19 сьнежня 2010 году і 6 лютага 2011 году.

Спадар Байкоў назваў тэрмін 19 сьнежня аптымальным:

«Пры вызначэньні даты выбараў камісія зыходзіла з таго, каб забясьпечыць максымальны ўдзел грамадзянаў у выбарчай кампаніі і правесьці яе ў зручны для выбарцаў час. Правядзеньне выбараў да канца году дазволіць бяз страты часу на выбарчы працэс, літаральна з пачатку 2011 году прыступіць да ажыцьцяўленьня задач сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на чарговы год і пяцігодку».

Толькі адзін дэпутат, Анатоль Глаз, публічна прапанаваў іншую дату — 6 лютага. Ягоныя калегі, у прыватнасьці — Генадзь Давыдзька, Марыя Бірукова, Аляксандар Юшкевіч ды іншыя, прамаўлялі ў падтрымку правядзеньня выбараў 19 сьнежня. Так, Ігар Карпенка наступным чынам аргумэнтаваў менавіта гэтую дату як найлепшую:
Калі мы прызначым дату выбараў на пазьнейшы час, то яны прыпадуць на канікулы. Ну, і плюс студэнты…

«Пераважна выбарчыя ўчасткі разьмяшчаюцца ў школах. У выбарчай кампаніі задзейнічана, як правіла, шмат настаўнікаў. І калі мы прызначым дату выбараў на пазьнейшы час, то яны прыпадуць на канікулы. Ну, і плюс студэнты. Не хацелася б іх адрываць ад пэрыяду сэсіі, асноўнай вучобы».

Дэпутат Уладзімер Кужанаў сваю падтрымку даты 19 сьнежня абгрунтаваў «эканамічнымі разьлікамі»:

«Калі выбары праводзіць у лютым, то Савет Міністраў і ўся вэртыкаль выканаўчай улады ўцягнуцца ў праблему падрыхтоўкі выбараў, і два месяцы актыўнай працы выпадаюць. А я лічу, што пры напружаным бюджэце ўсе павінны працаваць з 1 студзеня ў поўную сілу».

Дэбаты скончыліся тым, што за выбары 19 сьнежня прагаласавалі ўсе 108 дэпутатаў, якія зарэгістраваліся ў Авальнай залі.

Сёньня ж Лідзія Ярмошына паведаміла, што прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Беларусі павінны падаць у Цэнтравыбаркам заявы пра рэгістрацыю ініцыятыўных групаў цягам 10 дзён — не пазьней як 24 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG