Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня будзе фэрмэраў – зьнікне ня толькі грэчкі, а нават бульба і яблыкі..."


У эфіры "Званкі на Свабоду". Дачыненьні паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі, вынікі апошняга перапісу насельніцтва, становішча на харчовым рынку краіны, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на "Свабоду".

"Кіраўнік ураду Расеі Ўладзімер Пуцін загадаў рыхтаваць замах на Аляксандра Лукашэнку" — так заявіў у інтэрнэце невядомы, які назваўся "былым супрацоўнікам адной са спэцслужбаў Расейскай Фэдэрацыі". Камэнтар слухача "Свабоды":

Андрэй, Салігорск: "Лухта! Зноў напад на Лукашэнку — гэта паўтор сцэнару 1994-га году. Нікому гэта ня выгадна, апрача Лукашэнкі. Лукашэнка пачынае пускаць пыл у вочы людзям: маўляў, глядзіце, які важны, нават Пуцін на мяне нападае. Вось перадвыбарчая кампанія, зьвёны аднаго ланцуга: забойства журналіста — і яшчэ ня гэта будзе, пачакайце".

Паводле афіцыйных вынікаў апошняга перапісу, у Беларусі жывуць 84% беларусаў, але беларускую мову роднай называюць толькі 53%. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Надзея, Менск: "Вось вы так усур’ёз абмяркоўваеце дадзеныя апошняга перапісу і яшчэ параўноўваеце з 1999-м годам. Але ж трэба ўлічваць, што ў 1999 годзе рукі нашага дыктатара яшчэ не дацягнуліся да дадзеных перапісу, таму тыя дадзеныя можна лічыць больш-менш праўдзівымі. Ён любіць маніпуляваць лічбамі: ён і даты пераносіць, і лічбы фальсыфікуе. Дык чаму ж не падправіць дадзеныя перапісу ў патрэбным кірунку — для зручнасьці?"

Спадарыня:
"Хачу нагадаць, што мова — гэта самы моцны памежны слуп, гэта наша культура, гэта вэрбальны код, сувязь з продкамі, з Космасам. Калі яна будзе страчана — нацыя згіне. З рускай мовай мы зноў прыйдзем у Расейскую імпэрыю".

На харчовым рынку розных рэгіёнаў Беларусі — ажыятажны попыт на шэраг прадуктаў харчаваньня: грэчку, сьметанковае масла і некаторыя іншыя. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадар: "Запытайцеся ў нашага прэзыдэнта, чаму ў Клімавічах пасьля зьмены мясцовага кіраўніцтва прапала ў раёне малако".

Ларыса, Менск: "Горад трэба разгружаць і арганізоўваць фэрмэрскія гаспадаркі, дзе будуць працоўныя месцы як бацькам, так і іх дзецям. Інакш ня будзе ня толькі грэчкі, а нават бульбы і яблыкаў. Будзем усё завозіць".

Спадарыня: "11 верасьня я наведала Ракаўскі кірмаш, разгаманіліся з адным гандляром зь Берасьця. Ён мне сказаў, што ў іх вялікі ўраджай бульбы, але гэтую бульбу вывозяць людзі з Каўказу ў іншыя рэспублікі, у Маскву, прыяжджаюць з фурамі і забіраюць усё: моркву, бульбу, цыбулю — усю гародніну. Бульбу калгасы здаюць па 1100 рублёў за кіляграм. Што будзе далей — невядома. На нашым базары бульба — па 2 тысячы, буракі, морква і цыбуля — таксама. Якія ў нас будуць цэны — невядома. Мы дазваляем вывозіць наш тавар па нізкіх коштах, а самі будзем купляць зімой гнілую гародніну па вялікіх цэнах".

Выказваньні камэнтуе палітык і эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
"Рынак дыктуе свае законы. З аднаго боку — мы ўступілі ў адзіную мытную прастору, а зь іншага — там рынкавая эканоміка, а ў нас цэны ўсталёўвае дзяржава. І сапраўды можам застацца бяз бульбы, бо нельга адразу сядзець на двух крэслах — плянавай эканоміцы і вольных межах зь іншымі краінамі".

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы.

Спадар: "Набліжаецца памятны дзень 17 верасьня 1939 году для беларусаў Беласточчыны. Усе мы пазналі, якое было вызваленьне і аб’яднаньне: раскулачваньне і перасяленьне да белых мядзьведзяў. Перажылі халодную зіму і гарачае лета 1940 году".

Спадар: "Жыцьцё ў Беларусі падобнае да стаячага сьмярдзючага балота, вось і ўсё".

Ціна: "Учора паслухала "Званочкі" і хачу сказаць вам камплімэнт. Калі некаторыя з пастаянных слухачоў так сварацца і называюць вас "дубовым", значыць, вы чагосьці вартыя. Добрае радыё, значыць — чапляе, значыць — сапраўднае. Удачы".

Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG