Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Ці будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі лідэр руху “За свабоду”, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч?


Мілінкевіч:
Зараз мы праводзім інтэнсіўныя кансультацыі з партнэрамі, якія падзяляюць найважнейшыя для нас каштоўнасьці, і я думаю, што да канца тыдня будзе абвешчана, у якім фармаце я і рух "За свабоду" ўдзельнічае ў выбарах.

Дракахруст: Летась на Эўрапейскім кангрэсе і сёлета ў траўні вы даволі адназначна і ўпэўнена заяўлялі, што вы асабіста будзеце ўдзельнічаць у выбарах. А што здарылася, што гэта стала пытаньнем?

Мілінкевіч:
Пытаньне ёсьць. І калі праграма прадстаўлялася ў траўні, таксама вылучаліся ўмовы. Не было так, што 100-працэнтна, ўра, пераможам. Былі ўмовы даволі жорсткія, і паводле гэтых умоваў і прымаецца рашэньне. Я б не хацеў апярэджваць падзею. Да канца тыдня мы абмяркуем з нашымі партнэрамі. Гэта не самастойнае рашэньне, гэта рашэньне цэлай групы людзей, якія падзяляюць погляды, што найважнейшым для нас зьяўляецца незалежнасьць і эўрапейскі шлях, і абавязкова аб'явім ад гэтым.

Дракахруст:
Тое, што вы назвалі партнэрамі, гэта тыя акрамя вас кандыдаты, якая сустракаліся ў Берштах -- Костусеў, Міхалевіч і Глушакоў, ці размова ідзе пра больш шырокае кола людзей?

Мілінкевіч: Гэта залежыць ад таго, які шлях і стратэгію абяруць на гэтых выбарах канкрэтныя прэтэндэнты. Акрамя таго мы працуем зараз і з грамадзкімі арганізацыямі, і з маладзёвымі, хацелі б, каб у нас была скаардынаваная пазыцыя. Я больш за ўсё хачу сказаць, што выбары, на якіх зараз усе зацыкленыя, безумоўна, важная рэч, на іх канцэнтрацыя ўвагі, але усім зразумела, што выбараў у Беларусі не было і гэта ня будуць выбары. І нам вельмі важна, каб Беларусь мела пэрспэктыву. І мне хацелася б, каб кожныя выбары прыводзілі да пэўных зьменаў у краіне – і ў думках людзей, і ў паводзінах улады, і ў дзеяньнях апазыцыі. Гэта вельмі важна. Калі тэатар, які робіць улада, не зьяўляецца выбарамі ў дэмакратычным сэнсе, то мы павінны ставіць больш шырокія мэты. Я лічу, што гэта прынцыпова.

Дракахруст: А калі вы прымеце рашэньне не ўдзельнічаць у выбарах? Вы зьбіраецеся заклікаць сваіх прыхільнікаў падтрымаць іншага кандыдата, ці вы проста пасуеце, так бы мовіць, у гэтай сытуацыі?

Мілінкевіч: Няўдзел – гэта не маё. Я ўдзельнічаў у мясцовых, у парлямэнцкіх выбарах, актыўна езьдзіў па краіне, выступаў побач з дэмакратычнымі кандыдатамі, дэманстраваў, што ў нас сапраўды ёсьць шырокая каманда па ўсёй краіне. Таму на гэтых выбарах, канечне, для мяне бліжэй актыўны удзел ( у выглядзе каго, мы вырашым), а не пасіўны байкот.

Дракахруст:
Ці ня лічыце вы, што сыход з кампаніі самага рэйтынгавага, вядомага кандыдата будзе азначаць і успрымацца многімі ў краіне і за яе межамі як параза ўвогуле ўсяго нацыянальна-дэмакратычнага лягеру?

Мілінкевіч: Не, я так не думаю. Я думаю, што ўсё будзе залежыць ад таго, як будзе аргумэнтаваны ўдзел ці няўдзел, і, па-другое, якая будзе наступная дзейнасьць, Таму што "выбары", якія зараз адбываюцца, гэта, на самой справе, маленькая частка вялікай стратэгіі змаганьня за краіну.

Дракахруст: Ды калі абвесьціце пра рашэньне?

Мілінкевіч: Да канца тыдня.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG