Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька: адкладаць выбары далей — гэта больш небясьпечна


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 19 сьнежня. Як да гэтага ставяцца ў апазыцыі? Ці чаканая гэтая дата і ці спрыяльная для правядзеньня выбарчай кампаніі?

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што прагноз ягоных аднадумцаў фактычна спраўдзіўся. Але для апазыцыі ўсё роўна, якая дата выбараў прызначаная, бо ёсьць рэсурс, напрацаваны за апошнія гады.

"Улада знаходзіцца ў ня менш складанай сытуацыі, чым апазыцыя. Для ўлады выбар — паміж горшым і яшчэ больш дрэнным. Што тычыцца нас, дык тут усё на маршы, у нас створана вэртыкаль, ёсьць цэнтры і рэгіянальныя штабы, ёсьць ініцыятыўная група па зборы подпісаў. Што да каардынацыі дзейнасьці ў межах апазыцыі, дык тут сытуацыя больш складная. У любым выпадку з усіх выбарчых прэзыдэнцкіх кампаній гэтая будзе самай цікавай. Яна стварае для прыхільнікаў пераменаў найбольшы шанец на зьмены ў краіне. Рэалізуем мы гэты шанец ці не — пакажа час".

Чаму ж улады пайшлі на выбары менавіта ў гэтым годзе?

"Гэта зьвязана са складанасьцю яе сытуацыі. Бо адкладаць далей — гэта больш небясьпечна. У сьнежні яшчэ можна прадаваць выбарцам перамовы з Расеяй па энэрганосьбітах, а ў наступным годзе ўсё ўжо стане зразумелым — якія кошты і чым гэта пагражае для краіны і для людзей. З другога боку, тут можна яшчэ зрабіць спробу купіць галасы выбарцаў, падняўшы заробкі, яшчэ моцна не падняўшы кошты на камунальныя паслугі. А чым далей, тым гэта робіць складаней, бо кошты на цэньніках адразу падскочаць. Таму чым раней, тым лепш для Лукашэнкі і ягонай каманды".
XS
SM
MD
LG