Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнты на кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі павінны падаць у ЦВК заявы пра рэгістрацыю ініцыятыўных групаў не пазьней за 24 верасьня, паведаміла старшыня Лідзія Ярмошына.


11.40 Лазавік: істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства ня ўносяцца пасьля старту выбарчай кампаніі

11.18 Прэтэндэнты на кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі павінны падаць у ЦВК заявы пра рэгістрацыю ініцыятыўных групаў не пазьней за 24 верасьня, паведаміла старшыня Лідзія Ярмошына.

"Гэтыя групы будуць зарэгістраваныя ў пяцідзённы тэрмін", – адзначыла яна.

11.15 Ярмошына: Першае паседжаньне ЦВК па прэзыдэнцкіх выбарах прызначанае на 11.00 15 верасьня.

Ярмошына ўдакладніла, што фінансаваньне выбараў прэзыдэнта будзе ісьці зь бюджэту на 2010 год. На выбары выдаткоўваецца 37 мільярдаў рублёў.

"Зь іх 27 мільярдаў на першы тур і каля 11 мільярдаў – на другі, калі ён спатрэбіцца", – удакладніла Ярмошнына.

11.06 Каляндар выбараў

11.00 Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў якасьці варыянтаў даты правядзеньня разглядаліся: 12 і 19 сьнежня, а таксама 6-га лютага.

10.55 Дата выбараў прэзыдэнта прызначаная – 19 сьнежня. За гэта прагаласавала 108 дэпутатаў.

10.50 Дэпутат Анатоль Глаз прапанаваў альтэрнатыўную дату – 6 лютага.

Аднак ініцыятыву Глаза ніхто з дэпутатаў не падтрымаў.

10.35 Старшыня Камісіі па рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў дэпутат Васіль Байкоў прапанаваў правесьці выбары прэзыдэнта Беларусі 19 сьнежня 2010 году. Байкоў сказаў, што камісія ў вызначэньні даты сыходзіла зь дзьвюх прычынаў:

  • каб у выбарах паўдзельнічала максымальная колькасьць выбарцаў
  • правядзеньне выбараў да канца году дазволіць узяцца за ажыцьцяўленьне плянаў і задумаў на пяцігодку.

Дэпутаты пачалі абмяркоўваць дату выбараў.



Паводле Канстытуцыі Беларусі, выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней за два месяцы да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта. Прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі канчаюцца 6 красавіка 2011 году. Такім чынам, скрайні тэрмін правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў – 6 лютага 2011 году, а іх скрайні тэрмін прызначэньня даты – 6 лістапада 2010 году.

Пра свой удзел у выбарах на ўжо заявілі:

  • Сяргей Гайдукевіч, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі
  • Юры Глушакоў, старшыня экалягічнай партыі "Зялёныя"
  • Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Партыі БНФ
  • Алесь Міхалевіч, палітык
  • Уладзімер Някляеў, кіраўнік кампаніі "Гавары праўду"
  • Яраслаў Раманчук, намесьнік кіраўніка АГП
  • Віталь Рымашэўскі, сузаснавальнік Партыі БХД
  • Андрэй Саньнікаў, кіраўнік кааліцыі "Эўрапейская Беларусь"
  • Мікола Статкевіч, каардынатар "Эўрапейскай кааліцыі"
  • Валеры Фралоў, былы дэпутат палаты прадстаўнікоў
  • Віктар Цярэшчанка, старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG