Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 верасьня адбудзецца пленарнае паседжаньне пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты ў другім чытаньні разгледзяць бюджэт краіны на 2011 год, а таксама зьмены ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы. Некаторыя аналітыкі не выключаюць, што сёньня будзе аб'яўленая і дата правядзеньня чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

У якім годзе — 2010 альбо 2011 — пройдуць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, зробіцца зразумела пасьля завяршэньня паседжаньня Рады Палаты прадстаўнікоў. Яго заплянавалі на 9.15 менскага часу 14 верасьня, за 45 хвілінаў да адкрыцьця пленарнага паседжаньня. Менавіта Рада фармуе, а затым прапануе астатнім дэпутатам зацьвердзіць парадак дня.

Іншых пасяджэньняў Палаты ў верасьні не прадугледжана. І таму наступным разам дэпутаты зьбяруцца толькі ў панядзелак 4 кастрычніка, калі пачнецца чарговая сэсія. Аднак на ёй прызначыць выбары сёлета ўжо не атрымаецца. Ня хопіць часу. Вось як тлумачыць сытуацыю сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
"З моманту прыняцьця рашэньня Палатай прадстаўнікоў да дня выбараў павінна прайсьці тры месяцы. Гэта — канстытуцыйная норма. І гэты час неабходны для таго, каб выканаць усе перадвыбарныя працэдуры ў адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам".

Каардынатар плянава-аналітычнай групы Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Вацлаў Арэшка лічыць: "рэжым не сьпяшаецца з вызначэньнем даты выбараў":

"У мяне такое адчуваньне, што ён ня ўпэўнены ў будучыні. І нават псыхалягічна ў такой сытуацыі існуе жаданьне адцягнуць важны момант, лепш да яго падрыхтавацца. Потым мне здаецца, што ўлады хочуць знайсьці нейкія эканамічныя захады, якія сталі б козырамі ў гэтай гульні.
Вацлаў Арэшка

І ёсьць яшчэ адзін фактар, які, можа быць, адыгрывае сваю ролю. Мы бачым, што апазыцыя да сёньняшняга дня ня ў стане сканцэнтраваць свае высілкі. І таму тэрмін — месяц туды, месяц сюды — ужо не адыгрывае вялікай ролі".

Што тычыцца фінансавых пытаньняў, то праект бюджэту сфармаваны, зыходзячы з тэмпаў росту Валавога Ўнутранага прадукту на ўзроўні 110%. Найбольш вызначальныя лічбы галоўнага фінансавага дакумэнту краіны такія: сярэднегадавы курс даляру складзе 3170 рублёў, інфляцыя — 8%, Беларусь хоча пазычыць 2,2 мільярды даляраў, дэфіцыт бюджэту складзе 6 трыльёнаў рублёў альбо 3% ад ВУП.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць гэтыя лічбы нерэальнымі. Напрыклад, пра курс даляру эканаміст выказваецца так:
Леанід Заіка

"Я ня думаю, што можна захаваць такі ціск, бо гандлёвы дэфіцыт узрастае. 3170 — гэта тры, максымум чатыры працэнты росту. Не, я думаю, будзе працэнтаў 10. 3300 рублёў можа быць ужо да сярэдзіны года".

А вось што кажа спадар Заіка пра зьнешнія пазыкі беларускай дзяржавы:

"Гэта не пытаньне — грошы можна пазычаць. Пытаньне ў іншым: пад якія працэнты браць і калі іх аддаваць? Два мільярды даляраў гэта зашмат для аднаго звычайнага года. Тады можна спытаць: а навошта павышаць заробкі бюджэтнікам, калі вы зьбіраецеся пазычаць грошы?"

У Выбарчым кодэксе зафіксавана, што асноўнае галасаваньне на выбарах у Беларусі адбываецца выключна ў нядзелю. І калі выбары прызначыць на 2011 год, то застаюцца толькі наступныя варыянты даты выбараў: 9, 16, 23, 30 студзеня, 6 лютага.
XS
SM
MD
LG