Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыл Пазьняк: Відэа ананіма — пародыя на інфармацыйную вайну


Кірыл Пазьняк

Кірыл Пазьняк

У інтэрнэце зьявіўся ананімны відэазапіс, аўтар якога прадставіўся «былым супрацоўнікам адной са спэцслужбаў Расеі», і папярэджвае, што прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін нібыта стварыў групу для ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі. Названы магчымыя сцэнары ліквідацыі: выкарыстаньне выбуховай прылады ў аўтамабілі ці самалёце, атручваньне, выкарыстаньне снайпэра. Каму палітычна выгадна зьяўленьне такога абвінавачваньня ў Інтэрнэце, каму можна прыпісаць «аўтарства» гэтага відэа? Якія яшчэ крокі ў інфармацыйнай вайне можна чакаць напярэдадні выбараў? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк.


Цыганкоў: Каму больш палітычнай выгады (ці небясьпекі) нясе ананімны відэазапіс? На форумах выказваюцца меркаваньні, што гэта справа рук спэцслужбаў Беларусі, іншыя ж упэўнены, што гэта работа спэцслужбаў Расеі. Паколькі ніхто ня мае нейкіх доказаў, то варта прааналізаваць, каму выгадна зьяўленьне такога відэа?

Пазьняк: Калі я глядзеў гэты ролік, то першай маёй рэакцыяй была ўсьмешка на вуснах. І першай думкай было, што гэта някепская пародыя на інфармацыйную вайну паміж Масквой і Менскам. Калі адштурхоўвацца ад гэтага, то іронія ўсё ж больш уласьцівая расейскаму боку.

Калі ацаніць інфармацыйную вайну, то пакуль я не заўважыў нейкіх моцных кропкавых удараў з абодвух бакоў, а ідзе своеасаблівы артабстрэл, які стварае пэўны псыхалягічны фон, акрэсьлівае пэўныя тэндэнцыі. Ствараецца нэрвовая атмасфэра, нагнятаньне гістэрыі. Калі разважаць з гэтага пункту гледжаньня, то гэта таксама больш выгадна расейскаму боку.
Беларускія ўлады і так даволі жорстка ўсё трымаюць і ў нейкіх надзвычайных захадах няма патрэбы.

Які можа быць аргумэнт за тое, што гэта «праца» беларускіх спэцслужбаў? Маўляў, гэта зроблена для таго, каб чарговы раз заціснуць гайкі, каб яшчэ больш прыціскаць і кантраляваць апазыцыю. Але мне здаецца, што беларускія ўлады і так даволі жорстка ўсё трымаюць і ў нейкіх надзвычайных захадах няма патрэбы.

Цыганкоў: А апошнім сюжэце на «Першым канале» расейскага тэлебачаньня было заяўлена, што Аляксандар Лукашэнка, як паказваюць незалежныя сацыёлягі (ніякіх канкрэтных спасылак не давалася), гэтыя выбары выйграць ня можа. Ці можа быць гэта нейкім новым крокам расейскіх СМІ, ці можна меркаваць, якой будзе далейшая стратэгія ў інфармацыйнай вайне?

Пазьняк: Мне здаецца, што Масква наўрад ці мае рэальны спадзеў на тое, што ёй на гэтых выбарах удасца зрынуць Лукашэнку. Найхутчэй, гэта інфармацыйная кампанія разьлічаная на сярэднетэрміновы пэрыяд (год-два), каб аслабіць пазыцыі Лукашэнкі і дачакацца магчымага эканамічнага крызісу, дачакацца зьяўленьня нейкага прарасейскага кандыдата, які, можа, выкрышталізуецца зь нейкіх намэнклятурных колаў. Вось тады ўжо пойдзе сур’ёзная гульня.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG