Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы абмяркоўваюць ініцыяванае ўладамі маштабнае сьвята гораду, эканамічную сытуацыю ў рэгіёнах, а таксама становішча беларускай мовы ў школах.

Наша слухачка падзялілася сваімі ўражаньнямі пасьля таго, як праглядзела па тэлебачаньні рэпартаж з афіцыйнага сьвяткаваньня дня гораду.

«Учора паглядзела па БТ адкрыцьцё Парка Перамогі ў Менску — цудоўна, прыгожа. Але пры той галоце, якая пануе ў нашых сёлах, дык гэта занадта, бо наша беларускае сяло, як ніколі, на краю пагібелі. Дарогі як пасьля вайны, хаты у бур’янах, вада у калодзежах, прыбіральні за хлявом, у якіх з-пад нізу сьвішча вецер, праца ў гаўне і за капейкі.

Скажаце — аграгарадкі. Дык гэта ж кветкі сярод сьметніку! І гэтых кветак нейкіх там дзьве тысячы. На мой погляд, дзяржава ўзаконена ўціскае сяло. А сяло — гэта падмурак дзяржавы, рухне падмурак — рухне і дзяржава. А яны нам па тэлевізіі забавы ў Менску паказваюць! Тыя б грошы ў сяло, і не падачкамі, а цаной за сялянскую працу і прадукты харчаваньня. Наогул у нас добра толькі на беларускім тэлевізары і радыё. І куды мы ідзем?»


Віктар Івашкевіч
Палітык Віктар Івашкевіч камэнтуе званок нашай слухачкі:

«У таталітарных рэжымах на першым пляне заўсёды паказуха. І таму, натуральна, грошы, якімі распараджаецца дыктатар, у першую чаргу ўкладаюцца ў прэстыжныя „паказушныя“ праекты ці то піраміды, ці супэр-палацы.

А ў дэмакратычных краінах большасьць грошай застаюцца ў мясцовых самакіраваньнях, каб яны самі вырашалі, на што ім накіроўваць гэтыя грошы ў сваіх гарадках, вёсках і г.д.

Дзеля таго, каб на месцах нешта будавалася, то трэба зьмяніць сыстэму з дыктатарскай на дэмакратычную, каб у нас рэальна было самакіраваньне, забясьпечанае бюджэтам».

Слухачка Свабоды не хавае свайго нэгатыўнага ўражаньня ад вынікаў перапісу наконт становішча беларускай мовы ў краіне:

«Пра паказьнікі з апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі сказалі ўжо шмат, а шок яшчэ не прайшоў. Шмат гадоў беларускі прэзыдэнт дэманстраваў грэблівае стаўленьне да беларускай мовы. На момант перапісу ён упэўнена сказаў, што родная мова — беларуская, таму што беларус. А палова насельнікаў усё ж упэўнена адмовілася ад беларускасьці. Фальш, які ім не на карысьць, электарат ўлоўлівае добра.

Міністэрства адукацыі агучыла, што 52 адсоткі школ навучаецца цяпер па-беларуску. Дзіўнае супадзеньне зь перапісам. 53 адсоткі беларусаў са сваёй мовай роднай. Якая інтуіцыя ў чыноўнікаў! А чаму ж яны зусім выгналі з вышэйшай школы родную мову? Толькі па-сапраўднаму дзіўна, што наогул хоць 53 адсоткі яшчэ зь беларускасьцю. А можа, і дэмаралізацыя грамадзтва ў Беларусі таксама недзе пад 50 адсоткаў...»


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка параўнаў перапіс насельніцтва ў мінулыя часы з апошнім і зрабіў несуцяшальную выснову:

«Я не паленаваўся зрабіць графік перапісу ад 1897 году і аказалася, што адсотак як этнічных беларусаў, так і ўсяго насельніцтва, якое лічыць роднай мовай беларускую, цяпер найніжэйшы.

Сытуацыя горшая, чым яна была за царом, і нават чым яна была за Сталіным.

Пасьля ўсплёску 1999 году, калі па інэрцыі і дзякуючы таму, што былі беларускія школы, і ва ўнівэрсытэты пранікала мова, болей людзей палічылі роднай мовай беларускую і прызналіся, што карыстаюцца ёй штодня.

Цяпер мы назіраем неверагодны спад. 2% ў год мы страчваем. Такой сытуацыі ня ведае ніводная з постсавецкіх ці з посткамуністычных краінаў.

Няма чаго дзівіцца. Бо сёньня ў Менску беларускія школы можна пералічыць па пальцах адной рукі. Мы ведаем, што людзі, якія змагаюцца за беларускую мову, адчуваюць моцны супраціў з боку чынавенства. Вінаваціць звычайных людзей тут не выпадае, калі як бацька школьніцы я бегаю па кнігарнях у пошуках рабочых сшыткаў, атласаў па-беларуску, а па-расейску іх колькі хочаш. Гэта ёсьць дыскрымінацыяй і заштурхоўваньнем ў маргінальны стан носьбітаў беларускай мовы».

Людзі тэлефануюць і распавядаюць пра свае назіраньні. Наш слухач з Масквы выказаў сваю думку:

«Сьвята Байран у Маскве сабрала 55 тысяч вернікаў. Дэмакраты адпачываюць, ім такіх збораў ужо не відаць. Будучыня за рэлігійнымі групоўкамі і ў Беларусі, і ў Расеі, мусульманства і хрысьціянства, ці кітайская рэлігія».


Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё «Свабода».




XS
SM
MD
LG