Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнта абяруць у 2011 годзе?


14 верасьня адбудзецца другое паседжаньне пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты будуць прымаць у другім і апошнім чытаньні бюджэт краіны на 2011 год, а таксама зьмяненьні ў Бюджэтны і Падатковы кодэксы. Некаторыя назіральнікі лічаць, што заўтра можа быць названая і дата выбараў кіраўніка беларускай дзяржавы.

Выбары прэзыдэнта, згодна з Канстытуцыяй, прызначае выключна Палата прадстаўнікоў. Заўтра ў 9.15 плянуецца паседжаньне Рады палаты. Менавіта яна сфармуе парадак дня пленарнага паседжаньня. Затым усім дэпутатам прапануюць яго зацьвердзіць.

Пакуль ніхто з дэпутатаў, зь якімі я сёньня патрапіў паразмаўляць, не сказаў, што пытаньне аб прызначэньні выбараў будзе разглядацца 14 верасьня. Нічога новага на гэты конт ня ведаюць і ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, — кажа яе сакратар Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
"Магу сказаць толькі адно: мы, як і ўсе іншыя зацікаўленыя суб'екты, чакаем калі выбары будуць аб'яўленыя. Але на сёньняшні дзень пакуль ніякай новай інфармацыі ў нас няма".

У прыкладным графіку працы на верасень, які дэпутаты атрымалі яшчэ тыдзень таму, іншых пасяджэньняў Палаты ў верасьні няма. А гэта азначае, што калі выбары не прызначаць заўтра, то дэпутаты наступным разам мусяць сабрацца толькі 2 кастрычніка, ужо на чарговую сэсію. Але 2 кастрычніка — гэта субота. Таму першае паседжаньне адбудзецца 4 кастрычніка. І нават калі адразу ў гэты ж дзень назавуць дату выбараў, то галасаваньне адбудзецца толькі ў 2011 годзе.

Спадар Лазавік тлумачыць, чаму ў такім выпадку выбары ня могуць прайсьці сёлета:

"З моманту прыняцьця рашэньня Палатай прадстаўнікоў да дня выбараў павінна прайсьці тры месяцы. Гэта — канстытуцыйная норма. І гэты час неабходны для таго, каб выканаць усе перадвыбарныя працэдуры ў адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам".

Такім чынам выбары прэзыдэнта могуць прайсьці ў пэрыяд з 4 студзеня па 6 лютага. Але паколькі ў Выбарчым кодэксе зафіксавана, што асноўнае галасаваньне адбываецца выключна ў нядзелю, то застаюцца толькі наступныя варыянты даты выбараў: 9, 16, 23, 30 студзеня ды 6 лютага.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі кажа: на месцы Аляксандра Лукашэнкі ён бы прызначыў галасаваньне на люты:

Віталь Рымашэўскі
"Адпаведна збор подпісаў прыпадзе на сьвяты. І валянцёрам будзе безумоўна шмат цяжэй зьбіраць подпісы. А чым раней яны будуць прызначаны, тым лягчэй будзе працаваць прыхільнікам кожнага дэмакратычнага кандыдата".

Каб афіцыйна зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты, неабходна сабраць ня менш за сто тысяч подпісаў у сваю падтрымку зь ліку грамадзянаў Беларусі, якія маюць права галасаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG