Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маніторынг: лепш, чым раней, горш, чым хацелася б

  • БелаПАН

Сёньняшняя сытуацыя з правамі чалавека напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі лепшая, чым перад апошнімі электаральнымі кампаніямі, але перамены да лепшага зусім не сыстэмныя.


Такая выснова ўтрымліваецца ў сёмым сумесным маніторынгу, які зрабілі недзяржаўныя арганізацыі Беларусі. Ён ахоплівае пэрыяд з кастрычніка 2008 года да верасьня 2010 года. У маніторынгу утрымліваюцца рэкамэндацыі да Эўрапейскага Зьвязу.

Алег Гулак
Кіраўнік праваабарончага Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак адзначыў, што няма прагрэсу, у першую чаргу, на заканадаўчым узроўні. Не былі адмененыя сьмяротная кара і крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а закон аб альтэрнатыўнай службе ў арміі распрацоўваецца вельмі марудна.

Восеньню 2008 года, пасьля таго як на волю выйшлі апошнія з прызнаных Захадам беларускіх палітзьняволеных, ЭЗ упершыню часткова прыпыніў дзеяньне візавых санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Беларускія ўлады ў адказ на пажаданьні Захаду ў 2008—2009 гадах зрабілі шэраг крокаў у адказ. Дзьве незалежныя газэты вярнуліся ў дзяржсыстэму падпіскі і распаўсюджваньня, прайшоў шэраг сэмінараў аб свабодзе прэсы і інтэрнэт-СМІ, пры адміністрацыі прэзыдэнта і ўрадзе былі створаныя кансультацыйныя саветы, куды запрошаныя асобныя прадстаўнікі апазыцыйных колаў.

У адказ на пяць рэкамэндацый, якія Эўразьвяз у 2008 годзе выпрацаваў для беларускіх уладаў, грамадзкія актывісты і праваабаронцы выпрацавалі пяць рэкамэндацый Брусэлю.

Так, калі ЭЗ хоча спрыяць больш грунтоўным і пасьлядоўным дэмакратычным зьменам у Беларусі, то не павінен адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Па-другое, эўраінстытуты павінны зноў прыпыніць гэтыя санкцыі на паўгода, каб працягнуць маніторынг сытуацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсій, якія, магчыма, адбудуцца за імі. Аднаўленьне санкцый пазбавіць Зьвяз уплыву на Беларусь.

Па-трэцяе, ЭЗ павінен распрацаваць больш гнуткі інструмэнт санкцый, які дазволіў бы больш эфэктыўна рэагаваць на зьмены ў Беларусі, апэратыўна караць і заахвочваць.

Па-чацвертае, недзяржаўныя арганізацыі заклікалі Брусэль падрыхтаваць даклад аб сытуацыі ў Беларусі, ацаніць эфэктыўнасьць палітыкі ЭЗ за пэрыяд дыялёгу з афіцыйным Мінскам і даць магчымасьць грамадзянскай супольнасьці прадставіць свой пункт гледжаньня.

І па-пятае, на думку недзяржаўных арганізацый, падчас прыняцьця рашэньняў аб эканамічным супрацоўніцтве з Беларусьсю, Эўразьвязу трэба ўлічваць сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека.

XS
SM
MD
LG