Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская нацыя ў люстэрку моўна-этнічных вынікаў перапісу


Чаму за 10 гадоў так істотна зьмянілася колькасьць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай і якія дома размаўляюць па-беларуску? Гэта – ненармальнасьць ці чыньнік фармаваньня нармальнай, але пераважна расейскамоўнай беларускай нацыі? Ці ёсьць пагроза, што праз некалькі дзесяцігодзьдзяў беларуская мова цалкам зьнікне?


Па гэтых пытаньнях у “Праскім акцэнце” вядуць спрэчку кіраўнік вэб-рэсурсу Іmperiya.by Юры Баранчык, шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько і старэйшы навуковы супрацоўнік інстытута сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Аляксей Ластоўскі.


Дракахруст: Днямі былі абнародаваныя некаторыя вынікі леташняга перапісу. У параўнаньні з мінулым перапісам адбыліся істотныя зьмены ў адказах на моўныя пытаньні. Болей чым на 20 працэнтных пунктаў ( з 73% да 53%) зьнізілася колькасьць тых, хто назваў беларускую мову роднай, на 14 працэнтных пунктаў (з 37% да 23%) стала менш тых, хто сказаў, што дома гаворыць пераважна па-беларуску. На ваш погляд у чым прычыны такіх значных зьменаў: гэта вынік мэтанакіраванай урадавай палітыкі, вынік натуральных сацыяльна-дэмаграфічных тэндэнцый, вынік яшчэ нечага?

Дынько:
Гэта вынік палітыкі русыфікацыі, якая працягваецца ўжо 2 стагодзьдзі, якая спачатку зачапіла найбольш адукаваныя слаі насельніцтва і паступова пашырылася на ўсё насельніцтва. У прыватнасьці, гэта вынік палітыкі русыфікацыі, якую праводзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, калі гэтая русыфікацыя праводзілася з дапамогай электронных СМІ і ўсепранікальнай сучаснай дзяржаўнай машыны.

Дракахруст: Андрэй, а гэтая палітыка русыфікацыі пры Лукашэнку мела характар гвалту – людзі хацелі, імкнуліся гаварыць і вучыцца па-беларуску, а ўлады ім перашкаджалі, накідалі расейскую мову, ці ўлады проста не перашкаджалі тым тэндэнцыям, якія былі ў сваім грамадзтве?



У сярэднявеччы быў прынцып cujus regio, ejus religiо - чыя ўлада, таго і вера
Дынько: Любая дзяржава – гэта гвалт. І любая дзяржаўная палітыка – гэта таксама своеасаблівы гвалт. У сярэднявеччы быў прынцып cujus regio, ejus religiо –чыя ўлада, таго і вера. Можна перанесьці гэты прынцып на цяперашнюю беларускую сытуацыю, калі прэзыдэнт і ўвесь дзяржаўны апарат гавораць па-расейску, ясна, што па-расейску пачынае гаварыць і грамадзтва. У адрозьненьні ад суседніх краінаў у нас не было палітыкі падтрымкі беларускай культуры, не было палітыкі пазытыўнай дыскрымінацыі, наадварот, праводзілася палітыка расейскамоўнай уніфікацыі. І мы маем яе вынік. Мы таксама маем вынік таго, што культурная прастора Беларусі была злучаная ў адно цэлае з культурнай прасторай Расеі.

Дракахруст: Юры Баранчык, а на ваш погляд якія прычыны гэтай заўважальнай зьмены моўных прэфэрэнцый беларускага насельніцтва? Ніводзін іншы паказьнік перапісу не зьмяніўся за 10 гадоў так істотна, як моўныя.

Баранчык:
Людзі пачалі больш цьвяроза разважаць над тым, што зьяўляецца іх каштоўнасьцямі. Раней людзі лічылі, што калі яны жывуць у Беларусі, то іх родная мова беларуская. Зараз яны пачалі больш цьвяроза ацэньваць сытуацыю. Што такое родная мова? Я лічу, што роднай мовай зьяўляецца тая, на якой чалавек лепш за ўсё гаворыць. І мне здаецца, што найбольш адэкватным зьяўляецца другое пытаньне – на якой мове гаворыць чалавек. Я мяркую, што нават гэтая лічба – 23%, якія сказалі, што размаўляюць дома па-беларуску, завышаная на парадак. Рэальна па-беларуску гаворыць каля 2%.


Нават гэтая лічба – 23%, якія сказалі, што размаўляюць дома па-беларуску, завышаная на парадак
У вашай перадачы, ў якой я ўдзельнічаў, я ўжо прыводзіў прыклад – кожны з нас ходзіць у краму. Колькі пакупнікоў гавораць па-беларуску? Ды ніводнага.

Дракахруст: Гэта крыху абывацельскі падыход. Вы ходзіце ў менскія крамы. Дарэчы, паводле перапісу 2009 году сярод менчукоў 5.7% сказалі, што дома гавораць па-беларуску. А ў вёсках – большы адсотак. Акрамя таго, пытаньне было пра мову менавіта хатняга ўжытку, а не пра мову пры наведваньні крамаў.

Баранчык: Але ж і з людзей, да якіх мы ходзім дадому, ніхто па-беларуску не гаворыць.

Дракахруст: Дык можа вы да такіх людзей ходзіце.

Баранчык: Ну а што азначае, што вясковыя жыхары гавораць па-беларуску? Вядома ж, на якой беларускай мове яны гавораць. Гэта не літаратурная беларуская мова.

Дракахруст: А хіба на расейскай літаратурнай мове гаворыць уся Расея і ўся Беларусь?

Баранчык: Але гэта ўсё ж бліжэй да расейскай літаратурнай мовы.

Дракахруст
: Вашае тлумачэньне, што нехта там стаў больш разумным і цьвярозым, больш тычыцца адказаў на пытаньне пра родную мову. А зьніжэньне долі тых, хто назваў беларускую мовай хатніх зносінаў – тут таксама падвышэньне разумнасьці паводле вас?

Правядзем перапіс праз 10 гадоў – лічбы яшчэ меншыя будуць
Баранчык: Людзі сталі больш аб'ектыўнымі. Раней яны лічылі, што на пытаньне, на якой мове яны гавораць, яны павінны зь нейкіх патрыятычных меркаваньняў казаць, што гавораць па-беларуску, то зараз яны ня лічаць гэта патрыятызмам і адказваюць шчыра. Правядзем перапіс праз 10 гадоў – лічбы яшчэ меншыя будуць.

Дракахруст: Аляксей Ластоўскі, а які ваш погляд на прычыны гэтай драматычнай зьмены?

Ластоўскі
: Трэба адразу адзначыць, што выбар роднай мовы – гэта заўсёды сымбалічны выбар, калі чалавек вызначае, якая мова зьяўляецца найбольш важнай для яго нацыянальнай прыналежнасьці. Пры гэтым чалавек можа не ўжываць і нават ня ведаць гэтай мовы, але вызначаць яе як родную. Менавіта так можна ацэньваць вынікі перапісу 1999 года, калі беларусы вызначылі беларускую мову як сваю сымбалічную каштоўнасьць. Вынікі перапісу 2009 года фіксуюць рэзкія зьмены ў стаўленьні да беларускай мовы. На мой погляд, істотную ролю тут адыграла і сама пастаноўка адпаведнага пытаньня, якая зафіксавала толькі адну магчымую інтэрпрэтацыю роднай мовы як мовы, першай засвоенай у дзяцінстве. Сама фармуліроўка гэтага пытаньня прывязала адказ да рэальных камунікатыўных практык, а не да сымбалічнага выбару, а як мы ўсе выдатна ведаем, у сучаснай Беларусі камунікацыя адбываецца на расейскай мове.


Беларуская мова страчвае свой статус сымбаля беларускай ідэнтычнасьці
Такое ўдакладненьне пытаньня ўжо істотна паўплывала на лічбы, і гэта трэба ўлічваць.
Але гэта толькі адна з прычын. Усё роўна, вынікі перапісу сьведчаць, што беларуская мова страчвае свой статус сымбаля беларускай ідэнтычнасьці. Усталёўваецца візія беларускасьці, якая спакойна існуе без беларускай мовы. Сытуацыя ў пляне ўжываньня мовы мала зьмянілася за 10 год, але зьмяніўся сымбалічны прэстыж беларускай мовы. Панаваньне расейскай мовы адпаведна ўсё больш успрымаецца як нармальная сытуацыя. Зразумела, што тут адыграла сваю ролю дзяржаўная палітыка. Але я тут не магу пагадзіцца з Андрэем Дыньком, гэтая палітыка не магла б так спакойна ажыцьцяўляцца без падтрымкі шараговых беларусаў.

Дракахруст:
Зараз я хачу працягнуць тэму нормы, якую пачаў Аляксей. Многія зьвярнулі ўвагу на яшчэ адну лічбу перапісу: у параўнаньні з 1999 годам доля этнічных беларусаў павялічылася з 81% да 84%, у той жа час доля этнічных рускіх за 10 гадоў скарацілася з 11% да 8%. Як бачым, сьцісканьне сфэры ўжытку беларускай мовы, скарачэньне колькасьці тых, хто лічыць яе роднай, суправаджаецца ў пэўным сэнсе умацаваньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці.Ці можна сказаць, што гэтыя дадзеныя – сьведчаньне фармаваньня нармальнай, пераважна раесйскамоўнай беларускай нацыі? Ці гэта – ненармальнасьць і пагроза самаму існаваньню беларускай нацыі?

Прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў пачынаюць ідэнтыфікаваць сябе як беларусаў
Ластоўскі: Я б трошкі па-іншаму падышоў да гэтых лічбаў. Павялічэньне долі беларусаў сярод жыхароў краіны адбываецца за кошт асыміляцыйных працэсаў, калі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў пачынаюць ідэнтыфікаваць сябе як беларусаў. Калі зьвярнуцца да дадзеных перапісу 2009 года, то мы бачым, што колькасьць расейцаў і ўкраінцаў зьменшылася на траціну, палякаў – на чвэрць.

Дракахруст:
Аляксей, вы сказалі пра асыміляцыю. Але існуе такі погляд, можа правільны, а можа і памылковы, што галоўны чыньнік нацыі – гэта мова. Дык чым беларусы асымілююць іншыя этнасы, калі яны губляюць сваю ўласную мову?


Далёка не заўсёды нацыя будуецца на мове
Ластоўскі: Гэта толькі адна з вэрсіяў нацыі, што яна будуецца на мове. У сучаснай сацыяльнай тэорыі і ў палітычнай практыцы ёсьць шмат варыянтаў, як будаваць нацыю. Далёка не заўсёды нацыя будуецца на мове, вельмі часта, і ў сучаснай Эўропе пераважна, яна будуецца на грамадзянскай супольнасьці і дзяржаўнай прыналежнасьці.

Таму б пытаньне я паставіў іншым чынам: чаму беларуская ідэнтычнасьць аказалася такой прывабнай у апошнім дзесяцігодзьдзі, чаму яна валодае такім асыміляцыйным патэнцыялам. І баюся, што адказ хаваецца хутчэй у яе мінімалізьме. Беларусам, як аказалася, не трэба ведаць мовы, веданьне гісторыі абмяжоўваецца канстатацыяй факта, што беларускі народ перамог у Вялікай Айчыннай вайне, беларусам ня трэба захоўваць культурныя традыцыі і праяўляць грамадзкую актыўнасьць. Быць беларусам у сучаснай Беларусі – гэта мець шмат сымбалічных прывілеяў і практычна ніякіх абавязкаў, акрамя абстрактнай любві да краіны.

І я б не дужа цешыўся з ўмацаваньня беларускай ідэнтычнасьці. Так, па ўсіх выніках яна ўмацоўваецца, людзі адчуваюць сапраўдны гонар за сваю краіну і свой народ. Але мяне куды больш турбуе, што кладзецца ў зьмест гэтай ідэнтычнасьці? Людзі найперш ганарацца пабудовай Нацыянальнай бібліятэкі, перамогай Ксеніі Сітнік на Эўрабачаньні і гэтак далей. Калі вас задавальняе такі зьмест, то тады можна радавацца ўмацаваньню беларускай ідэнтычнасьці.

Дракахруст:
Юры, а як вы інтэрпрэтуеце гэтыя тэндэнцыі, ў пэўным сэнсе супрацьлеглыя тым моўным тэндэнцыям, якія мы абмяркоўвалі раней? Адбываецца фармаваньне нармальнай, пераважна расейскамоўнай беларускай нацыі ці гэта сытуацыя, якая вядзе, кажучы высокім штылем, да нацыянальнай катастрофы?


Калі мы лічым, што беларусы – такая ж частка рускага народу, як і самі рускія і ўкраінцы, то ніякай нацыянальнай катастрофы няма
Баранчык: Нацыянальнай катастрофы няма. Уяўленьне пра яе сыходзіць з таго, што беларусы – гэта асобная нацыя. Калі мы лічым, што беларусы – такая ж частка расейскага народу, як і самі расейцы і ўкраінцы, то ніякай нацыянальнай катастрофы няма. Вядома ж, што моўныя адрозьненьні паміж беларускай, расейскай і ўкраінскай мовамі значна меншыя, чым паміж гаворкамі нямецкай мовы. Але гэта ня сьведчыць пра тое, што нямецкая нацыя не адзіная.

Дракахруст: А тое, што аўстрыйцы – асобная нацыя, гэта таксама памылка і насамрэч ім аншлюс патрэбны?

Баранчык: Ну з аўстрыйцамі адрозьненьні больш істотныя.

Дракахруст: У чым? У мове?

Баранчык: Так. Там адрозьненьні большыя, чым паміж расейскай, беларускай і ўкраінскай мовамі. Але гэта не перашкаджае быць адзінай нямецкай нацыі. Я лічу, што вы ў сваёй пастаноўцы пытаньня маеце рацыю. Я пра гэта даўно казаў, што Беларусь – расейскамоўная дзяржава, і ў гэтым няма ніякай трагедыі. Пра што гавораць мае шаноўныя апанэнты, калі беларуская мова па ўсіх парамэтрах саступае расейскай? Навошта зараз аддаваць дзіця вучыцца беларускай, калі зразумела, што другая мова павінна быць ангельскай?

Дракахруст: Юры, ваша інтэрпрэтацыя не тлумачыць другі фэномэн, пра які я прыгадаў. Калі гэта ўсё роўна – называць сябе беларусам ці расейцамі, то доля расейцаў павінна была б не зьмяншацца, а можа дасягаць і 50%, калі ніякай розьніцы няма. Але мы бачым, што з кожным перапісам, з кожным годам беларускай незалежнасьці доля беларусаў расьце, а доля расейцаў – зьніжаецца. Чаму? Таму што гэта ўсё адзін народ?


Гэта чыста фармальнае павялічэньне долі беларусаў, яно не якаснае
Баранчык: Людзі па традыцыі, паколькі СССР распаўся, запісваюць сваіх дзяцей беларусамі. Яны разумеюць, што тады ён лягчэй знойдзе працу, лягчэй уладкуецца ў органах дзяржаўнага кіраваньня. Таму і запісваюць беларусамі. Але гэта нічога не гаворыць пра мову, на якой яны гавораць дома ці якую лічаць роднай. Мне здаецца, што гэта чыста фармальнае павялічэньне долі беларусаў, яно не якаснае.

Дракахруст: Што значыць фармальнае? У вас ёсьць мерка вызначэньня, што такое сапраўдны беларус?

Баранчык: Якаснае павелічэньне было б, калі б яны запісваліся беларусамі і гаварылі па-беларуску заўсёды і паўсюль. Але гэтага не адбываецца, гэта чыста кан'юнктурны момант.

Дракахруст:
Юры, але аказваецца, што ваша пазыцыя, проста зь іншым знакам, блізкая да пазыцыі Андрэя Дынько. Формула такая: калі ты сапраўдны беларус, ты павінен гаварыць па-беларуску. Але вось Аляксей прыгадаў, што ёсьць іншыя мадэлі нацыятварэньня.

Баранчык:
Я вось беларус, у мяне бацька беларус, а маці – расейка. Хто я ў такім выпадку? Ну у нас па пашпарце пішуць па бацьку. Але я размаўляю на расейскай і лічу яе роднай. І як быць з гэтым?

Дракахруст: У нас па пашпарце зараз ніяк ня пішуць.

Баранчык: Але ў Савецкім Саюзе так пісалі.

Дракахруст: Дык зараз, здаецца, няма Савецкага Саюзу.

Баранчык: Ну і што? Звычка засталася. Але я размаўляю на расейскай. І я лічу, што гэта нармальная пазыцыя. І што мне нацыяналісты запярэчаць – што я павінен па-беларуску размаўляць?

Дракахруст: Зараз паслухаем, што яны вам запярэчаць. Андрэй, вось гэтыя ў розныя бакі накіраваныя зьявы: рост долі этнічных беларусаў і тыя моўныя паводзіны, пра якія мы казалі спачатку – гэта фармаваньне нармальнай, пераважна расейскамоўнай беларускай нацыі ці гэта ненармальнасьць?

Ненармальных нацый не бывае
Дынько:
Казаць пра тую ці іншую форму нацыянальнай ідэнтычнасьці, пра тую ці іншую формулу будаваньня нацыі, як пра нармальную ці ненармальную трохі няправільна. Што ёсьць, тое і нармальна. Ненармальных нацый не бывае. Але ёсьць беларуская прыказка – жыве кот, жыве і сабака. Аляксей вельмі хораша іранічна пра гэта сказаў. Можна жыць, як кот, можна жыць, як сабака. І той і той будзе лічыць гэта нормай, але як лепш?

З пазыцыі спадара Баранчыка вельмі ясна вынікае расейскі імпэрскі інтарэс. Сайт спадара Баранчыка і называецца Imperia.by і так яно і ёсьць. Ну калі ўжо беларусы ствараюць сваю нацыю, працэс гэты ніяк не спыніць, кіем гары не падапрэш, ну дык добра – хай яны тады па-расейску гавораць, хай яны думаюць, што расейская мова для іх такая ж родная, як і беларуская. А чаму так думаюць людзі, якія трымаюцца імпэрскага мысьленьня? Таму што яны ведаюць, што расейская мова ў будучыні дае вялікі шанец на тое, што на нейкім наступным павароце гісторыі беларусы ў чарговы раз усьвядомяць сябе «тоже русскими», толькі са знакам якасьці.

Расейская мова насамрэч – міна запаволенага дзеяньня пад беларускую ідэнтычнасьць. У сёньняшнім сьвеце мы назіраем працэс імклівага, хуткага, як многім здаецца няўхільнага нацыятварэньня. Стварэньне беларускай нацыі пачалося 120 гадоў таму і зараз яно набірае абароты. І якая розьніца, здавалася б, па-беларуску ці па-расейску? Але гэтыя этапы могуць мяняцца. Можа праз некалькі дзесяцігодзьдзяў ці стагодзьдзяў менавіта моўны фактар будзе вельмі істотны для захаваньня беларускай дзяржавы, для захаваньня супольнага нацыянальнага інтарэсу.

Прынамсі, ўсе іншыя нацыянальныя дзяржавы надаюць нацыянальнай мове вялікае значэньне. І гэта асабліва відаць на прыкладзе тых нацый, якія, як і беларусы, пачалі фармавацца пазьней, напрыклад, украінцы ці македонцы. Там дзяржава траціць вялікія рэсурсы на ўмацаваньне македонскай мовы, на разьвіцьцё адукацыі, ў тым ліку і вышэйшай, на македонскай мове, стварэньню культуры. Там разумеюць, што ў балканскім катле гэта важная зарука нацыянальнай салідарнасьці, без якой ня можа быць нацыі. Мой апанэнт, з Аляксеем мы не апанэнты...

Дракахруст: Андрэй, а мне падалося, што ўсё ж апанэнты. Гэтая ваша тэза – бяз мовы няма нацыі, ён з гэтым нязгодны.

Дынько:
Я не казаў, што бяз мовы няма нацыі.

Дракахруст: Вы сказалі, што гэта важны, вырашальны чыньнік. Са словаў Аляксея я зразумеў, што ён не падзяляе гэтую думку. Яе падзяляе хутчэй Юры.


Калі хтосьці лёгка адкідае мову, то ён гэтак жа лёгка адкіне і дзяржаўнасьць
Дынько: Сапраўды, спадар Дракахруст, я нідзе не казаў і не пісаў, што бяз мовы няма нацыі. Ёсьць розныя варыянты. Але мова – гэта дадатковы фактар кансалідацыі нацыі. Ужо ня кажучы пра тое, што мова – гэта каштоўнасьць, што яна мае вялізнае культурнае, сардэчнае значэньне для многіх людзей. І калі хтосьці лёгка адкідае мову, то ён гэтак жа лёгка адкіне і дзяржаўнасьць.

Дракахруст:
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, камэнтуючы дадзеныя леташняга перапісу, выказаў перасьцярогу, што праз колькі гадоў ці дзесяцігодзьдзяў беларуская мова проста зьнікне. Наколькі абгрунтаванай вам падаецца такая экстрапаляцыя? Юры

Вы павінны зразумець, што акрамя вашай беларускай пазыцыі ёсьць і іншая пазыцыя, якая такая ж беларуская, як і ваша
Баранчык: Я ня думаю, што гэта калісьці адбудзецца. Беларуская мова заўсёды ў Беларусі будзе вывучацца ў школах, як другая мова. На ёй створаныя някепскія творы літаратуры, паэзіі. Чаму дзяржава павінна беларускую забараняць? Вывучаюць жа ў некаторых краінах мёртвыя мовы. Я хацеў бы запярэчыць Андрэю Дынько, які маю пазыцыю кваліфікуе, як імпэрскую, а сваю – як беларускую. Ня трэба, спадар Дынько, манапалізаваць беларускую пазыцыю. Мая пазыцыя не імпэрская, а беларуская. І вы павінны зразумець, што акрамя вашай беларускай пазыцыі ёсьць і іншая пазыцыя, якая такая ж беларуская, як і ваша. Я мяркую, што трэба быць больш карэктным у гэтым пытаньні і ня клеіць ярлыкі.

Дракахруст:
Юры, я вас не зусім зразумеў – чаму працэс зьнікненьня, скарачэньня ўжытку беларускай мовы будзе на нейкім этапе спынены? Таму што на ёй былі створаныя някепскія, як вы сказалі, творы? Дык так было і з 1999 па 2009 год, але я яшчэ раз паўтараю: колькасьць тых, хто сказаў, што дома гаворыць па-беларуску, скарацілася з 37% да 23%. Дык чаму гэта не ператварыцца ў нуль?


Можа калі Беларусь стане эўрапейскай дзяржавай, то тут будзе польская мова
Баранчык: Ну гэта сфэра імавернасьці. Нехта лічыць, што яна будзе дамінаваць, нехта мяркуе, што захаваецца на цяперашнім узроўні. Калі, як хочуць мае апанэнты, Беларусь стане эўрапейскай краінай, створыць «жалезную заслону» на мяжы з Расеяй, то усё перавядуць на беларускую мову. А можа рэалізуецца праект БНФ 90-х гадоў, калі прапаноўвалі ўсё перавесьці на беларускую мову, а потым перавесьці мову з кірыліцы на лацінку. Але гэта прамы шлях да польскай мовы. Хто ведае, можа калі Беларусь стане эўрапейскай дзяржавай, то тут будзе польская мова. І беларусаў ня будзе, а будуць адны палякі.

Дракахруст: А калі рэалізуецца ваш праект, то што будзе з беларускай мовай?

Нельга прымусіць мову любіць і на ёй размаўляць
Баранчык: Калі ў нас будзе саюз з Расеяй паводле ўзору Эўразьвязу, то беларуская мова захавае сваё значэньне і будзе вывучацца ў школах. А ўжо справа чалавека будзе, на якой мове яму гаварыць – на беларускай ці на расейскай. Мне здаецца, што дзяржава і зараз нікому не забараняе гаварыць па-беларуску, і для чыноўнікаў няма забароны пісаць службовыя паперы па-беларуску. Проста ніхто не хоча гэта рабіць. Мае паважаныя апанэнты ня хочуць гэта зразумець – што нельга прымусіць мову любіць і на ёй размаўляць. Ці яны хочуць таталітарна гэта зрабіць?

Дракахруст: Андрэй, а якое ваша стаўленьне да гэтай экстрапаляцыі Алега Трусава?

Калі ня дзейнічаць, сядзець, склаўшы рукі, то беларуская мова зьнікне
Дынько: Калі грамадзтва ня будзе дзейнічаць, то так яно і будзе. Некалькі гадоў – гэта перабольшаньне. Быў такі знакаміты верш Пімена Панчанкі «Родная мова»: «Кажуць, мова мая аджывае. Век свой ціхі: ёй зьнікнуць пара». Гэты пранізьлівы верш быў напісаны ў 1954 годзе. Прайшло 50 гадоў – яна не зьнікла.
Але Трусаў мае рацыю, калі так ставіць пытаньне. Калі ня дзейнічаць, сядзець, склаўшы рукі, то беларуская мова зьнікне, зьнікне, як зьнікалі іншыя мовы.

Зь іншага боку, сёньня ёсьць некаторыя чыньнікі, якія даюць надзею, што гэтага не адбудзецца, што гэты працэс – зваротны, што беларуская мова пройдзе траекторыю, якую прайшла каталёнская мова.
Яе сфэра ўжываньня і колькасьць носьбітаў зьмяншаліся, пакуль быў аўтарытарны рэжым у Гішпаніі. А пасьля пераходу Гішпаніі да дэмакратыі пачаўся адваротны працэс, расьце і колькасьць носьбітаў, і сфэра ўжываньня. Гэта, відаць, прывядзе да ўзмацненьня каталёнскай ідэнтычнасьці да той ступені, што ў будучай Эўропе рэгіёнаў гэта будзе асобны рэгіён.

Сёньня мы маем некаторыя пазытыўныя тэндэнцыі: колькасьць людзей у гарадах, якія аддаюць дзяцей у беларускія школы, вельмі паволі, але ўсё ж расьце. Менск тут самы галоўны, бо гэта сталіца. Другая тэндэнцыя гэта тое, што беларускамоўная грамада вельмі актыўна б'ецца за свае правы, не спыняецца палітычнае змаганьне, ідзе актыўнае тварэньне культуры, ў паўпадпольлі выходзяць дзесяткі кніг на беларускай мове, робяцца дзесяткі інтэрнэт-сайтаў. Калі паглядзець Вікіпэдыю на беларускай мове, то нашы паказчыкі пакуль сувымерныя з паказчыкамі нацый, дзе моўная сытуацыя лепшая.

Трэцяя рэч, якая надае пэўную надзею, гэта тое, што ў дзяржаўным апараце я бачу досыць шмат сілаў, якія разумее значэньне беларускай мовы і дзейнічаюць на яе карысьць. Мой заклік: адрэагаваць на вынікі гэтага перапісу, як на вялікі выклік. Трэба дзейнічаць, каб не перайсьці тую мяжу, за якой мы страцім найвялікшую нацыянальную каштоўнасьць.
Беларусь ніколі не будзе толькі беларускамоўнай, але ніколі ня будзе і толькі расейскамоўнай

Ластоўскі: Асноўная праблема ў тым, што зараз беларуская мова ня мае ніякіх сацыяльных функцый. Няма нейкага публічнага месца, дзе было б неабходна размаўляць па-беларуску. Усе важныя грамадзкія інстытуты – вышэйшая адукацыя, войска, бюракратыя – функцыянуюць на расейскай мове. І адсутнасьць такога сацыяльнага запыту на беларускую мову, сапраўды, прыводзіць да таго, што яе веданьне зьяўляецца толькі апцыянальным для сучаснага беларускага грамадзтва. Можна выдатна і паўнавартасна жыць у Беларусі бязь веданьня беларускай мовы. У той жа час бязь веданьня расейскай мовы гэта немагчыма. І такое становішча сапраўды вядзе да інтэнсіўнай русыфікацыі.

Але тут я ўзгадаю словы Валянціна Акудовіча, які сказаў, што Беларусь ніколі не будзе толькі беларускамоўнай, але ніколі ня будзе і толькі расейскамоўнай. Беларуская мова не зьнікне, але існуе небясьпека, што яна ператворыцца ў атрыбут невялікага гарадзкога гета інтэлектуалаў. Калі радыкальна ня зьменіцца дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да беларускай мовы, то так яно і будзе.

Дракахруст: Аляксей, вы кажаце пра гета інтэлектуалаў, але вось дадзеныя леташняга перапісу па мовах хатняга ўжытку: сярод гарадзкога насельніцтва па-беларуску гавораць дома 11.2%, сярод вясковага насельніцтва -58.6% (паводле перапісу 1999 году долі былі 20% і 74% адпаведна). Па Менску лічбу я ўжо называў – 5.7%. Так, ёсьць сапраўды яскравыя інтэлектуальныя асяродкі, ёсьць рост колькасьці тых гарадзкіх жыхароў, якія аддаюць дзяцей у беларускамоўныя школы, пра што казаў Андрэй, але ў масавым маштабе прапорцыя моўных паводзінаў вось такая.

Ластоўскі: Але беларускае грамадзтва вельмі моцна ўрбанізаванае. Вёска зараз фактычна пастаўляе людзей, якія потым пераяжджаюць у горад. Падвышэньне сацыяльнага статусу чалавека зьвязана з пераездам у горад і ён павінен ведаць расейскую мову. І калі будзе такая дыспрапорцыя, што расейская мова – гэта мова прафэсійная, мова сацыяльнага прэстыжу, то беларуская мова будзе вынішчацца з вёскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG