Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіць першаклясьніка


Стэфан Люцыян Саўка і Мірон Вітушка. Фота Юры Сідун

Стэфан Люцыян Саўка і Мірон Вітушка. Фота Юры Сідун

У гэтым годзе школы Беларусі прынялі восемдзесят шэсьць тысяч трыста першаклясьнікаў.

Для беларускамоўных сем'яў першае верасьня традыцыйна азначае чарговы віток няспыннай барацьбы за тое, каб іхныя дзеці навучаліся на роднай мове. Міністэрства адукацыі сьцьвярджае, што ў Беларусі сорак чатыры працэнты школаў з рускай мовай навучаньня, а зь беларускай — аж пяцьдзесят тры працэнты. Прыблізна тры працэнты школаў выкладаюць на дзьвюх мовах. Але нават у Менску, дзе ёсьць пяць беларускіх гімназій і пяць школаў, толькі два працэнты вучняў навучаюцца па-беларуску.

Мапа: Беларускамоўныя школы і гімназіі ў Менску


Праглядзець Беларускамоўныя школы і гімназіі ў Менску на мапе вялікага памеру

Вялікая перамога ў нябачнай вайне бацькоў і чыноўнікаў — гэта кляса, у якую першага верасьня прыходзіць адзін адзіны першаклясьнік. Сёлета такія клясы створаныя ў Магілёве для Яліны Салаўёвай і ў Баранавічах для Ядзьвісі Малашчанка. А школьнае жыцьцё Сьветы Астроўскай з Горадні пачалося з таго, што 2 верасьня яна разам з бацькамі выйшла на галоўную гарадзкую плошчу, трымаючы ў руках плякат "Хочам вучыцца па-беларуску". У яе вайне на той момант перамагло міністэрства адукацыі. Але ўжо праз пару дзён пасьля пікета для Сьвятланы таксама была створаная асобная кляса, а вось яе бацькоў зьбіраюцца судзіць за несанкцыяванае мерапрыемства.

Журналіст Уладзімір Хільмановіч, сям’я Астроўскіх: Алесь Астроўскі, ягоная жонка Аксана разам з дзецьмі

Сярод усіх нашых менскіх школаў найбольшай папулярнасьцю карыстаецца гімназія № 23. У яе прыходзяць дзеткі, якія не называюць сшытак "тетрадью", аловак — "карандашом", а настаўніка — "учителем". Год ад году колькасьць такіх дзетак зьмяняецца: у адной клясе іх можа быць пяць, а ў іншай — адно ці двое. Гімназія заставалася "анамальнай кропкай" на жорстка арганізаванай мапе сталічнай адукацыі, але сёлета ў яе першых клясах сабралася максымальная колькасьць дзяцей і бацькоў, якія маюць усе шансы ня толькі паўплываць на цяперашнюю сыстэму навучаньня, але і вызначыць будучыню краіны.



Звычайныя клопаты падрыхтоўкі да школы — купляньне адзеньня дзелавога стылю, школьных прыладаў і кветак для першай настаўніцы — бацькі гэтых першаклясьнікаў называюць "мілымі і прыемнымі забаўкамі". Рыхтавацца да першага верасьня дзьве тысячы дзясятага году яны пачалі нашмат раней. Вось што кажа Крысьціна, мама Мірона Вітушкі:

Крысьціна, Андрэй і Мірон Вітушкі

"Да першага класу мы пачалі рыхтавацца цалкам сур'ёзна недзе за пару месяцаў да нараджэння дзіцяці, цалкам разумеючы, што школа – гэта адказна, і што школа гэта не адзін чалавек, а цэлы клас, і аднакласнікаў трэба збіраць. Каб іх назбіралася дваццаць кандыдатаў, трэба мець сто.Таму стварэнне сайта dzietki.org і ўсе святы і імпрэзы, якія ладзіліся для дзетак, па вялікім рахунку былі падрыхтоўкай таго самага асяродку, тых самых людзей, аднагодкаў дзіцяці, якія змогуць пайсці разам у школу.

Мы ведалі ўжо ў траўні, што з двух беларускіх садочкаў выпускаецца дастатковая колькасьць дзетак, каб стварыць асобны клас, і нават трохі болей".


Франак Цюленеў, Мірон Вітушка, Данута Чарняўская. Фота Юры Сідун

Па словах Вольгі Мазуравай, мамы першаклясьніка Ўсяслава Сагановіча, менавіта ад бацькоў залежыць, якім будзе школьнае жыцьцё іх дзяцей:



Ужо першыя тры дні навучаньня зноў кінулі гэтым бацькам выклік, які яны звыкла гатовыя прыняць. Распавядае Крысьціна Вітушка:

"Спроба прадставіць нам выхавацельку, якая будзе займацца з дзецьмі ў другой палове дня як чалавека, які "очень уважает белорусский язык и будет стараться его выучить", сустрэла катэгарычнае "не" з боку бацькоў. Гэты чалавек будзе шукаць сабе іншую працу. Нашыя дзеці па-беларуску размаўляюць ад нараджэньня і не збіраюцца дарослых людзей чамусьці вучыць. Людзі павінныя быць падрыхтаваныя, калі яны займаюць нейкую пасаду, яны павінныя ёй адпавядаць. Сёння вышэйшая адукацыя прадугледжвае абавязковае вывучэньне беларускай мовы, тым больш, што яна зьяўляецца дзяржаўнай, абавязковай для дзяржаўных службоўцаў. Дзіўна такія элементарныя рэчы тлумачыць. Развагі пра тое, што "абы чалавек быў харошы", таксама тут недарэчныя, таму што "харошы" чалавек – гэта чалавек сумленны, які ня пойдзе зарабляць ў беларускую гімназію, ня ведаючы па-беларуску ані слова".

Сям'я Віктара Асьлюка


А вось як гадуецца звычайнае беларускае дзіця ў звычайнай беларускай сям'і распавядае вучань першай "А" клясы Піліп Асьлюк і яго бацькі Вольга і Віктар:



Мовазнаўца Зьміцер Саўка ў гэтым годзе прывёў у першую “А” клясу сваё чацьвёртае дзіця — сына Стэфана Люцыяна.



У першай “А” клясе дваццаць трэцяй гімназіі горада Менску дваццаць шэсьць дзяцей, у першай “Б” — дваццаць адзін. Да гэтага моманту намаганьні іх бацькоў заставаліся іх асабістай справай . Шэсьць-сем гадоў таму яны зрабілі стаўку на ўласныя сілы, веру, адукацыю, салідарнасьць. Цяпер у Беларусі ёсьць чатыры тузіны дзяцей, якія ведаюць адзін аднаго з малога, гадуюцца разам, гавораць адной мовай, сьвет якіх цэльны і непадзельны. Гэта наша першая кляса.

1 "а" кляса

А пакаленьне беларускай незалежнасьці і свой першы школьны дзень ў сёньняшняй праграме прадстаўляе Тацяна Шапуцька.

Тацяна Шапуцька ў дзяцінстве

XS
SM
MD
LG