Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бандарэнка пра калёнію: "Паясі і праз паўгадзіны зноў галодны"


Да Мікалая Аўтуховіча на спатканьне прыехалі жонка і дачка. Справу актывіста "Гавары праўду" Міхася Башуры з пракуратуры адправяць у суд, мяркуе адвакат. Чаму вязень Бабруйскай турмы Андрэй Бандарэнка ня можа набраць вагі пасьля галадоўкі, якая скончылася тры месяцы таму?


Вязень Івацэвіцкай калёніі Мікалай Аўтуховіч упершыню болей як за паўтары гады сустрэнецца з жонкай Аленай і дачкой Кацярынай. Паводле адваката Паўла Сапелкі, сваякі паехалі да яго ў калёнію на доўгатэрміновае спатканьне. Дачка Кацярына вучыцца ў Польшчы, жонка Алена нейкі час жыла ў Расеі, кантакты зь імі былі абмежаваныя. Жонка вязьня і цяпер амаль не кантактуе з журналістамі, кажа праваабаронца Алег Воўчак.

Алег Воўчак
"Яна кажа, гэта муж такі мужны, а яе дагэтуль усю трасе ад перажытага. Кажа, ня тое, што ня можа даваць інтэрвію, а нават з людзьмі баіцца сустракацца. Цяжка яна ўсё гэта перанесла. Усё ж паламана. Паспрабуй гэта ўсё цяпер аднавіць, нават пры ідэальных умовах. Каласальныя патрэбны намаганьні, а здароўя ужо няма".

Паводле зьвестак Алега Воўчака, сур'ёзнае лячэньне зубоў для Мікалая Аўтуховіча ў Івацэвіцкай калёніі гэтак і не пачыналася. Прадпрымальнік пакутуе ад выпаданьня зубоў, яму патрэбнае тэрміновае пратэзаваньне.

Істотных навінаў пра саўдзельніка Аўтуховіча, былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі, няма. "Усё па-ранейшаму. Разьлічваем на умоўна-датэрміновае вызваленьне недзе ў канцы сьнежня – пачатку новага году", -- кажуць сваякі.

Актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Башура ў Жодзінскім сьледчым ізалятары чакае рашэньня пракуратуры, якая правярае ягоную крымінальную справу. Паводле адваката Тамары Сідарэнка, верагоднасьць таго, што пракуратура не пагадзіцца са сьледзтвам, якое вяла міліцыя, і не адправіць справу ў суд, вельмі малая.

"Хіба што не. Нездарма ж пракурор даваў санкцыю на арышт. Ад яго паведамленьняў няма, мне ва ўсякім разе ён лістоў не дасылаў".

Нагадаю, у пачатку тыдня справу Міхася Башуры міліцыя перадала на праверку ў пракуратуру. Паводле закону пракуратура мусіць завяршыць праверку за 5 дзён, якія ўжо прайшлі.

Сястра прадпрымальніка, вязьня Бабруйскай калёніі, Андрэя Бандарэнкі падзялілася ўражаньнямі ад спатканьня з братам у калёніі. Ірына Бандарэнка мяркуе, што цяпер ведае, чаму брат гэтак і не паправіўся пасьля галадоўкі, якую трымаў у чэрвені.

Ірына Бандарэнка
"Настрой у яго аптымістычны – гэта заўсёды ў яго было. А вось выглядае проста жудасна. Ён вельмі схуднеў пасьля той галадоўкі, хаця мне кажа, што паправіўся. Але тое, што я бачыла – гэта проста жах! Гэта жоўты колер твару, на якім толькі адны вочы, худы – проста страшэнна. Сказаў, што харчуюць іх там вельмі дрэнна. Садавіны не даюць, мяса не даюць. Даюць толькі нешта кшталту тушонкі. Можна паесьці і праз паўгадзіны быць зноў зусім галодным".

Андрэй Бандарэнка падаў скаргу на прысуд ў Вярхоўны суд і цяпер спадзяецца толькі на яго. "Брат падзякаваў "Радыё Свабода" за ўвагу да яго справы, яму вядома, што пра яго не забыліся", -- дадала сястра Андрэя Бандарэнка.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў. Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары паводле абвінавачваньня у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Калегі з «Гавары праўду» кажуць пра палітычны характар перасьледу Міхася Башуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG