Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік, перакладчык ізраільскай і амэрыканскай літаратуры. Нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Закончыў Тэль-Авіўскі акадэмічны каледж (факультэт псыхалёгіі) і курсы творчага пісьма ў школе рэклямы Aboodi-Creative (Тэль-Авіў). Аўтар кнігі прозы «Душпастырскія спатканьні для дачнікаў» і трох кнігаў перакладаў. 10 гадоў жыў і працаваў у Ізраілі, цяпер жыве і працуе ў Менску.



Што для вас свабода?


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


На два першыя пытаньні не адказаў — пытаньні, прабачце, надта глябальныя.


Што для вас шчасьце?


Адкажу назвай кнігі пісьменьніка Барыса Пятровіча: «Шчасьце быць».

Літаратура — абсалютна бязважкае, незямное стварэньне, але дзе б я чэрпаў матэрыял для сваіх гісторыяў, калі б не было прыземленага быцьця-жыцьця?



Чаго вы найбольш баіцеся?


Як літаратар найбольш баюся — зьліцьця намаляванай фантазіі і рэальнасьці. А як не літаратар — абсалютнага несупадзеньня намаляванай фантазіі і рэальнасьці.



Які талент вы хацелі б мець?


Талент рацыянальнага засваеньня здатнасьцяў, якія ўжо атрымаў раней.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Усявышнім. Ён па-ранейшаму самы сучасны і, нягледзячы на ўсе жахі ХХ стагодзьдзя, па-ранейшаму варты захапленьня.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Валяцца ў пасьцелі. Валяючыся, можна замысьляць штосьці крыважэрна-ліхое ці нешта плянэтарна-філянтрапічнае, і ўжо амаль узьняцца, каб гэта зьдзейсьніць і... працягнуць валяцца. Неверагоднае адчуваньне, гэтая эстэтыка няспраўджанага. Страсьці ўсяленскага маштабу на асобна ўзятым лапіку прасьціны. Найдасканалейшае мэтафара творчасьці.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Згодны з Кундэрам, які лічыць, што мы ня можам з першага разу толкам ацаніць, што такое жыцьцё, — дзеля гэтага трэба пажыць яшчэ пару разочкаў. Таму на якую халеру мяняць няясна-што на ўвогуле-няясна-што?



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Іх дзьве: «Сядзі і чакай, пакуль не панясуць труп твайго ворага» і «Хто не рызыкуе, той ня п’е шампані». Прычым, абедзьве парады незразумелым чынам працуюць ўвадначасьсе.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Будзе дзень — будзе і пажытак.



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Як не сорамна прызнацца, але любое грамадзтва для пісьменьніка — невычарпальная крыніца для творчасьці, поўная бясконцага шэрагу трагедый, якія можна адбіваць у літаратурных творах. Таму з прафэсійнага гледзішча мне будзе добра (у сэнсе кепска) — пры любым палітычным ладзе.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


Беларусь — не такое ўжо дрэннае месца для жыцьця. Не, шчыра... Ну, садавіна і гародніна дарагая, ну, клімат не надта спрыяльны, ну, узровень самагубстваў адзін з рэкордных. Але ў прынцыпе, калі хадзіць па пэрсікі на Камароўку, узімку хадзіць у салярый і не губіць жыцьця без дай прычыны — жыць можна.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У любую эпоху, у якой я мог бы быць пісьменьнікам. Па добрай развазе ўдакладню: у любую эпоху, у якой я мог бы быць пісьменьнікам, якога друкуюць і ў якой не адрываюць рукі з асадкай. Іншыя пакуты, якія прычыняе эпоха — ня ў лік, бо мукі — праўдзівая пісьменьніцкая пажыва. На жаль.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Зрабіў бы бязьвізавы рэжым паміж РБ і Ізраілем. Колькі ж можна ўсіх мучыць? Достал рэжым візавы.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Адносіны партнэраў у бізнэсе.... А яшчэ ў мяне сваякі ў Пецярбурзе... А яшчэ адтуль Аксёнаў і Даўлатаў.... А яшчэ, а яшчэ... Але гэта вечарам, дома, а найперш — бізнэс, які мае на мэце дасягненьне дабрабыту і падвышэньне самаацэнкі кожнага з партнэраў.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


За ўсё не скажу, але ў культурнай сфэры прыблізна гэтак. Сьпярша нагадаць эўрапейцам адкуль да іх прыехаў Марк Шагал, потым прыгадаць (для саміх сабе), чаму ён з гэтага адтуль у прынцыпе з’ехаў.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Першае, што прыходзіць да галавы: «Нейкая рацыя ў гэтым ёсьць». Другое, што прыходзіць да галавы, — зьвесткі пра сумны лёс грамадзянаў тых краін, у якіх такім выказваньням усяляк патуралі.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Па мэтафізычных пытаньнях не да мяне. Можа, заўтра, можа, праз дзесяць гадоў. Такімі рэчамі загадвае Ўсявышні.


Але гэта ня значыць, што ў гэтым пытаньні нічога рабіць ня трэба, бо мы ж людзі, і адзінае, на што мы здатныя — гэта дзейнічаць (вядома, пад мудрым кіраўніцтвам Усявышняга). Я сам да канца не разумею ўвесь гэты мэханізм, але дакладна ведаю, што па-сапраўднаму, — без дапамогі Ўсявышняга, — людзі думаюць адно тройчы: перад паступленьнем у ВНУ, перад рашэньнем ажаніцца і незадоўга перад сьмерцю.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Глядзіце адказы вышэй.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Часта мяне наведвае сон: я трапляю ў замагільны сьвет і стаю чакаю, на якой мове Ён да мяне зьвернецца: па-расейску, на мове маёй падсьвядомасьці, ці па-беларуску, мове майго жыцьця. І на гэтым этапе я заўжды прачынаюся. З ясным разуменьнем таго, што мы зь Ім неяк паразумеемся, і моўная бар’ер ніяк не адаб’ецца на маім заслужаным пакараньні. Таму: ва ўсяленскім маштабе ніякага значэньня няма, ці загавораць у Беларусі па-беларуску ці ж не, і няважна, ці будзем мы прыкладаць намаганьні ў гэтым пытаньні, ці ж мы не... Аднак, зноў жа, хто мы такія, каб мысьліць ва ўсяленскіх маштабах?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG