Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ася Паплаўская — пра кнігі, аўтараў якіх варта запрасіць на сьвята беларускай пісьменнасьці


Ася Паплаўская
Ася Паплаўская

На сёлетнім сьвяце беларускай пісьменнасьці, што прайшло ў першую нядзелю верасьня, не было заўважана ніводнага айчыннага літаратара, чые творы складаюць гонар сучаснай нацыянальнай літаратуры. Таму наша экспэртка літаратурны крытык Ася Паплаўская падказвае арганізатарам, якія кнігі і іх аўтары змогуць упрыгожыць наступнае сьвята беларускай пісьменнасьці.


Барыс Пятровіч. «Шчасьце быць…», Менск, «Тэхнапрынт», 2004


Менавіта з гэтай кнігі Барыса Пятровіча пачалася мая цікавасьць, а пасьля любоў да сучаснае беларускае літаратуры. Набыла апошні асобнік, прыйшла дадому, адкрыла і… закахалася. У беларускую літаратуру. І Барыса Пятровіча ў ёй.

Вядомыя «Фрэскі», «Непатрэбныя рэчы», знакамітыя «Піліпікі», што нават выйшлі асобнай кнігай, узрушваюць, прымушаюць думаць (ці шмат сучасных аўтараў можа напісаць твор, які вы ня проста прабяжыце вачыма, а над якім будзеце думаць?..). Разам з галоўным героем трыпціха «Стах» вы паразважаеце над тым, чым ёсьць адзінота і ці існуе яна наагул, што такое памяць, шчасьце, зайздрасьць, справядлівасьць… Адкажаце на пытаньне, што ёсьць сэнс жыцьця для вас? Ці можна/ці патрэбна мяняць свой лёс? Калі так, то… як?

Пасьля роздумаў — з размахам паўдзельнічаеце ў Піліпавых прыгодах. Адпачнеце і пасьмеяцеся. Што можа быць лепш за кнігу, якая спалучае ў сабе ежу для роздумаў і цёплы дасьціпны гумар?

«І калі нават хоць адзін чалавек на зямлі стане лепшым дзякуючы стасункам са мною — значыць, я не дарэмна жыў…» — упэўнены герой Барыса Пятровіча. Я — таксама.


Леанід Дранько-Майсюк. «Вершы. Каханьне. Проза», Менск, «Харвест», 2003


«Усё — падман, усё — падман,

І толькі не падман — каханьне!»


Кнігу склалі выбраныя вершы і эсэі Леаніда Дранько-Майсюка. Пачуцьцёвы, глыбокі лірызм, якім прасякнутая як паэзія, так і проза пісьменьніка, зачароўвае сваёй моцнай энэргетыкай. Закалыхвае. Натхняе. Кружыць.

«Я не хачу, каб закаханасьць перарастала ў каханьне. Каханьне — пачуцьцё тупіковае, таму я баюся каханьня. Над ім злавесна пацепваецца асінавае лісьце нянавісьці», — чытаем разважаньне лірычнага героя, які падарожнічае са сваёй жанчынай у Грэцыі."І каханую, якая так і не вернецца, трэба штодзённа вяртаць праз творчае цярпеньне, якое абавязкова аздобіцца парнаскім сьнегам і пераможным пальмавым лісьцем« (ego-essai «Стомленасьць Парыжам»).

Зрэшты, назоў кнігі «Вершы. Каханьне. Проза» гаворыць само за сябе. Яна — пра любоў і каханьне ва ўсіх магчымых праявах, разуменьнях і сэнсах.


Алесь Разанаў. «Рэчаіснасьць», Менск, БГАЦК, 1998


Хто, як не Алесь Разанаў, найбольш эўрапеізаваны (Гэта вельмі істотнае слова ў вызначэньні ўзроўню сучаснае беларускае літаратуры. На жаль.) беларускі пісьменьнік? Па пальцах адной рукі можна пералічыць… У караценькай анатацыі на кнігу «Рэчаіснасьць», што выдадзеная ў шыкоўнай (паводле якасьці тэкстаў, вядома) сэрыі «Бібліятэка Фрагмэнты» (калекцыя «Галерэя Б») чытаем: «У гэты зборнік уключаныя паэтычныя творы (версэты, вершаказы, паэмы) вядомага беларускага паэта Алеся Разанава. Ён будзе цікавы ўсім аматарам сучаснай беларускай паэзіі». Сапраўды, творы Алеся Разанава цікавыя шырокаму колу чытачоў. Як у Беларусі, так і за мяжой. Гульнёй словаў і мэтафараў, глыбінёй думак і шматзначнымі, патаемнымі сэнсамі, у якія можна паглыбляцца бясконца… Распутваць разанаўскія паэтычна-моўныя рэбусы было, ёсьць і будзе цікава.

«У нетрах зямлі
Высьпяваеш паволі,
Чакаючы,
Што ў чалавеку
Высьпее думка,
Якая цябе зразумее.
А ён
Жыве нараджэньнем і сконам
І тужыць,
Што гэта —
Усё жыцьцё».

(з паэмы «Гліна»).


Уладзімер Някляеў. «Выбраныя творы», Менск, «Кнігазбор», 2010


Вельмі чаканая літаратурнай Беларусьсю кніга. Чаканая настолькі, што чытаецца запоем. З надзеяй на перачытаньне. Зноў і зноў. «Выбранае» Уладзімера Някляева акрамя найлепшых паэтычных і празаічных твораў утрымлівае выдатную прадмову Рыгора Барадуліна. «Вястун. Вядзьмар. Суразмоўца з душамі продкаў. Верны рыцар крывіцкага духу. Словатворца. Паэт з вялікай літары. Шалёны талент. Шалёны да геніяльнасьці», — так характарызуе Някляева дзядзька Рыгор.

«Някляеў — геній!» — усклікнула і я пасьля прачытаньня ягонай апавесьці «Вяртаньне Веры». Пісьменьніка Уладзімера Някляева неабходна чытаць і перачытваць, слухаць і чуць. Някляева трэба разумець. Някляева трэба думаць.

Да таго ж, ва Ўладзімера Пракопавіча настолькі моцная (гаворачы словамі Барадуліна, шалёная) энэргетыка, настолькі прадуманыя да дробязяў, ёмістыя, магутныя прамовы, настолькі вялікі аратарскі талент, што сьвята Дня беларускага пісьменства я не ўяўляю без яго. Ніяк.


Сяргей Календа. «Помнік атручаным людзям», Менск, «Галіяфы», 2009


Вы сабе уяўляеце Дзень беларускага пісьменства без маладых беларускіх літаратараў? Я — не. І не таму што «маладым у нас паўсюль дарога», а таму, што маладая беларуская літаратура вельмі багатая на сапраўдныя таленты. Якія — веру ў гэта — раскрыюцца, пасталеюць і праявяцца напоўніцу. Адзін з такіх несумненных талентаў — малады, але вельмі пэрспэктыўны празаік Сяргей Календа. Ён лічыць сябе бітнікам (пасьлядоўнікі ідэяў біт-пакаленьня, якія адмаўляюць традыцыйную мараль і агульнапрынятыя сацыяльныя каштоўнасьці) і піша пра маргіналаў (пэдафілаў, бамжоў, вычварэнцаў, вар’ятаў, злодзеяў). Кніга прасякнутая духам экзыстэнцыі. Жыцьцё на мяжы, зараз ці ніколі, перамога альбо сьмерць, чорнае ці белае. Ніякіх паўтонаў і кампрамісаў. Юнацкі максымалізм і незвычайная сталасьць, адчувальная моц духу. Проза Сяргея Календы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG