Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь і прэзыдэнцкія выбары


За часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў краіне фактычна вырасла новае пакаленьне. Якія каштоўнасьці дамінуюць у маладзёвым асяродзьдзі? Ці зьяўляюцца маладыя людзі прыхільнікамі прэзыдэнта? Якая можа быць пазыцыя моладзі падчас прэзыдэнцкіх выбараў?


Удзельнікі: старшыня маладзёвай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Міхась Пашкевіч і рэдактар мультымэдыя часопісу «34» Ірына Віданава.

Міхась Пашкевіч
Ірына Віданава
Валер Карбалевіч

Якія каштоўнасьці дамінуюць у маладзёвым асяродзьдзі?


Валер Карбалевіч: «Новае пакаленьне моладзі сфармавалася ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Гледзячы па ўсім, большасьць моладзі прымае асноўныя каштоўнасьці, навязаныя дзяржаўнай ідэалёгіяй. Яны без супраціву масава ўступаюць у БРСМ. На выбарчых участках побач са студэнцкімі інтэрнатамі — самы высокі паказьнік датэрміновага галасаваньня. Дык большасьць беларускай моладзі лукашысты? Ці пафігісты?»

Міхась Пашкевіч: «Канечне, студэнты — асноўны складнік датэрміновага галасаваньня. Але вось апошнія мясцовыя выбары паказалі, што нават паводле афіцыйных дадзеных, існуе высокі паказьнік падтрымкі студэнтамі незалежных кандыдатаў.
Моладзь закрылася ў сваёй шкарлупіне, і палітыка яе не кранае.


Ня трэба нашу моладзь так ганьбіць. Яны ня сталі лукашыстамі. Проста моладзь закрылася ў сваёй шкарлупіне, і палітыка яе не кранае».

Ірына Віданава: «У эпоху інтэрнэту цяжка ізалявацца ад сьвету. Таму, акрамя ўплыву той сыстэмы, у якой моладзь жыве, на яе ўплывае і незалежная інфармацыя. Маладыя людзі 16-25 гадоў зьяўляюцца асноўнай інтэрнэт-аўдыторыяй.

Моладзь, у адрозьненьні ад іншага насельніцтва, мае больш высокія жыцьцёвыя стандарты. Але ў Беларусі няма ўмоваў для рэалізацыі гэтых стандартаў. Моладзь — менш самастойная, вельмі залежная частка насельніцтва. Яна залежыць ад бацькоў, кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў і інш. І рызыка страціць пераважвае над жаданьнем нешта зьмяніць. Да таго ж у моладзі няма за кім ісьці».

Пра эўрапейскія каштоўнасьці


Карбалевіч: «Усё ж моладзь існуе ў новай інфармацыйнай прасторы. Яна жыве ў інтэрнэце, ведае ангельскую мову, часта езьдзіць за мяжу. Але гэта слаба ўплывае на ўспрыняцьце ёю эўрапейскіх каштоўнасьцей. Апазыцыйныя маладзёвыя арганізацыі і рухі застаюцца маргінальнымі. Ідэя свабоды ня надта натхняе моладзь. Чаму?»

Пашкевіч: «У моладзі ёсьць свабода набываць і спажываць эўрапейскія рэчы. Але іх не цікавіць палітыка. Дарэчы, у любым грамадзтве колькасьць людзей, якія цікавяцца палітыкай, ня надта вялікая. І наша моладзь адлюстроўвае стан усяго грамадзтва. Але патэнцыял пераменаў сярод моладзі вялікі, мы яго сёньня ня можам разглядзець».

Карбалевіч: «Так, спажывецкія стандарты ў нас эўрапейскія. А сьветапоглядныя стандарты?»
Чалавеку, пачынаючы зь дзіцячага садку і да ўнівэрсытэту, кажуць, як трэба рабіць, там няма свабоды выбара. І адкуль зьявіцца крытычнае мысьленьне?

Віданава: «Тое, што моладзь шмат езьдзіць, добра ведае замежныя мовы — гэта ілюзія. Паводле сацыялягічных апытаньняў, больш за 60% маладых людзей 18-25 гадоў ні разу не былі ў краінах Эўразьвязу.

Шмат залежыць ад сыстэмы адукацыі. Чалавеку, пачынаючы зь дзіцячага садку і да ўнівэрсытэту, кажуць, як трэба рабіць, там няма свабоды выбара. І адкуль зьявіцца крытычнае мысьленьне?»

Пашкевіч: «У мяне ёсьць прыяцелі, зь якімі разам вучыліся, якія працуюць у дзяржаўных установах, займаюцца ідэалёгіяй. Але я ведаю іх погляды, яны ня шчыра падтрымліваюць афіцыйную палітыку. Проста там някепскія заробкі».

Як разумець свабоду?


Карбалевіч: «Але двудушнасьць, няшчырасьць — гэта клясычныя прыкметы псыхалёгіі людзей недэмакратычнага грамадзтва. Калі б, скажам, у Францыі прыйшоў дэкан у інтэрнат і запатрабаваў, каб студэнты ішлі галасаваць датэрмінова, яго б вынесьлі за вароты ўнівэрсытэта. А нашы студэнты амаль што строяцца ў шэрагі і дружна ідуць галасаваць. Гэта псыхалёгія людзей неэўрапейскага, несвабоднага грамадзтва».

Пашкевіч: «Моладзь розная, ня трэба браць агулам. У нашых студэнтаў няма досьведу калектыўнага супраціву. А наконт хлусьлівасьці і двайных стандартаў, то ў Празе, Варшаве, Бруселі іх ня менш. У мяне хапае кантактаў з эўрапейскімі моладзевымі арганізацыямі, я добра ведаю, пра што кажу».

Віданава: «Хачу нагадаць, што ў Беларусі існуе эфэктыўны рэпрэсіўны мэханізм: выключэньне з унівэрсытэту, прызыў у войска і інш. Гэта ня жартачкі.

Зь іншага боку, узгадайма Плошчу 2006 году. Туды прыйшла моладзь абсалютна розных поглядаў, інтарэсаў, прафэсій. Бо зьявілася спадзяваньне на перамены, і тады рызыка апраўдваецца. І гэта азначае, што моладзь адчувае сябе больш свабоднай і прагнай да пераменаў.

Нельга звужаць паняцьце свабоды да ўдзелу ў палітычных акцыях. Цяпер назіраецца моладзевая актыўнасьць у непалітычных сфэрах. Зьявілася шмат маладзёвых ініцыятываў па выратаваньні вулічных жывёлаў, дапамозе дзіцячым садкам, культурніцкіх, дабрачынных акцый. А гэта праява свабоды і сацыяльнай адказнасьці. Гэта зьява новага пакаленьня, яна можа ператварыцца і ў палітычны супраціў».

Пазыцыя моладзі падчас прэзыдэнцкіх выбараў


Карбалевіч: «Я кажу не пра палітычную, а пра грамадзянскую пазыцыю. Гэта розныя рэчы».

Пашкевіч: «Вось Андрэй Кім арганізуе бойкі падушкамі. Паглядзіце, колькі юнакоў, якія не ўваходзяць ні ў якія арганізацыі, прыходзяць на гэтыя акцыі. Прычым ведаюць, што іх будуць разганяць».

Карбалевіч: «Якая можа быць пазыцыя моладзі падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Ці можна тут быць нейкая нечаканасьць?»

Пашкевіч: «Усё ў нашых руках. Але я хачу акцэнтаваць увагу на такі момант. Некалі Марыйка Мартысевіч казала, што гісторыя Беларусі нагадвае гісторыю лузэраў. У нас усе нацыянальныя героі прайгравалі. У гэтым сэнсе Плошча — гэта як раз працяг такой гісторыі. Плошча — гэта помнік мужнасьці, але ж мы зноў прайгралі. А нам трэба перамога».

Віданава: «Не чакаю цяпер выбуху вулічнага супраціву. Але як гісторык магу сказаць, што такія выбухі часьцей за ўсё здараюцца нечакана. Сацыяльныя сеткі сталі для нашага пакаленьня тым, чым былі для нашых бацькоў кухні. То бок месцам, дзе фармуюцца настроі. Магчыма, перамены адбудуцца пасьля выбараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG