Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Здыміце „Вусаты нянь-2“! Акупіцца стопрацэнтна”


Слухачы абмяркоўваюць выказваньні кіраўніка Беларусі наконт нерэнтабэльнасьці кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама гавораць пра стан беларускай мовы ў сыстэме адукацыі Беларусі.

Наша сталая слухачка, даведаўшыся вынікі апошняга перапісу насельніцтва, выказала сваю прапанову што да сытуацыі ў навучаньні па-беларуску:

«Паводле апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, у нас 8 адсоткаў расейцаў. Было б нядрэнна, каб 8% у нас было расейскіх школ. Зьмяніць такі стан беларускасьці змогуць прэзыдэнт, парлямэнт і вышэйшыя навучальныя ўстановы па-беларуску».

Лявон Баршчэўскі
Навуковец і выкладчык коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі камэнтуе званок слухачкі:

«Я думаю, што шлях беларусізацыі беларускай школы вельмі просты, паколькі цяпер большасьць вучняў імкнецца паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, гэта ня тая сытуацыя, што была 20 гадоў таму, то трэба зрабіць ВНУ па-беларуску. Гэта можна рабіць па ініцыятыве зьверху.

Гэта не патрабуе згоды бацькоў, бо навучаньне ў ВНУ — гэта добраахвотная вучоба. Як толькі зьявяцца ў нас ВНУ па-беларуску, і працаваць іх будзе большасьць, недзе 70% — то й праблемы са школай здымаюцца. Усе школы стануць беларускія. Усё вельмі проста. Толькі, канечне, сёньняшняя ўлада, крый Божа, ня будзе гэтага рабіць».

Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасьць «Беларусьфільму». Ён сказаў, што «даходы ад продажу фільмаў складаюць 8 працэнтаў ад затрат на іх вытворчасьць». Наш слухач з гумарам адрэагаваў на гэтыя выказваньні:

«Наконт прыбытковага кіно, „Белыя Росы-2“ — не актуальна, на ім не заробіш. А вось „Вусаты нянь-2“ акупіцца ў Расеі стопрацэнтна. І Крэмль з задавальненьнем прафінансуе».

Сяргей Калякін
Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін у адказ на гэты намёк на сэрыял «Хросны бацька» сказаў:

«Гэтыя фільмы зробленыя для расейскага гледача. У Беларусі яны карыстаюцца попытам, але ўсяго 7% грамадзянаў Беларусі іх паглядзелі. Ёсьць такая лічба.

Я думаю, што працяг будзе не для Беларусі, а для Расеі, але мы ўбачым гэтыя фільмы. Гэта добра, што Расея сёньня гэтым займаецца. Мы маглі б і самі гэта рабіць, але ў нас няма для гэтага добрай базы, няма сродкаў, каб гэта рабіць».

Наш слухач зь Віцебску выказвае абурэньне пасьля прагляду навінаў на дзяржаўным тэлебачаньні.

«Сёньня паглядзеў навіны БТ, дзе зь вялікім зьдзіўленьнем даведаўся, што ў нас, аказваецца, у Віцебску даўным-даўно ходзяць электрапаязды, электравозы, што дакладна паказвае ўзровень прафэсіяналізму супрацоўнікаў БТ».

Наш слухач прапануе ўвазе свой верш:

«Які абраць шлях наперад, што зрабіць нацыянальнай ідэяй? Я напісаў верш, які, на мой погляд, можа стаць песьняй. Паслухайце і задумайцеся.

Было ты калісьці і многа вякоў
Ад мора да мора і да аблакоў.
Было ты калісьці ўзорам для ўсіх
І зьнічкай ня зьнікла, твой голас ня сьціх.
Княства Літоўскае, княства вялікае,
Зноў цябе памяць народная клікае!
Век залаты хай жа нам прынясе
Новае жыцьце і ў новай красе.
Было сваё слова і зорны статут,
І волі аснова расла явай тут.
Шляхетныя песьні і звон перамог,
І зь Вільні, да Вільні вяло мноства дарог.
Праменяць быліны сьвятло ў нашы дні,
Мы будзем, ліцьвіны, ізноў на кані.
Лясы аб мінулым і нівы шумяць,
І Вітаўт зь Ягайлам ля брамы стаяць.
Княства Літоўскае, княства вялікае,
Зноў цябе памяць народная клікае!
Век залаты хай жа нам прынясе
Новае жыцьце і ў новай красе».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску —
266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё «Свабода».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG