Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вольнаму гораду” міліцыянты адказалі праз два месяцы


Недзяржаўная крычаўская газэта «Вольны горад» атрымала ліст з Крычаўскага аддзелу ўнутраных спраў з тлумачэньнем прычынаў канфіскацыі 297 асобнікаў выданьня. Скаргу на дзеяньні міліцыі журналісты напісалі 9 ліпеня, у дзень канфіскацыі газэт.

Паводле міліцыянтаў, канфіскаваныя асобнікі газэты 15 ліпеня былі адпраўленыя на лінгвістычную экспэртызу. Кандыдат філялягічных навук Аксана Шчарбакова мае вызначыць, ці ўтрымліваюцца ў публікацыях «прыкметы зьнявагі, а таксама сьцьвярджэньні аб зьдзяйсьненьні супрацьпраўных, амаральных дзеяньняў канкрэтнай асобы, каго яны тычыцца, і ці зьяўляюцца гэтыя дадзеныя праўдзівымі альбо хлусьлівымі».

Допісам міліцыянтаў журналісты не задаволеныя, і ня толькі парушэньнем вызначаных тэрмінаў адказу:

Сяргей Няроўны
Рэдактар выданьня Сяргей Няроўны: «Мы патрабавалі не прызнаньня факту, што газэта адпраўленая на экспэртызу, а самога дакумэнта, на падставе, якога прызначаная экспэртыза, то бок пастановы. Нам не даслалі. У судзе нам яе кулюарна паказалі і ўсё. У тым жа судзе прадстаўнік аддзелу міліцыі абяцаў, што з адказам нам дашлюць і пастанову. Схлусіў. Пастанова цалкам незаконная, й мы маем поўнае права ў судзе яе абскарджваць. Але ў нас яе няма. Тое, што міліцыянты зрабілі, знаходзіцца па-за законам. У нас цэнзура забароненая паводле канстытуцыі. Калі б не было суда, то й дагэтуль мы б ня ведалі, дзе ж знаходзіцца газэта».

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул «„НТВ“ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм «Хросны Бацька-1».

31 жніўня Крычаўскі суд пачаў разгляд скаргі выдаўца незалежнай крычаўскай газэты «Вольны горад» Уладзімера Кудраўцава супраць раённага аддзелу ўнутраных спраў. Скаржнік намагаецца спагнаць з адказчыка 5 мільёнаў рублёў за парушэньне асабістых правоў, замацаваных у канстытуцыі. Да суду Уладзімер Кудраўцаў зьвяртаўся ў раённую пракуратуру, каб тая распачала крымінальную справу супраць міліцыянтаў. Пракуратура не знайшла падставаў для гэтага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG