Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Стэфановіч: Так расьсьледваньне ніхто не праводзіць


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", трое сутак адвакат затрыманага Аляксандра Францкевіча ня можа знайсьці свайго падабароннага.

9 верасьня скончыўся тэрмін зьняволеньня анархістаў, якія напачатку былі затрыманыя 3 верасьня ў рамках узбуджанай крымінальнай справы па ч.2 арт.339 за напад на расейскую амбасаду, а потым па крымінальнай справе па ч.1 арт. 339 КК за напад на будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў. Па папярэднай версіі, іх адвезьлі ў РУУС Ленінскага раёну, аднак там іх не аказалася. Інфармацыя пра месца знаходжаньне затрыманых анархістаў адсутнічае.

Сытуацыю камэнтуе юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

“Адносна затрыманых 3 верасьня асобаў мы лічым, што дзеяньні сьледчых органаў груба парушаюць іх законныя правы.

Па-першае, ніхто з затрыманых дакладна не трапляе пад пералік падставаў для затрыманьня, пералічаных у артыкуле 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, як то – ніхто не бачыў іх падчас зьдзяйсьненьня злачынства, ніхто не ўказвае на іх як на асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства, няма ніякіх сьлядоў на вопратцы і г.д.

Аднак самае галоўнае – парушэньне права на абарону. Гэта ж абсурд, што адвакат Францкевіча ня можа ўжо трэція суткі знайсьці свайго падабароннага. Увесь час іх перазатрымліваюць на новыя трое сутак, і кожны раз сьледзтва вядзе ўжо новы РУУС. Учора ў Ленінскім РУУС адвакату так і не далі адказ, дзе знаходзіцца Францкевіч і чаму ён на працягу трох сутак не ўдзельнічае разам з ім у сьледчых мерапрыемствах. Я лічу гэта істотным парушэньнем права на абарону.

Па-другое, сытуацыя з перазатрыманьнямі. Што гэта такое!? Ёсьць працэдуры і тэрміны, дакладна ўстаноўленыя дзеючым заканадаўствам – Крымінальна-працэсуальным кодэксам: асобы пры кваліфікацыі па артыкулу 339 КК частцы 1 і частцы 2 могуць затрымлівацца толькі на 3 сутак. Сьледчыя ж органы выкарыстоўваюць затрыманьне спачатку за напад на расейскую амбасаду, потым – па падазрэньні за напад на Фэдэрацыю прафсаюзаў, я цяпер яшчэ за нешта. Гэта самая натуральная сафістыка. Такім чынам можна знайсьці яшчэ скрадзеныя мабільныя тэлефоны, іх зараз вельмі шмат, і затрымліваць па кожным выпадку яшчэ на трое сутак, і так пратрымаць гады тры.

Калі ёсьць падставы для абраньня меры стрыманьня да прад’яўленьня абвінавачаньня – калі ласка, толькі тады праз 10 сутак з моманту фактычнага затрыманьня сьледчыя органы павінны прад’явіць абвінавачаньне альбо вызваліць, то бок расьледаваньне мусіць весьціся строга ў працэдурах, якія ўстаноўлены дзеючым заканадаўствам. А так выглядае, нібы наляцела нейкая апрычына, пахапала людзей, невядома куды іх падзела і трымае без жорстка ўстаноўленых тэрмінаў.

У такіх абставінах мы лічым, што гэта проста адвольнае затрыманьне, і патрабуем вызваленьня ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі, бо так ніхто расьсьледваньне не праводзіць. Нашыя праваахоўнікі могуць толькі лавіць людзей з падушкамі, а не дзейнічаць адпаведна нормам закону".
XS
SM
MD
LG