Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі супраць адмены візавых санкцый


Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі рэкамэндуюць Эўрапейскаму зьвязу не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

У кастрычніку Эўразьвяз зноў мае вярнуцца да пытаньня санкцый. Паводле прадстаўніка аргкамітэта па стварэньні Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Сяргея Лісічонка, у зьвязку з гэтым прадстаўнікі няўрадавых арганізацый падрыхтавалі маніторынг разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі з пункту гледжаньня грамадзянскай супольнасьці і выпрацавалі свае рэкамэндацыі Эўразьвязу.

Старшыня "Беларускага Хэльсінкскага камітэту" Алег Гулак адзначыў, што станоўчыя зьмены ў Беларусі адносна сытуацыі з правамі чалавека "ня носяць сыстэмнага характару". Дагэтуль у Беларусі не адменена сьмяротнае пакараньне, закон аб альтэрнатыўнай службе ў войску толькі распрацоўваецца, артыкул 193-1 крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, не адменены, паведамляе БелаПАН.

Раней лідэры АДС прынялі зварот да міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу. У ім гаворыцца, што аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі просяць Эўразьвяз адкласьці пытаньне аб візавых санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў да завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG