Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты кампаніі «Гавары праўду», якіх не пусьцілі на матч адборачнага цыклю чэмпіянату Эўропы па футболе і на ўчорашнюю хакейную гульню ў Менску, падаюць скаргі ў пракуратуру, а таксама міжнародныя футбольныя і хакейныя арганізацыі.

Вольга Бурневіч была сярод 12 актывістаў кампаніі «Гавары праўду», якіх 9-га верасьня не пусьцілі на хакейны матч «Дынама» Менск — «Тарпэда» Ніжні Ноўгарад, які праходзіў у «Мінск-Арэне». Чорная майка з надпісам «Праўда пераможа!» была на Вользе пад курткай і кофтай, але яе неяк здолелі ўбачыць ахоўнікі на ўваходзе.

«Да жанчын, якія нас мусілі аглядаць, падышоў чалавек у цывільным і сказаў: „Гэтых на асобны кантроль“. Нам сказалі расшпіліць курткі і кофты. Там былі майкі. І ўсё — нас вывелі, а там ужо стаяў АМАП».

Яе майку парэзалі нажніцамі, а потым сарвалі.
Актывістаў завезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі і прымушалі зьняць майкі. Вольга адмовілася — яе майку парэзалі нажніцамі, а потым сарвалі. Квіток на хакей, па якім дзяўчына так і ня трапіла на матч, каштаваў 12 тысяч рублёў. На пытаньне, што яна зьбіралася рабіць на хакеі, дзяўчына казала: «Што і ўсе — падтрымліваць нашых».

Учорашняе здарэньне ў «Мінск-Арэне» было копіяй таго, што адбылося 7 верасьня на футбольнай гульні паміж зборнымі Беларусі і Румыніі. Толькі пацярпелых было болей. Тады каля 40 актывістаў «Гавары праўду» не пусьцілі на менскі стадыён «Дынама» толькі з-за таго, што пад курткамі на іх былі апранутыя такія ж майкі «Праўда пераможа!» Улад Хадзееў, які страціў квіток за 30 тысяч рублёў, згадвае час, праведзены замест стадыёну ў Ленінскім райаддзеле міліцыі:

«Там адзін з нас, Мяцеліца, пытаўся, чаму людзей забралі за майкі? Міліцыянты жартавалі, але па сутнасьці нічога не казалі».

Прэсавы сакратар «Гавары праўду» Юля Рымашэўская кажа, што актывісты будуць дамагацца справядлівасьці:

«Яны будуць падаваць скаргі ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні міліцыі і позвы ў суды аб кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды».

У кампаніі «Гавары праўду» называюць такія дзеяньні «палітычным ціскам» і заяўляюць, што таксама будуць скардзіцца ў ФІФА і УЕФА на Беларукую фэдэрацыю футболу, якая мусіць гарантаваць неўмяшальніцтва ў футбольныя справы з палітычных меркаваньняў. Прэсавы сакратар Фэдэрацыі Уладзімер Несьцяровіч гэтак пракамэнтаваў здарэньне:

«Трэба высьвятляць усе абставіны, як яно было, чаму іх не пусьцілі? Толькі з-за гэтага ці былі іншыя падставы? Я ж ня ведаю. У аматараў футболу адзін пункт гледжаньня; мабыць, у міліцыянтаў другі. Ня ведаю. Калі яны зьбіраюцца скардзіцца, няхай скардзяцца. А які дрэс-код для заўзятараў? Дрэс-код такі ж самы, як і ва ўсім сьвеце: не павінна быць заклікаў экстрэмісцкіх, фашысцкіх, расісцкіх».

Карэспандэнт: «Хіба надпіс „Праўда пераможа!“ — такі заклік»?

«Не, безумоўна. Але паўтару, што ня ведаю ўсіх абставінаў здарэньня, і чаму іх не пусьцілі на стадыён. А камэнтаваць дзеяньні органаў правааховы я не ўпаўнаважаны».

Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі таксама спаслаўся на няведаньне абставінаў здарэньня, гэтак сама як і правілаў, па якіх мусяць апранацца заўзятары на стадыёне:
Закон кажа, што затрымаць можна з пэўных прычын, свавольныя затрыманьні недапушчальныя. Ані паводле нашых законаў, ані законаў эўрапейскіх краін.

«Відаць, гэта найперш пытаньне да Фэдэрацыі футболу, якія там у іх правілы. Скажу праўду, што мне абсалютна невядома, што сказаць на гэтую тэму».

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Чарных аказвае дапамогу пацярпелым заўзятарам. Вось ягоная ацэнка дзеяньняў міліцыі падчас футбольнай гульні 7 верасьня і на хакеі 9 верасьня:

«Міліцыянты затрымлівалі людзей толькі за тое, што на іх былі пэўныя майкі. Закон кажа, што затрымаць можна з пэўных прычын, свавольныя затрыманьні недапушчальныя. Ані паводле нашых законаў, ані законаў эўрапейскіх краін».

У інтэрнэце ёсьць інфармацыя, што міліцыянты падчас футболу паміж зборнымі Беларусі і Румыніі чапляліся таксама і да людзей у майках зь іншымі надпісамі. Прыкладам, праблемы прайсьці на стадыён былі ў заўзятара з Талачына, на якім была майка грамадзкай кампаніі «Наш дом». «Пасьля футболу ў гэтай майцы амапаўцы не пускалі мяне на чыгуначны вакзал», — паведамляе абураны заўзятар.

Паводле газэты «Прессбол», 22% апытаных назвалі «прапускны рэжым» у ліку прычын, з-за якіх яны не пайшлі на стадыён «Дынама» на гульню зборных Беларусі і Румыніі. З васьмі магчымых прычын гэтая была названая другой, пасьля «не было магчымасьці».

У «Гавары праўду» зьбіраюцца таксама скардзіцца ў Кантынэнтальную хакейную лігу, у якой гуляе менскі хакейны клюб «Дынама».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG