Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да выбараў артыкул 193-1 не скасуюць?


Прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі дамагаюцца скасаваньня крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраваных аб’яднаньнях. Днямі яны атрымалі адказ ад міністра юстыцыі.

На пачатку пацяпленьня адносінаў Беларусі з Захадам афіцыйны Менск вуснамі кіраўніцтва Мін’юста абяцаў перавесьці адказнасьць за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях з крымінальнай у адміністрацыйную. Эўразьвяз і шматлікія міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, беларуская апазыцыя і няўрадавыя аб’яднаньні даўно дамагаюцца скасаваньня артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу. Паводле гэтага артыкула, які карае за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, было засуджана 17 чалавек, у тым ліку шэраг актывістаў «Партнэрства», «Маладога фронту», якія адсядзелі ў турмах рэальныя тэрміны. Апошнім часам спраў па гэтым артыкуле амаль няма.

Тым не меней за мінулы год нічога не было зроблена дзеля выкананьня абяцаньня скасаваць гэты рэпрэсіўны артыкул. Чаму?

На гэтае пытаньне прадстаўнікі няўрадавых аб’яднаньняў папрасілі адказаць міністра юстыцыі Віктара Галаванава, запісаўшыся да яго на прыём.

Старшыня Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч пераказвае адказ міністра:

Сяргей Мацкевіч
«Міністар сказаў, што справа цяпер ужо ня ў іх, яны сваё заключэньне далі. Не сказаў, праўда, якое. Па ўскосных прыкметах мы зразумелі, што яны ня супраць дэкрыміналізацыі ўдзелу у незарэгістраванай арганізацыі, гэта значыць, зьняць крымінальную адказнасьць і пакінуць адміністрацыйную. Нас гэта таксама не задавальняе, але гэта было б першым крокам прынамсі».

Высьветліць у самім міністэрстве сутнасьць іх заключэньня, а таксама куды яно было накіраванае, не атрымалася. У любым выпадку ў законапраект гэтая ініцыятыва пакуль не перарасла, на разгляд у Палату прадстаўнікоў не паступіла, — паведаміў «Свабодзе» старшыня камісіі палаты па заканадаўстве Сяргей Самасейка. На пытаньне, ці варта скасаваць адказнасьць за удзел у незарэгістраваных арганізацыях, спадар Самасейка адказаў:

«Справа ў тым, што гэта ўжо даўно мёртвы артыкул».

Тым ня меней, ніхто пакуль ня выступіў з заканадаўчай ініцыятывай аб адмене гэтага артыкула.

Старшыня Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч зазначыў, што трэці сэктар будзе працягваць дамагацца скасаваньня артыкула 193-1, патрабаваць, каб гэтая тэма была абавязковым пунктам у любых перамовах замежных структур зь беларускай уладай.

«Хутчэй за ўсё перад выбарамі гэты артыкул ня будзе адменены (хацелася б памыляцца), таму што ён зьяўляецца яшчэ адным інструмэнтам уладаў для рэпрэсій супраць грамадзкіх актывістаў напярэдадні выбарчай кампаніі. Ну а пасьля выбараў як добры жэст, або каб залагодзіць кепскія выбары, разам з увядзеньнем мараторыю на сьмяротнае пакараньне гэты артыкул можа быць адменены».
Ну а пасьля выбараў як добры жэст, або каб залагодзіць кепскія выбары, разам з увядзеньнем мараторыю на сьмяротнае пакараньне гэты артыкул можа быць адменены.

Асамблея няўрадавых арганізацый, якую прадстаўляе Сяргей Мацкевіч, таксама не зарэгістравана. Тройчы Мін’юст адмаўляў ёй у рэгістрацыі паводле палітычных меркаваньняў. Але да нейкай адказнасьці за гэта не прыцягваюць. Гэта відавочны абсурд, кажа спадар Мацкевіч: і рэгістраваць ня хочуць, і крымінальную адказнасьць за дзейнасьць без рэгістрацыі не скасоўваюць. Сам артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу пакуль што выкарыстоўваецца як інструмэнт запалохваньня актывістаў у пракурорскіх папярэджваньнях.

Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу ўступіў у сілу незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Ён прадугледжвае адказнасьць (штраф, арышт на тэрмін ад шасьці месяцаў да двух гадоў) за дзейнасьць ад імя палітычнай партыі, грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія ня маюць дзяржрэгістрацыі.

Першымі ахвярамі ў лютым 2006 году сталі сябры незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», якія спрабавалі арганізаваць незалежнае назіраньне за падлікам галасоў.

Паводле ацэнак праваабаронцаў, да канца 2009 году за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі было асуджана 17 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG