Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Доме літаратара» Валянцін Акудовіч і Павал Зьмітрук


Новая перадача сэрыі «Дом літаратара». Эфір 4 верасьня


ЛІТПРАЕКТЫ


ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ: «Я ВЫДАМ ПРЫВАТНУЮ БІБЛІЯТЭКУ В. АКУДОВІЧА»


У верасьні менскае прыватнае выдавецтва «Логвінаў» распачынае новы вялікі кніжны праект, у якім плянуе перавыдаць усё лепшае, што было створана ў беларускай літаратуры. Куратар праекту – знаны філёзаф, культуроляг, літаратуразнаўца, пісьменьнік і проста апантаны кнігалюб Валянцін Акудовіч. Пра мэты і маштабы праекту яго распытвала Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Спадар Акудовіч, у вашых намерах выдаць у новым праекце ўсё лепшае зь беларускай літаратуры. Расшыфруйце, калі ласка, што ўключае ў сябе азначэньне «ўсё лепшае»?

Валянцін Акудовіч: «У сваю пару я, як усякі безграшовы чалавек, засынаючы марыў, што зь неба мне зваліцца шмат грошай. І сярод таго, на што я іх патрачу, паўставала думка, што я выдам прыватную бібліятэку В. Акудовіча. Іншымі словамі, я выдам усё тое, што я люблю ў беларускай літаратуры. І тут мне раптам прапануюць зрабіць тое, пра што я мроіў, бо выдавецтва мяне ня надта абмяжоўвае. Разам з тым, я не зьбіраюся зрабіць ніводнага кроку ў канфрантацыю з выдавецтвам, калі тая ці іншая кніжка, той ці іншы аўтар выдавецтву не спадабаецца».

Аксак: «З чаго пачняце, з «Жыція Эўфрасіньні Полацкай»?

Валянцін Акудовіч
Акудовіч:
«А пачынаць мы будзем не са старажытнасьці. І ўвогуле, у нас усё будзе ўразнабой, чысты нейкі постмадэрн: сёньня можа выйсьці Міцкевіч, а наступнай кніжкай можа быць, да прыкладу, «Міколка-паравоз» ці што-небудзь яшчэ такое. Гэта будзе як бы мешаніна, хаця пазыцыі загадзя вызначаныя, проста ўсё будзе залежаць ад таго, на каго будуць грошы і ад шэрагу іншых прычынаў. І ўвесь праект умоўна для нас дзеліцца на два блёкі. Адзін – гэта клясычная літаратура ці літаратура ранейшых часоў і эпох, а другі – літаратура апошніх трыццаці-сарака гадоў. І галоўнае – у адрозьненьне ад акадэмічных выданьняў гэта будзе пакетбук, кішэнная сэрыя. Яна адразу плянуецца на самай таннай паперы з самай просьценькай вокладкай, яе задача – быць лёгка даступнай для шырокага чытача. Задача праекту – ня проста выдаць усе лепшыя кнігі, а задача – імі запоўніць усе кнігарні Беларусі, а магчыма і вялізныя супэрмаркеты».

Аксак: «Значыць, наклады будуць не 1-2 тысячы асобнікаў, якія сёньня лічацца добрымі для беларускіх выданьняў, а 20 ці мо нават 200 тысяч?»

Акудовіч: «Не, у нас і кнігарняў то ня так і шмат, па-мойму, іх дзьвесьце зь нечым. Але ў накладаў гэтага праекту будзе такі прынцып: плянуецца ня разавае выданьне кожнай кнігі праекту, а як толькі яна будзе раскупляцца, то будзе дадрукоўвацца. Гэта значыць, што ўсе пазыцыі праекту будуць ўвесь час прысутнічаць усюды, дзе яны змогуць прысутнічаць».

Аксак: «Вы будзеце друкаваць выбранае пэўнага літаратара, ці гэта будуць тыя творы, якія любіць куратар сэрыі?»

Акудовіч: «У аснове ляжыць перадрук той ці іншай кніжкі. Скажам, я вельмі хацеў перавыдаць «Шлях – 360» і ўгаворваў Алеся Разанава, каб ён даў дазвол на гэта. Бо гэта кніга зь неверагодняй гісторыяй, зь якой вельмі шмат што пачалося ў нашай літаратуры, ня кажучы ўжо пра тое, што зь яе пачаўся Разанаў як клясык і нават больш, чым клясык. Альбо ў Лёні Дранько-Майсюка я прасіў менавіта «Стомленасьць Парыжам». Але ёсьць варыянты, калі мы будзем ісьці па шляху выбранага. У любым выпадку гэта будуць толькі творы, якія ўжо друкаваліся. Яны могуць быць друкаваныя ў розных кніжках, як у выпадку, скажам, з Леанідам Галубовічам гэта будзе адна зь дзьвюх ягоных кніжак: «Таемнасьць агню» і «Апошнія вершы». Ці, як у выпадку з Андрэем Хадановічам, гэта будзе выбранае з усіх ягоных кніг. Выбранае будзе найчасьцей, бо гэта ўсё-ткі ня надта вялікія кніжкі, кішэнныя, недзе па старонак 240-260, але ня больш за 300. І мы ня можам там друкаваць вялікія раманы, «Каласы…» Караткевіча, да прыкладу, ня трапяць па гэтай прычыне ў сэрыю».

Аксак: «Калі ўсё ж выйдзе першая кніжка праекту і хто будзе яе аўтар?»

Акудовіч: «У верасьні будзе адразу выпушчана тры, а магчыма, і пяць кніжак. Сярод гэтых першых дакладна будуць Адам Глобус з кніжкай «Толькі не гавары маёй маме», Ігар Бабкоў з «Адамам Клакоцкім…». Але выбар прозьвішчаў тут ня мае істотнае ролі. Гэта калі б мы пачыналі са старажытнасьці, то выбар першае фігуры быў бы істотным, таму што яна казала б пра стратэгію нашай задумы, а тут ня так – першыя, гэта тыя, хто апынуўся пад рукой раней за іншых. Ня будзе тут ні храналягічнага прынцыпу, ні статуснага, бо нам цікавы не акадэмічны ракурс, нам цікавыя кніжкі і аўтары, якія могуць быць жывыя і актуальныя сёньня. Разам з тым гэта будуць, з нашага гледзішча, і харошыя аўтары, і харошыя кніжкі, вартыя, каб перавыдавацца і бясконца перавыдавацца".

Аксак: «Кастусь Цьвірка, запачаткоўваючы свой грандыёзны выдавецкі праект «Беларускі кнігазбор», у 1997 годзе сказаў, што выдасьць 200 тамоў, якія ахопяць усё лепшае, на ягоную думку, у беларускай літаратуры. У вашым праекце колькі тамоў плянуецца?»

Аксак: «Пачынаючы фармаваць гэты плян, я разагнаўся, а калі ўбачыў, што ў мяне ўжо больш за 150 пазыцый, я зразумеў, што трэба спыніцца. Давайце паглядзім, што ў нас будзе атрымлівацца, бо вельмі тут істотна, ці знойдзем мы партнэраў і менавіта стратэгічных партнэраў. Ясна, што асабліва напачатку гэты праект ніяк ня будзе камэрцыйным. Пакуль што на кожную кніжку шукаюцца грошы, і шукаюцца па самых розных месцах, і нам істотна, паўтараю, знайсьці стратэгічных партнэраў. Дык вось калі праект пакоціцца, і мы выдадзім хаця б кніжак 50, то вы мяне тады запрасіце, і я вам дакладна скажу, колькі надалей яшчэ плянуем».


АЎТАР І ТВОР


ПАВАЛ ЗЬМІТРУК: “ПАЭЗІЯ – ФОРМА ПСЫХІЧНАГА ЗАХВОРВАНЬНЯ”

Павал Зьмітрук – адзін з самых "маўклівых" беларускіх паэтаў. Аўтар адной-адзінай кнігі "Хінжа" (у пяцьдзесят з гакам гадоў), ён не камплексуе з гэтай нагоды і лічыць, што выдыхаць паэзію трэба невялікімі порцыямі. Прыкладам, паэтычную нізку для "Дому літаратара" ён рыхтаваў некалькі гадоў. І вось нарэшце зрыхтаваў. З паэтам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Павал, прызнаюся, мне даспадобы паэты, якія напісалі няшмат, як Анатоль Сыс ці Алег Мінкін – у кожнага набярэцца хіба па томіку вершаў. Ты таксама паэт непладавіты. З чым гэта зьвязана?”

Павал Зьмітрук
Павал Зьмітрук
: “Я таксама пра гэта думаў. Справа ў тым, што мы імкнемся да больш лёгкага жыцьця, а знаходзіцца ў такім стане, у якім пішуцца вершы, вельмі цяжка – доўга не працягнеш. Ты не паверыш, я плачу кожны раз, калі перачытваю свае вершы. Я чытаю іх у такім стане, у якім і пішу”.

Скобла: “Перачытваеш свае вершы і плачаш?”

Зьмітрук: “Я маю на ўвазе – фігуральна. Я чытаю іх у тым жа самым стане, у якім і пісаў, адчуваючы тыя самыя эмоцыі, тыя самыя пачуцьці. Нешта вяртаецца, можа быць ня ў тым аб’ёме, ня ў тым памеры, як гэта было ў хвіліну пісаньня, але тым ня менш”.

Скобла: “А ты не баісься, што паўзы паміж вершамі перарастуць у суцэльнае маўчаньне?”

Зьмітрук: “Не баюся. Але думаю, што такое можа здарыцца. Як Бог дасьць. Я прымаю гэта так: творчасьць прыходзіць, я не магу сябе прымусіць пісаць. Часта блізкія, вельмі блізкія мне людзі просяць напісаць што-небудзь. Я не магу напісаць на заказ, хоць паважаю і люблю гэтых людзей. Я не змагу, нават калі любімая жанчына будзе прасіць. Магу, калі нешта напісалася, потым ужо ёй прысьвяціць, ахвяраваць, падараваць”.

Скобла: “А даводзілася ісьці на такія хітрыкі?”

Зьмітрук: “Пастаянна. З усімі прысьвечанымі вершамі так было. Я прызнаюся, можа быць, хто-небудзь пакрыўдзіцца з тых, каму яны былі ахвяраваныя ў зборніку “Хінжа”, ці ў пэрыёдыцы. Скажу шчыра: верш спачатку пісаўся, а потым ахвяраваўся нейкаму канкрэтнаму чалавеку”.

Скобла: “А для цябе паэзія як хобі, ці гэта нейкая неад’емная частка тваёй душы, твайго жыцьця?”

Зьмітрук: “Для мяне паэзія – як форма псыхічнага захворваньня. Я маю на ўвазе такая спатольная, каханая, жаданая форма, тая, у стане якой знаходзіцца пастаянна немагчыма. Я не разумею паэта, які гаворыць, што кожны дзень прымушае сябе сесьці за стол і напісаць верш. Я так ня ўмею і не магу. Для мяне, калі пішуцца вершы, добрыя ці ня вельмі, душа сыходзіць крывёю, калі зь цябе выплёскваюцца эмоцыі, станоўчыя ці адмоўныя”.

Скобла: “Найчасьцей з тваіх вершаў у інтэрнэце сустракаецца “Памяняйце народ”. А наколькі для паэта цярпіма ці, наадварот, нецярпіма – жыць не ў сваім народзе?”

Зьмітрук: “Я не магу сказаць, што жыву не ў сваім народзе. У вершы – гэта перабольшваньне. Чалавек у хвіліны натхненьня бачыць усё перабольшана. Ён сам перабольшвае. Зь іншага боку, каб сёньня абудзіць некага да нечага, трэба перабольшваць у два разы, на парадак, на два парадкі”.

Скобла: “Я нездарма спытаўся пра гэта, бо тэма “паэт і народ” – вечная. Адны паэты ўслаўлялі народ, можна згадаць таго ж Коласа: “На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ грамадою…”. Другія паэты сьцябалі гэты самы народ розгамі сарказму і сатыры. Як тут не згадаць Купалавага “Прарока” ці ягоных “Тутэйшых”. А якія адносіны ў паэта з народам маюць быць у ідэале?”

Зьмітрук: “У ідэале трэба проста жыць у тым часе і народзе, у якім ты жывеш. Нядаўна я бачыў адзін амэрыканскі фільм, у якім дачка галоўнага героя – шэрыфа – трапляе ў непрыемнасьці з наркотыкамі. Калі ён дапамагае ёй выбрацца з гэтых непрыемнасьцяў, яна просіць прабачэньня, гаворачы: “Я ведаю, што ты мне не даруеш.” На што шэрыф адказвае: “Я цябе люблю, а значыць, люблю ўсё, што ты рабіла, робіш і ўсё, што з табою будзе адбывацца”. Гэтыя словы добра дэманструюць і мае адносіны да блізкага чалавека, да любога чалавека, да сваёй нацыі, што б я там ні казаў. Якім бы ні быў народ, я не зьбіраюся яго хаяць. Народ – гэта я”.

Скобла: “І “пытаньне з аглядкай”. У мінулым “Доме літаратара” перакладчык Павал Касьцюкевіч прызнаўся, што ў яго дома на сьцяне вісіць аўтограф Курта Вонэгута. А чый аўтограф самы каштоўны ў тваёй бібліятэцы?”

Зьмітрук: “Самы каштоўны аўтограф – я назаву толькі адно імя – гэта надпіс Анатоля Сыса на кнізе “Пан Лес”. Ён напісаў: “Пану Зьмітруку ад спадара Сыса”. Памятаю, гэта было падчас нашай сустрэчы на вуліцы Авангарднай, у інтэрнаце, дзе тады жыў паэт”.

ПАВАЛ ЗЬМІТРУК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Братам


У пару ірдзеньняў арабінных
Мы нясем да ганкаў дарагіх
Ад маленства – крыўдаў непазбыўнасьць,
Ад юнацтва – помныя даўгі.

Разумеем, што ня прыйдзе час
Дараваць, ці кленчыць дараваньня...
Й арабінных барваў шкадаваньне
Ледзьве-ледзь спахіліцца да нас.

І зь нявыйснай памяці даўгі,
Можа, нас і ўтнуць калі самотай...
Й арабіннай восеньскай лістотай
Вецер зграе рэквіем магіл.


* * *

...Хто зьлітаваўся з ворага майго –
Мне шчэ ня вораг.

Дурнячым хто свой існы дзень назваў –
Мо, шчэ й ня дурань.

Хто здрадзіць тым, якія здрадзяць мне –
Мне шчэ ня сябра...


* * *

...Ізноў вясна!.. Ізноў непрадказальна –
Куды ты трапіш з гэтаю вясной:
Ці да якой вядзьмаркі абаяльнай,
Ці так куды, але… зь вядзьмаркай той...

Ізноў вясна... Унь, бач, паненка ў сына,
А той кудлаты – друг дачкі мае...
От, шчэ б ня бачыць гэтую краіну
З найнадзвычайнай мудрасьцю яе!..–

Сысьці б куды... забыць, адпрэчыць, кінуць...
На пэнсію... і – каб ня знаць вайну...
Дачку – ў замужжа, маладзічцы – сына...
І да вядзьмаркі... І на ўсю вясну!..


* * *

Ты ёсьць. І ты такі. І ты ўміраеш.
Сусьвету кропля ўмрэ з такім табой.
Ты лёг, як шэры брук у гэтым краі.
Хоць і ня лёг пад нечаю нагой...

Ты ўласнай паміраеш нематою,
Ціхмянасьцю суздромнаю сваёй...
Назваць пакору Вераю сьвятою –
О колькі ж трэба моцы, Божа ж мой!..

О колькі ж трэба невымоўных сілаў,
Каб на знядбанай дзедавай мяжы
Штодня патроху рыць сабе магілу
І – спадзявацца... спадзявацца жыць...


* * *

Наладзьце, настройце, наструньце душу на акорд лістападнага гаю,
Натомлена-сонных прыбраных палеткаў адчуйце матыў,
І песьню, якою чырвоны вячор дагарае,
Прыміце душою як сутнасьць найродных мясьцін.

Мясьцін, на якія ніколі ня мецьмеце права,
Бо грошай, заслугаў – займець каб такое – няма.
І толькі вячор, што ў нябёсах, як песьня, згарае
Над гаем чырвоным – нясплатна аддадзены нам…

* * *

…І ў незнань адчыняюцца вароты,
І ў невараць туманяцца масты,
І ты выводзіш формулу самоты,
І спасьцігаеш форму пустаты.

І спазнаеш уладнасьць несуладзьдзяў,
І Кнігу непазьбежнасьці сваёй
Давершыш ты главою “голос в стаде”.
На жаль, ты не апошні ў ёй герой.

На жаль, ці не на жаль, о Божа правы!..
Начхаць на ўсе “на шчасьце” і “на жаль”,
Зьнябыту сьпёка, прахалода славы –
Усё – няспыннай юхай з-пад нажа,

Якім утнута ніцая Айчына.
Даўно няма агню, ў які ты рухнуў.
Дакуль яму гарэць, палаць дакуль?!

…Замружысься – паркаль перад вачыма,
Што некалі на Сьвяты мела ў куфры
Бабуля Стэпа, лепшая з бабуль…
XS
SM
MD
LG