Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: з крамаў зьнікае масла


Рагачоўскі ММК інфармуе

Рагачоўскі ММК інфармуе

У гомельскіх харчовых крамах розьнічнага гандлёвага цэнтру “Асарці” прадпрыемства “Аблгандальсаюз” пачалі вывешваць аб’явы з тлумачэньнямі, чаму масла паступае ў продаж зь перабоямі.

Тлумачэньне пакупнікам даў пакуль толькі Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат. У прыватнасьці, начальнік упраўленьня забесьпячэньня рэалізацыі прадукцыі спадар Коханаў даслаў на адрас гандлёвага цэнтру “Асарці” факс наступнага зьместу: “ААТ “Рагачоўскі МКК” ня мае магчымасьці адгрузіць вам масла “Сялянскае” тлустасьцю 72,5 працэнта з-за яго адсутнасьці. З 2 жніўня 2010 году цэх па вытворчасьці масла знаходзіцца ў рамонце”.

На Гомельшчыне каля дзесятка малочных заводаў, якія вырабляюць і сьметанковае масла. Аднак у крамах часьцяком ляжыць толькі расьліннае масла альбо шакаляднае.

Сёньня ў гарадзкія крамы завезьлі будэрброднае масла вытворчасьці ПУП “Палескія сыры” з Хойнікаў, якое не карыстаецца попытам.

З прылаўкаў, па сутнасьці, зьнікла масла вытворчасьці Берасьцейскага ААТ “Савушкін прадукт”, Ваўкавыскага ААТ “Беллакт”, Магілеўскага ААТ “Бабуліна крынка”, а таксама менскіх малочных заводаў.

Арганізатары гандлю мяркуюць, што вытворцы масла пераарыентавалі сваю прадукцыю на рынкі суседніх краінаў, і найперш — Расеі.
XS
SM
MD
LG