Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сібірскі блог. Галоўная каштоўнасьць і сьвятыня Сібіры


Аўтар на возеры Арахлей
Аўтар на возеры Арахлей

Карэспандэнт "Свабоды" наведаў Усходнюю Сібір і Забайкальле. Мясьціны, у якія нашыя продкі ехалі не з уласнае волі. У аб’ектыве заключнай часткі фатаблогу зь Сібіры — унікальная прырода гэтага краю.








У байкальскіх лясах, на дарогах, ля рэчак і ў гарах можна сустрэць мясьціны, адзначаныя рознакаляровымі стужкамі, пераважна сінімі. Гэта ахвяры, якія прыносяцца сюды мясцовым насельніцтвам, хоць нейкіх сакральных збудаваньняў тут і няма. Сакральнай тут лічыцца сама прырода, з даўняга часу ў мясцовага насельніцтва існуе звычай сьвяшчэннага шанаваньня прыроды.

Адлюстраваная на гэтым здымку мясьціна знаходзіцца на перавале Ябланавага хрыбта ў Забайкальлі. Мясцовыя людзі яе называюць “Ля бурацкага Бога” і зьвязваюць з дабудысцкімі шаманскімі вераваньнямі буратаў. Ня толькі бураты, але і этнічныя расейцы заўжды спыняюцца на гэтым месцы, вешаюць сваю стужку, пакідаюць манэту, цукерку ці цыгарэту. Тыя ж, хто не спыняецца, часьцяком кідаюць манэту на хаду машыны.


Пэрліна прыроды Сібіры — возера Байкал. Унікальнае, легендарнае, сьвятое. Самае глыбокае і паўнаводнае ў сьвеце. Ваду можна піць проста з возера, яна сапраўды неверагодна смачная і карысная. Эколягі шмат гадоў змагаюцца за чысьціню Байкалу, яны дамагліся спыненьня Байкальскага цэлюлёзна-папяровага камбінату, пераносу маршруту нафтаправоду, які ідзе на Ціхі акіян, далей ад возера. Яны б’юць трывогу і наконт павелічэньня антрапагеннага ціску на возера.


Сотні чыстых і сьцюдзёных рэчак зьбягаюць у Байкал з навакольных гор.


А выцякае з Байкалу толькі адна рака. Затое якая — Ангара, у месцы вытоку яна мае шырыню 863 мэтры. Гэта сусьветны рэкорд.

На Байкале шмат расьлін і рыб, якія сустракаюцца толькі тут і нідзе больш у сьвеце. Жыве тут унікальны від прэснаводных цюленяў — нерпы.


У навакольлях Байкалу шмат мядзьведзяў, ваўкоў і розных іншых зьвяроў. Праўда, звычайнаму турысту найчасьцей трапляюцца бурундучкі.


Травы і кветкі незвычайна ўпрыгожваюць берагі Байкалу, а пахнуць яны непаўторна.


Апрача Байкалу, у Сібіры шмат іншых азёр, меншых, але такіх самых чыстых. Возера Арахлей яшчэ з чатырма вялікімі азёрамі стварае цэлы водны ланцуг на поўначы ад Ябланавага хрыбта.


Берагі Арахлею добра абжытыя мясцовымі жыхарамі. Тут набудавана шмат баз адпачынку, у многіх месцах берагі зьяўляюцца прыватнай уласнасьцю. Бераг возера і тайга навокал, на жаль, засьмечваюцца.


Сібір — перш за ўсё гэта тайга, багатыя на расьлінны і жывёльны сьвет лясы, дагэтуль непраходныя для людзей. Выклікаюць сум шматлікія чыгуначныя саставы зь неапрацаванай драўнінай, якія бягуць з гэтых лясоў па рэйках Транссібірскай магістралі.


Сібір — гэта і стэпы, зь незвычайным разнатраўем, сусьлікамі, казулямі і самымі маленькімі ў сьвеце аленямі — кабаргамі.


Сібір — гэта і балоты, якія могуць шмат кілямэтраў цягнуцца ў нізінных месцах. Сібір — гэта месца здабычы ўрану, золата і іншых рэдкіх мэталаў...



Сібір — гэта і незвычайныя прыгажосьцю горныя масівы, хрыбты, скалы, сопкі, распадкі...

Горная сыбірская ручаіна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00


Напэўна, няма лепшага відовішча для вока і музыкі для вушэй, чым рух і шум вады, якая бяжыць у горнай сібірскай ручаіне. Бураты лічаць такія ручаіны сьвятымі крыніцамі і называюць іх “аршанамі”.

Два тыдні вандровак па Байкале і Ўсходняй Сібіры — вельмі мала, каб пазнаць гэты ўнікальны край. Дастаткова хіба толькі, каб адчуць яго непаўторнасьць і зразумець: Байкал і Сібір зьяўляюцца прыроднымі комплексамі ня толькі расейскага, а і сусьветнага значэньня, помнікамі некранутай за тысячы гадоў першаснай прыроды і падставай для будучага выжываньня чалавецтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG