Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў чакаюць пазбаўленага імунітэту


Віктар Успаскіх
Віктар Успаскіх
Сёньня на запрашэньне афіцыйнага Менску чакаецца візыт сябра Эўрапарлямэнту Віктара Успаскіх. 7 верасьня Эўрапарлямэнт пазбавіў гэтага эўрапарлямэнтара дэпутацкай недатыкальнасьці.

Тое, што эўрапарлямэнтар ад Літвы Віктар Успаскіх наведае Менск на запрашэньне Палаты прадстаўнікоў, пацьвердзіў карэспандэнту "Свабоды" старшыня дэпутацкай міжнароднай камісіі Сяргей Маскевіч. Ён сказаў, што мэтай візыту – “абмеркаваньне розных пытаньняў, якія ёсьць у яго і ў нас”:

“Розныя пытаньні. Мы зь ім ня мелі ніякіх канкрэтных дачыненьняў, таму ёсьць зацікаўленасьць у яго наведаць, ну пазнаёмімся”.

Чакаецца, што Віктар Успаскіх сустрэнецца зь Сяргеем Маскевічам і старшынёй міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Нінай Мазай. Эўрапарлямэнт, як вядома, не прызнае легітымнасьці беларускага парлямэнту. Характарызуючы стасункі паміж Палатай прадстаўнікоў і Эўрапарлямэнтам, Сяргей Маскевіч сказаў:

"Вельмі дрэнныя. Пакуль што ніякага паразуменьня амаль што няма. Таму спадзяемся на пэрспэктыву".

У літоўскай амбасадзе, а таксама ў прадстаўніцтве Эўракамісіі ў Менску пра візыт Віктара Ўспаскіх нічога ня ведаюць. Але аднойчы ён ужо меўся прыехаць у Менск, і таксама на запрашэньне Палаты прадстаўнікоў, аднак візыт не адбыўся.

Яшчэ ў чэрвені мінулага года Генпракуратура Літвы зьвярнулася ў Эўрапарлямэнт з просьбай пазбавіць Успаскага імунітэту. Паводле літоўскіх мэдыяў, спадар Успаскіх са жніўня 2006 году абвінавачваецца па крымінальнай справе аб "чорнай бугальтэрыі" Партыі працы. За гэта яму пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да 4 гадоў.

7 верасьня Эўрапарлямэнт пазбавіў спадара Успаскіх дэпутацкай недатыкальнасьці, і літоўскія праваахоўчыя органы могуць расьсьледаваць справу. Эўрадэпутат заяўляе, што нібыта стаў ахвярай палітычнай расправы ў Літве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG