Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст “Аршанская бітва-2010” адбудзецца 11 верасьня


Памятны камень на полі Аршанскай бітвы

Памятны камень на полі Аршанскай бітвы

Выканаўцы і слухачы зьбіраюцца прыехаць на Крапівенскае поле пад Воршаю, нягледзячы на тое, што некалькі год запар міліцыя спрабавала сарваць імпрэзу.

Сёлета штогадовы бардаўскі фэст адбудзецца ня ў першыя выходныя, як бывала раней, а 11-га верасьня – каб дата імпрэзы была бліжэйшая да ўгодкаў гістарычнай бітвы пад Воршай, якая адбылася 8-га верасьня 1514 году.

Бардаўскі фэст мае адбыцца недалёка ад таго месца, дзе ў 1514 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага перамагло войска Маскоўскага Княства – на беразе рэчкі Крапівенкі каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну.

Недалёка ад гэтай вёскі на памежжы Аршаншчыны і Дубровеншчыны беларускія барды, літаратары і ўсе, хто хацеў трапіць на фэст ды адзначыць слаўную дату ў беларускай гісторыі, зьбіраліся з 1992-га году.

Перад слухачамі ў розныя гады выступілі ці ня ўсе тутэйшыя аўтары-сьпевакі, пачынаючы ад Андрэя Мельнікава, які быў адным з заснавальнікаў фэсту. Імпрэза заўжды праходзіла ў фармаце народнага сьвята – дазволу на яе ў мясцовых уладаў ніхто ніколі не прасіў.

Аднак з 2007-га году аршанская міліцыя ўжо не абмежавалася пасіўным назіраньнем за намётавым гарадком на Крапівенскім полі ды выканаўцамі: было абвешчана, што ў рэчцы Крапівенцы знайшлі міны, і на звыклае месца людзей не прапусьцілі. З таго часу пачаліся штогадовыя міліцэйскія захады, каб не пусьціць людзей на фэст: тых, хто прыехаў, затрымлівалі на аршанскіх вакзалах, адпраўлялі на аўтобусах ужо з паўдарогі да вёскі Гацькаўшчына, кагосьці нават штрафавалі за адсутнасьць флікераў у цёмны час сутак. Тым ня менш хоць і ў “абсечаным” фармаце бардаўскі фэст усё ж адбываўся. І сёлета, кажа адзін з “бацькоў” фэсту “Аршанская бітва”, краязнаўца Юры Копцік, імпрэза абавязкова адбудзецца:

“Нават у 2007-м годзе, калі не было ніякіх каардынатараў, людзі выдатна скаардынаваліся самі. Знайшлі месца, дзе спыніцца. І фэст прайшоў – хоць і ня так маштабна, як раней, але ўсё адбылося. І сёлета ўсё адбудзецца. Крапіўна – рэчка вялікая, месца навокал шмат. І сёлета знойдзем. Як убачым, дзе людзі зьбіраюцца, туды і пойдзем”.

Юры Копцік знарок не называе нейкага месца канкрэтна: ён мяркуе, што ўсе падзеі будуць разьвівацца ў залежнасьці ад канкрэтнай сытуацыі. Калі, як летась, праход і праезд да берагу Крапіўны каля вёскі Гацькаўшчына міліцыянты забароняць, на месцы вырашыцца, куды рушыць далей.

А тое, што нейкія праблемы зь міліцыяй могуць паўстаць, праўдападобна ўжо цяпер: як і летась, у інтэрнэце пачалі зьяўляцца папярэджаньні, што ўдзельнікаў несанкцыянаванай імпрэзы могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Камэнтар такога зьместу ад імя Аршанскага РАУС зьявіўся пад абвесткай пра фэст на інтэрнэт-сайце “Народныя навіны Віцебску”.

У Воршы вырашылі высьветліць, ці існуе нейкі адмысловы міліцэйскі загад наконт сёлетняга магчымага разгону ўдзельнікаў, але з гэтага нічога не атрымалася, распавёў аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак:

“Званілі ў Аршанскі райаддзел, начальніка, на жаль, не знайшлі. А тыя міліцыянты, да якіх дазваніліся, увогуле ня цямілі, пра які загад і пра якую Крапіўну ідзе гаворка. Але ж былі разгоны ў 2007-м і ў 2009-м, таму я параіў бы ўзяць з сабой пашпарт, а таксама флікер. Гэта нейкі татэм для нашых міліцыянтаў! Бо калі няма за што зачапіцца, то пачынаюць чапляцца за гэта: давайце пройдзем, мы вас аштрафуем, ну і гэтак далей”.

Госьці фэсту мусяць самі паклапаціцца пра тое, каб мець запас ежы і – па жаданьні – намёт. Бо імпрэза распачнецца 11-га верасьня каля 18-й. Зазвычай фэст працягваецца да позьняе ночы.
XS
SM
MD
LG