Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ВОБЛАЧНА...


...і ветрана, без ападкаў. Тэмпэратура: 10-17 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Дэбаты беларускіх маладзёвых арганізацый на тэму стратэгіі ў прэзыдэнцкай кампаніі. Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар, пр. газэты "Праўда", 11. Пачатак а 19.30.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Рызе пачынаецца двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная рэгіянальнай бясьпецы.

У Мурманску прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін сустракаецца з кіраўніком ураду Нарвэгіі Енсам Стольтэнбэргам.

У Брусэлі пачынаецца нефармальная двухдзённая сустрэча міністраў замежных справаў Эўразьвязу.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1886 нарадзілася амэрыканская пісьменьніца Хілда Дулітл (пам. 1961). Разам з паэтамі Эзрам Паўндам і Рычардам Олдынгтанам Дулітл заснавала авангардны паэтычны рух "імажыстаў". Яна — культавая постаць і ікона абаронцаў правоў сэксуальных меншасьцяў (Дулітл была лесьбіянкай і не скрывала сваёй сэксуальнай арыентацыі).

У 1890 нарадзіўся аўстрыйска-чэскі пісьменьнік Франц Вэрфэль (пам. 1945).

У 1937 савецкія карныя ворганы расстралялі беларускага палітыка Язэпа Мамоньку. Мамонька быў сябрам прэзыдыюму Рады БНР і арганізатарам беларускай партыі эсэраў. Да канца жыцьця ён ня мог даць веры ў тое, што ягоны беларускі патрыятызм – гэта злачынства супраць савецкай улады. Першы раз ГПУ арыштавала Мамоньку яшчэ ў 1921-м. Праз год турмы яго саслалі ў Казань, адкуль ён уцёк у Коўна, а пасьля ў Прагу. У Празе Мамонька ня ўседзеў – надта хацеў у Беларусь. У 1928 годзе ён атрымаў дазвол на вяртаньне ў БССР, але ўжо на мяжы быў арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў канцлягеру. Аднак і гэтага пакараньня для беларускага палітыка савецкай уладзе падалося мала. 10 верасьня 1937 году Мамоньку расстралялі.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Міжнародны дзень прадухіленьня самагубстваў.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Чалавек, які выпусьціў Освальда".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Ёсьць толькі адна па-сапраўднаму філязофская праблема — праблема самагубства. Вырашыць, ці жыцьцё вартае таго, каб яго пражыць, значыць адказаць на фундамэнтальнае пытаньне філязофіі", — Альбэр Камю.
XS
SM
MD
LG